Галоўнае – верыць у лепшае. Такое жыццёвае крэда ў нашай зямлячкі Надзеі Патапчык, якая ў якасці дэлегата ад Ляхавіцкага раёна прыме ўдзел у шостым Усебеларускім народным сходзе

Фота з архіва «ЛВ»

З верай і любоўю ідзе па жыцці наша зямлячка Надзея Патапчык – чалавек адкрытай і шчырай душы. Яна выдатная гаспадыня, руплівы работнік, любімая і любячая матуля, клапатлівая бабуля, надзейная сяброўка, а яшчэ патрыёт, які бязмежна адданы і сваёй малой радзіме – Ляхавіччыне, а дакладней, вёсцы Бенькаўцы, і сінявокай Беларусі. Толькі апантаны, творчы чалавек можа так захапляцца роднай мовай. Яна пабывала ў большасці сталіцах святкавання Дня беларускага пісьменства.
– З задавальненнем размаўляю на беларускай мове. Лічу, што няма ў свеце лепшай краіны, чым наша Беларусь – моцная і міралюбівая, гасцінная і прывабная для турыстаў, – гаворыць Надзея Патапчык.
За якую справу яна ні бярэцца – усё атрымліваецца толькі з клічнікам. Калі не выйшла з першай спробы пакарыць адзін са сталічных інстытутаў, учарашняя выпускніца Востраўскай школы Надзея ўладкавалася працаваць токарам на Мінскі падшыпнікавы завод. Спраўлялася так, што мужчыны зайздросцілі.
Але ж лёс унёс свае карэктывы: памерла маці, таму Надзея вярнулася ў родную вёску Бенькаўцы, каб дапамагаць бацьку. Атрымала завочна вышэйшую педагагічную адукацыю ў Брэсцкім педінстытуце імя А. С. Пушкіна. Настаўнічала ў Малагарадзішчанскай школе, узначальвала Галаўнінскі дзіцячы садок. І заўжды яна карысталася павагай калег, а як любілі яе дзеці!
У 1989 годзе Надзеі Пятроўне прапанавалі пасаду начальніка аздараўленчага лагера «Чайка». Гэта была сапраўды лёсавызначальная падзея ў яе жыцці. Маляўнічы куточак каля Галаўнінцаў стаў на больш чым чвэрць стагоддзя другім домам і для Надзеі Патапчык. Усю сваю энергію, натхненне, сілу і бязмежную любоў яна ўкладвала, каб летнік з кожным годам станавіўся яшчэ больш утульным і добраўпарадкаваным. Так і атрымалася. Наша «Чайка» прызнавалася пераможцай абласнога конкурсу сярод загарадных аздараўленчых лагераў. Але галоўная ўзнагарода і для Надзеі Пятроўны, і для ўсяго калектыву летніка – такія шчырыя водгукі шматлікіх выхаванцаў, якія год за годам спяшаліся сюды за запамінальным адпачынкам.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Надзея Патапчык нядоўга змагла без работы. Яна зрабіла круты паварот у сваёй прафесійнай біяграфіі. Амаль пяць гадоў, як  Надзея Пятроўна – загадчык МТФ «Бенькаўцы» ЗАТ «Белпрампрыбор». З пяшчотай і дабрынёй клапоціцца пра рагуль.
– Надзея Пятроўна – сапраўдная знаходка для нашага сельгаспрадпрыемства. Умее знайсці падыход да людзей, змагла згуртаваць вакол сябе калектыў, таму работнікі фермы маюць высокія вытворчыя паказчыкі. Зарэкамендавала сябе і як профі ў сельскай гаспадарцы, – сцвярджае намеснік дырэктара
ЗАТ «Белпрампрыбор» Андрэй Вараб’ёў.
Актыўная грамадзянская пазіцыя – гэта таксама пра Надзею Патапчык. Яе аўтарытэт сярод вяскоўцаў высокі, заслужаны і апраўданы. Нездарма, без малога 30 гадоў, жыхары Бенькаўцаў выбіраюць яе сваім старастам. Прычым тон руплівая гаспадыня задае ўласным прыкладам. Яе прысядзібны ўчастак – узор добраўпарадкавання. Некалькі гадоў назад Надзея Патапчык стала адным з пераможцаў штогадовага абласнога конкурсу сярод сельскіх, пасялковых, гарадскіх Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання па рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва.
– Я шчаслівая! Займаюся патрэбнай справай. Я вельмі багатая: галоўная каштоўнасць – мае сыночкі Сяргей і Яўгеній і іх сем’і, мае родныя і блізкія. Хачу, каб усё ў іх ладзіла-ся, – зазначае Надзея
Патапчык.

Галіна КАНЬКО.

Фота з  архіва «ЛВ»