Два ў адным. Чарговая сесія Ляхавіцкага райсавета дэпутатаў прайшла ў тандэме з пасяджэннем райвыканкама

Чарговая сесія райсавета дэпутатаў прайшла ў тандэме з пасяджэннем райвыканкама. Ці варта гаварыць, што для абедзвюх галін улады гэта быў фінішны ў 2020-м  поўнафарматны збор? Павестку пасяджэння «два ў адным» фарміравалі 17 рознай велічыні, важнасці і значнасці пытанняў. Але нягледзячы на глыбіню павесткі, сход не зацягнуўся – прайшоў аператыўна, «чытаўся» настрой залы і па ўсіх пазіцыях завяршыўся вынікова.

Заўсёды нашы
З надзённага і пачнём – з «Нашых дзяцей». Рэспубліканская акцыя пад такой назвай крочыць па краіне (і раёне, зразумела) не першы ўжо тыдзень – стартавала 10 снежня. Думаецца, дэвізам феерычнага мерапрыемства магло б стаць кароткае, простае, зразумелае, аднак глыбокае – твары дабро дзецям. Усім і кожнаму, калі ў ідэале, аднак, памятаючы і пра тое, што ўсе мы розныя і нашы магчымасці неаднолькавыя. А Новы год адзін і здараецца ўсяго раз у 365 дзён: павінен падняць настрой, падбадзёрыць, падсаладзіць святочныя і не толькі дні свайго пачатку. За колькі часу да пачатку сесіі-выканкама ў фае Дома Саветаў не было межаў крэатыву – разгорнутая тут у працяг акцыі «Нашы дзеці» выстава-продаж
«У дабра няма межаў» насіла прэзентатыўна-дабрачынны характар. Дараўскія Дом рамёстваў і сельскі Дом культуры, некаторыя іншыя ўстановы культуры раёна, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, райпо прэзентавалі шаноўнай публіцы свой тавар. Аснову асартыменту складалі тэматычныя сувеніры. Часта  аўтарскія, выкананыя з выкарыстаннем ці на падставе простых і звыклых кожнаму матэрыялаў, якія, тым не менш, адрозніваліся многімі незвычайнасцямі. Напрыклад, практычнасцю, арыгінальнасцю ліній і дызайнерскіх рашэнняў, тэхнікай выканання, іншым. «Ручны» тавар можна было браць у рукі. А пажадана – купляць, некаторы час любавацца, паколькі было чым, і папаўняць ім адмысловы дабрачынны кошык. Здаецца, у гэтым і заключана асаблівая цеплыня падарунка, яго бязмежныя магчымасці – зроблены ўласнымі рукамі і з душой. Як паведамілі ў аддзеле па адукацыі райвыканкама, сабраныя ў рамках акцыі  «У дабра няма межаў» рэчы сталі навагоднімі падарункамі яшчэ некаторым з нашых юных землякоў. Але ж вы памятайце – акцыя «Нашы дзеці» працягваецца.

23-ці раз
Для дэпутатаў раённага Савета цяперашняга склікання нядаўняя сесія стала ўжо дваццаць трэцяй. З прапанаванага да разгляду на дэпутацкім узроўні засяродзімся на галоўным, праграмным нават. Сесія сказала сваё так падрыхтаванаму і прадстаўленаму райвыканкамам праекту прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіччыны на 2021 год. Размова, яшчэ раз засяродзімся на даным факце, ідзе іменна пра праект. Фінальную рэдакцыю да-кумент атрымае на наступнай, ужо лютаўскай сесіі райсавета, калі «паспеюць» усе неабходныя для таго даныя 2020 года.
Сесіяй таксама прыняты бюджэт раёна на 2021 год.
Як прагучала ў ходзе выступленняў, «бюджэтная палітыка ў 2021 годзе будзе  накіравана на забеспячэнне збалансаванасці і ўстойлівасці бюджэту, узмацненне яго сацыяльнай накіраванасці, своечасовае і поўнае выкананне запазычанасцяў, а таксама на канцэнтрацыю фінансавых рэсурсаў на прыярытэтных накірунках сацыяльна-эканамічнага развіцця» (поўны расклад – у адным з нумароў «ЛВ»).

Свяціца  імя яе
Гэта пытанне сабе ў павестку дэпутаты дапісалі дадаткова, ужо на пачатку сесіі – «аб мерах, што прымаюцца па прыцягненні ў абарот земляў, размешчаных непадалёку вёскі Свяціцы». Пра тое, што свяціцкія землі неабходна «перазапусціць» гаворыцца многа, многімі, часта і на розных узроўнях. Былога і на той час даволі маштабнага сельгаспрадпрыемства не існуе паўтара дзясятка, а то і больш гадоў. Колішнія «ўсходаўскія» землі часткова выкарыстоўваліся і выкарыстоўваюцца. Зараз, напрыклад, пад рознага кшталту раслінаводчыя праекты аддадзена больш за дзве тысячы свяціцкіх зямельных угоддзяў. Але застаецца 1750 гектараў, якія выкарыстоўваюцца не- эфектыўна. Павінна быць наадварот, пра пазіцыю на гэты конт выканаўчай улады гаварыў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран. Прынцыповая пазіцыя райвыканкама – на свяціцкіх гектарах неабходна развіваць жывёлагадоўлю. І, як высветлілася, ёсць ужо некаторыя напрацоўкі ў азначаным накірунку.
У Свяціцы і на перыферыі вёскі знаходзіцца нямала некалі жывёлагадоўчых аб’ектаў. Многія неліквід, але ёсць і такія, што за кароткі час і прымальныя грошы могуць быць адбудаваны пад пастаноўку жывёлы. Як спрагназаваў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, магчыма вясною атрымаецца падрыхтаваць пад пастаноўку жывёлы пару памяшканняў.
Свяціцкі праект дэпутаты падтрымалі, а значыць, далі зялёнае святло на яго ажыццяўленне. Выключна «за» выказаліся начальнік райсельгасхарчу, старшыня Крывошынскага сельвыканкама.
Як адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса, «да гэтага пытання мы вернемся падчас наступнай сесіі ўжо канкрэтна, а галоўная ўмова для магчымых інвестараў – стварэнне новых працоўных месцаў для жыхароў Свяціцы, Навасёлак і Залужжа».

Іван КАВАЛЕНКА.