Калі перамога – не сюрпрыз. Ляхавіцкія творчыя калектывы ў ліку пераможцаў III Міжнароднага фестывалю творчасці «Белавежская зорка»

Творчасць гэтага харэаграфічнага калектыву добра знаёма ляхавічанам: яго танцавальныя кампазіцыі ўпрыгожваюць розныя святы і мерапрыемствы. Таленавітыя, пластычныя і артыстычныя –менавіта такія выхаванцы «Сюрпрызу».

Высокую ацэнку свайго таленту рабяты атрымалі на чарговым конкурсе. Калектыў прыняў удзел у III Міжнародным фестывалі творчасці «Белавежская зорка», які праходзіў у анлайн-фармаце.

На суд журы калектыў прадставіў тры танцавальныя кампазіцыі ў розных жанрах. І ўсе тры ўдастоіліся дыпломаў. Дыпломам III ступені юныя танцоры ўзнагароджаны за танец «Згубны палон цішыні». Пад уражаннем члены журы засталіся і ад народнага танца «Маталіха» ў выкананні ляхавіцкага калектыву – за яго рабяты атрымалі дыплом II ступені. Меладычны, далікатны і пяшчотны – менавіта такім прадставілі танец «Кветка жыцця» выхаванцы «Сюрпрызу». У выніку – дыплом I ступені.

Не засталіся без узнагарод і выкладчыкі. За асабісты ўклад у культурнае, маральнае і эстэтычнае выхаванне падрастаючага пакалення падзякамі конкурсу адзначаны педагогі Алеся Груша і Таццяна Яўсей.

Дарэчы, вызначыліся ляхавічане і яшчэ ў адной намінацыі. Народная арт-група «ВІНС-акорд» атрымала дыплом II ступені за выкананне кампазіцыі «Унісон сэрцаў».

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фото ГУО «Ляховичская детская школа искусств».