Гэта і ёсць патрыятызм

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 студзеня ўручыў прэміі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва і прэміі «Беларускі спартыўны Алімп». Мерапрыемства прайшло ў Палацы Рэспублікі

Гэты вечар Кіраўнік дзяржавы назваў надзвычайным. «Мы ўжо ўвайшлі ў дзелавы рытм новага года, але яшчэ знаходзімся ў атмасферы светлых і добрых навагодніх, калядных свят. У атмасферы, якая шмат гадоў назад натхніла нас на стварэнне ўнікальнай прэміі «За духоўнае адраджэнне», – адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цырымонія ўручэння гэтай прэміі – адна з галоўных падзей года. Яна трывала ўвайшла ў жыццё беларусаў як сучасная традыцыя, якая звязвае мінулае і сучаснае роднай зямлі, напаўняе асаблівым сэнсам мэты і памкненні грамадзян, адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
«З году ў год такія сустрэчы аб’ядноўваюць нас у самых лепшых і шчырых пачуццях: гонару за дастойных людзей, удзячнасці за міласэрнасць і дабрыню, мужнасць і гераізм, пакланення перад творчасцю і талентам нашых суайчыннікаў. Мы, беларусы, народ з прыгожай душой. Я думаю пра гэта кожны раз, калі вывучаю гісторыі поспеху і падпісваю дакументы аб узнагароджанні. Думаю, мы з Уладыкам (мітрапалітам Веніямінам. – Заўвага БЕЛТА) мыслім у гэты час аднолькава. За кожным прафесійным або асабістым дасягненнем стаяць у першую чаргу працавітыя і сумленныя людзі. Людзі, якія цалкам аддаюць сябе сваёй місіі, жывуць і працуюць на карысць роднай  краіны і народа. Гэта і ёсць патрыятызм», – заявіў Прэзідэнт.
Ён, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, вызначаецца ў любві да дзяцей і бескарыслівым імкненні акружыць клопатам тых, каго лёс пазбавіў мацярынскай ласкі, у самаадданай барацьбе за жыццё і здароўе людзей, у беражлівым стаўленні да культурнага здабытку нацыі, спрадвечных традыцый і духоўных каштоўнасцей беларусаў. «У абароне гістарычнай праўды, памяці герояў нашай зямлі, інфармацыйнага суверэнітэту краіны. У выхаванні маладых беларусаў у любві да сваёй краіны і гонары за сваіх продкаў, у спартыўных перамогах на славу Беларусі», – дадаў  Кіраўнік дзяржавы.

Лаўрэатаў прэмій Прэзідэнт Беларусі назваў гонарам нацыі. Паводле яго слоў, менавіта такія людзі пішуць гісторыю. «Такія добрыя справы і пачынанні, як вашы, застаюцца ў памяці народа, даюць будучым пакаленням маральны і духоўны арыенцір, вядуць да новых высокіх мэт. І летапіс жыцця беларусаў прадаўжаецца», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Сёння, калі свет становіцца ўсё больш агрэсіўным, асабліва важна цвёрда стаяць на сваёй зямлі, помніць, што тут стагоддзямі жыў беларускі народ і будзе жыць, адчуваць сябе адным цэлым з пакаленнямі розных эпох, разумець, што ў нас ёсць свой шлях. Яго пачыналі вялікія людзі, мы яго прадаўжаем, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. – І ведаючы, праз якія выпрабаванні праходзілі нашы продкі, як гераічна адстойвалі сваю зямлю ў войнах, як, не маючы дзяржаўнасці, захавалі культурныя традыцыі і духоўныя каштоўнасці, мы бачым галоўнае».
На час цырымоніі на сцэну Палаца Рэспублікі вынеслі нацыянальныя рэліквіі Беларусі – копію Крыжа Ефрасінні Полацкай і адноўлены нядаўна Тураўскі крыж.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што лепшыя рысы нацыянальнага характару беларусаў – дабрыня і спагада, працавітасць і мэтанакіраванасць, адвага і самаадданасць, наватарства і геніяльнасць – ёсць у кожным.
«Менавіта такім, сапраўдным героем Беларусі, шчырым і адкрытым быў наш уладыка Філарэт, якога мы, на жаль, страцілі. Ён стаяў ля вытокаў нашага сённяшняга свята, асабіста падтрымліваючы ўсіх лаўрэатаў сваім благаславеннем», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гісторыі Беларусі мітрапаліт Філарэт назаўсёды застанецца прыкладам самаадданага служэння хрысціянскім каштоўнасцям, якія аб’ядноўваюць беларусаў.
Памяць мітрапаліта Філарэта ў час цырымоніі ўшанавалі мінутай маўчання.
У час цырымоніі Кіраўнік дзяржавы вырашыў зрабіць адступленне, як адзначыў ён, на злобу дня. Ён нагадаў, што напярэдадні адбы-
ліся перагаворы з кіраўніцтвам Міжнароднай федэрацыі хакея. На іх абмяркоўваліся пытанні арганізацыі ў гэтым годзе чэмпіянату свету.
Паводле яго слоў, у перагаворах з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазелем бакі сышліся на адным: спорт павінен аб’ядноўваць, а не раз’ядноўваць.
«Упэўнены, што наша Беларусь, прыгожая, гасцінная і бяспечная, – лепшае месца, якое можна знайсці для ажыццяўлення ідэй алімпізму, культурных ідэй. І мы гатовы гэта зрабіць, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. – Яшчэ раз падкрэсліваю: гатовы весці ў гэтым плане дыялог з любымі сіламі, апазіцыйнымі, не апазіцыйнымі, якія будуць працаваць на тое, каб у краіне было лепш. Нельга пабудаваць краіну і нават у Беларусі ўзяць уладу, грунтуючыся на разбурэнні. Беларусы не пацерпяць адкату назад, разбурэння. А потым, як нам абяцаюць, мы ўсё гэта пераадолеем і станем багатымі – так нідзе не было і не будзе. Суседнія прыклады сведчаць аб адваротным».
Па матэрыялах БЕЛТА.