Ад сесіі да сесіі . Дваццаць трэцяя сесія падсумоўвала важныя пытанні адносна функцыянавання Ляхавіцкага раёна

Тыдзень часу. Іменна такі рытм работы задалі сабе дэпутаты напрыканцы старога – у самым пачатку новага года. Дваццаць трэцяя сесія падсумоўвала важныя пытанні адносна функцыянавання раёна ў старым годзе,  таксама на сумесным з выканкамам пасяджэнні быў прыняты галоўны фінансавы дакумент і зацверджаны прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2021-ы. Наступны пленарны дэпутацкі збор адбыўся ўжо ў адзін з першых працоўных дзён 2021-га

Парадак дня сесіі фарміравалі два пытанні: аб выбранні ўдзельнікаў шостага Усебеларускага народнага сходу і ўзгадненні продажу КСУП «Ліпнянка» як маёмаснага комплексу.

Наш выбар
Да галоўнай грамадска-палітычнай падзеі года з пункта гледжання функцыянавання і развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку застаецца менш за месяц часу.
У Палацы Незалежнасці ў сумесным пасяджэнні збяруцца прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, вышэйшых органаў улады. З пункта гледжання навукі-практыкі падобнага кшталту сходы – ёсць адна з формаў прамой ці вышэйшай дэмакратыі. Агульная колькасць удзельнікаў і запрошаных асоб шостага Усебеларускага народнага сходу павінна скласці 2700 чалавек. Ад абласцей краіны і яе сталіцы Мінска ўдзельнікі форуму выбіраюцца з улікам нормаў прадстаўніцтва раённымі (гарадскімі) Саветамі дэпутатаў і найбольш уплывовымі (шматлікімі) грамадскімі аб’яднаннямі. Пры гэтым ад вобласці стаць удзельнікамі форуму могуць не больш за 310 чалавек. Ляхавіччыну на Усебеларускім сходзе будуць прадстаўляць шэсць чалавек.
5 студзеня дваццаць чацвёртая сесія райсавета дэпутатаў сваім рашэннем зацвердзіла імёны нашых землякоў – прадстаўнікоў Ляхавіччыны на шостым Усебеларускім. Наша квота на форуме – 6 чалавек. Дэпутаты райсавета маюць права вызначыцца з асобамі чатырох асноўных дэлегатаў на шосты Усебеларускі і двума
рэзервовымі, на выпадак, калі нехта з першых у азначаныя дні па ўважлівай прычыне не зможа адправіцца ў Мінск. Што і было аднагалосна зроблена. Прагучалі кароткія характарыстыкі-падтрымкі ў адрас кожнага з абраных.
У ходзе абмеркавання пытання «аб дэлегатах» старшыня райвыканкама Мікалай Мароз адзначыў: вызначаная раёну квота невялікая, а вартых знаходзіцца сярод дэлегатаў сходу нямала. Але гэта павінны быць лепшыя людзі зямлі ляхавіцкай, здольныя варта прадставіць раён на форуме пяцігоддзя. А па прыездзе дамоў – данесці калегам-землякам сутнасць прынятых у сталіцы рашэнняў, настрой і атмасферу сходу.

Іван КАВАЛЕНКА.

.