А пачыналася ўсё ў Ляхавічах. 15 студзеня Ляхавіцкі раён адзначыць 81-ы дзень нараджэння. Свой уклад у росквіт Ляхавіччыны ўнесла і сям’я Кіслых

Усё як у знакамітым савецкім хіце: зайшла, зірнула на яго сваімі вялікімі прыгожымі вачыма і… прапаў юнак, закахаўся з першага погляду. Сімпатыя аказалася ўзаемнай. Такой была першая сустрэча настаўніцы матэматыкі Ліпскай школы і трэнера па гандболе. А праз некалькі месяцаў 25 сакавіка 1967 года ў загсе быў зарэгістраваны шлюб Юрыя і Ніны Кіслых. І яшчэ на адну пару маладажонаў у Ляхавічах стала больш. Вось ужо 54 гады запар яны ідуць па жыцці разам. Іх сям’я дружная і цяпер вялікая – муж, жонка, сын, дачка, нявестка, зяць, трое ўнукаў і праўнучка.
У ліпені 2017 года, калі ў ГДК шыкоўна адзначалі 525-годдзе Ляхавічаў, моцнымі апладысментамі сустракалі тады залатых маладажонаў – Ніну і Юрыя Кіслых! Такая пашана і павага зразумелыя: кожны з іх унёс свой уклад у росквіт нашага раёна, у прыватнасці, у галіне спорту і па выхаванні падрастаючага пакалення.


– Нарадзіўся я і закончыў школу ў горадзе Хмяльніцкім Украінскай ССР, службу ў арміі праходзіў у Брэсце.
Атрымаў дыплом Гомельскага педінстытута і па размеркаванні паехаў у Ляхавічы, дзе стаў выкладаць фізкультуру і працаваць трэнерам па гандболе. За 55 гадоў горад на рацэ Ведзьме стаў для мяне родным, самым утульным і прыгожым месцам, – гаворыць Юрый Захаравіч.
Па яго ўспамінах можна адсачыць такі славуты шлях ляхавіцкай гандбольнай школы. Гэта ён сказаў сваё важкае слова ў спартыўнай гісторыі Ляхавіччыны, яго вучні праслаўлялі раён спартыўнымі перамогамі. Юрый Кіслы стаяў ля вытокаў будаўніцтва дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы (працаваў у ёй і трэніраваў хлопчыкаў і дзяўчынак на працягу трох дзесяцігоддзяў). Быў
першым трэнерам будучых спартыўных зорачак, якія паспяхова абаранялі гонар раёна ў складзе каманд вобласці і краіны. Толькі адзін факт для прыкладу: некалькі гадоў запар у абласной спартакіядзе каманда юных ляхавічанак нікому не аддавала першынство. Неаднойчы трэнера Кіслага запрашалі ўзначаліць каманды не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, аднак адказ заўжды быў аднолькава адмоўны.
– Адназначна, у сённяшніх рабят куды больш магчымасцей для заняткаў спортам. Памятаю, як радаваліся і дарослыя, і дзеці, калі адкрылася ДЮСШ. Да гэтага ж гандболам, напрыклад, да пачатку зімы займаліся на вуліцы, – узгадвае Юрый Кіслы.
Захапленне гандболам ад бацькі перадалося і дзецям: «дагуляліся» да зборных вобласці. Але ж сын стаў ваенным, зараз працуе на мытні, дачка – урач. Дзеці з сем’ямі жывуць у Баранавічах, але не забываюць і бацькоўскі дом, часта прыязджаюць і заўжды на сувязі.
Для Ніны Іванаўны (яна родам з Клецкага раёна) знаёмства з Ляхавіччынай пачалося ў 1965 годзе, калі выпускніца Мінскага педагагічнага інстытута пачала сваю працоўную біяграфію (яе агульны педагагічны стаж – 43 гады) настаўніцай матэматыкі ў Ліпскай школе.
– Ляхавічы ў 60-я гады мінулага стагоддзя былі зусім непадобныя на сённяшні горад. Шматпавярховыя будынкі можна было па пальцах пералічыць. Вельмі запомнілася, што замест цяперашняй аўтастанцыі стаяла невялікая будка з надпісам «каса», дзе прадавалі білеты на аўтобус. Што тычыцца Ліпскай школы, то тады там вучылася шмат дзяцей. У Ліпску я працавала два гады, потым яшчэ сем гадоў выкладала матэматыку ў СШ № 1.
Вызначальным у прафесіі стаў 1975 год, тады ўладкавалася ў Ляхавіцкі саўгас-тэхнікум, сем гадоў дапамагала спасцігаць навучэнцам матэматыку, а потым 23 гады была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, – дзеліцца Ніна Кіслая.
Для шматлікіх вучняў Ніна Іванаўна была выдатным настаўнікам, шчырым дарадчыкам.
– У 80-я гады ў саўгасе-тэхнікуме вучыліся каля 1200 навучэнцаў. На аднаго выхавальніка ў інтэрнаце прыходзілася да 300 рабят. У нас быў дружны, зладжаны калектыў выкладчыкаў і выхавальнікаў, таму спраўляліся, – упэўнена Ніна Іванаўна.
У чым жа сакрэт сямейнага доўгажыхарства?
– Галоўнае – любіць, паважаць, умець дараваць і крыўды, і пэўныя слабасці сваіх палавінак, знаходзіць кампраміс. Абавязкова верыць у лепшае, – сцвярджае прыгожая палова сям’і Кіслых.
А яе муж дадае:
– А яшчэ важна жыць з пазітывам і добрым настроем, дапамагаць адзін аднаму, не дзяліць абавязкі на мужчынскія і жаночыя, гаварыць ласкавыя словы і бачыць радасць нават у дробязях.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з сямейнага архіва сям’і Кіслых.