Кватэра для вялікай сям’і. У Ляхавіцкім раёне грамадскія прыёмныя працягваюць сваю работу

Использована иллюстрация

У панядзелак на сувязі з землякамі была начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Вольга Дарашкевіч

Сваё пытанне адрасавала жыхарка раёна, якая з мужам гадуе двух дзяцей і чакае трэцяе. Сям’я павялічыцца, значыць, узнікне неабходнасць у пашырэнні жылплошчы. Жанчына пацікавілася, на якую дзяржпадтрымку яны могуць разлічваць у пытанні паляпшэнне жыллёвых умоў.
Зручнасць грамадскіх прыёмных у тым, што адказ на пытанне можа даць не толькі той, хто ў кантактны дзень знаходзіцца на «дзяжурстве», але і іншая кампетэнтная асоба, якая курыруе тую ці іншую сферу.
Як растлумачыла начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марына Завадская, сёння мнагадзетныя сем’і, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, маюць права на атрыманне крэдыту (прадастаўляецца на льготных умовах) і субсідыі на набыццё, будаўніцтва (рэканструкцыю) жылля. На гэтыя мэты можна выкарыстаць сямейны капітал, у тым ліку датэрмінова, атрымаць бясплатна зямельны ўчастак на будаўніцтва дома. Калі папярэднія варыянты не падыходзяць, то сям’я, дзе выхоўваецца трое і больш дзяцей, можа атрымаць жыллё сацыяльнага карыстання.
Наконт крэдыту. На падставе рашэння райвыканкама, у адпаведнасці з заканадаўствам, мнагадзетным сем’ям выдаецца субсідыя на пагашэнне асноўнага доўгу крэдыту і часткі працэнтаў. Для мнагадзетнай сям’і субсідыя на пагашэнне часткі працэнтаў крэдыту з трыма непаўналетнімі складаецца са стаўкі рэфінансавання плюс два працэнты (калі меншая працэнтная стаўка не ўстаноўлена ў дагаворы), з чатырма дзецьмі – стаўка рэфінансавання плюс тры працэнты.
З трыма і больш дзецьмі ва ўзросце да 23 гадоў – стаўка рэфінансавання плюс два працэнты. Прычым пры змяненні складу сям’і памер субсідыі пералічваецца. Памер субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу для мнагадзетных з трыма непаўналетнімі складае 95 працэнтаў асноўнага доўгу па крэдыце, з чатырма дзецьмі – сто працэнтаў.
На будаўніцтва, рэканструкцыю і набыццё жылля крэдыт такім сем’ям выдаецца тэрмінам да 40 гадоў пад адзін працэнт гадавых. Заканадаўствам не прадугледжана дзяленне паміж жыллём, якое набываецца ў новабудоўлях ці так званае старое. Аднак, варта ведаць, што пры набыцці кватэры ці жылога дома на другасным рынку сума крэдыту будзе абмежавана велічынёй ацэначнага кошту набываемага жылля. Ён у большасці выпадкаў значна ніжэйшы яго рыначнага кошту.
Варта ведаць, што ў спісы на атрыманне льготных крэдытаў на набыццё жылых памяшканняў грамадзяне ўключаюцца ў тым выпадку, калі ў гэтым населеным пункце не вядзецца будаўніцтва жылых дамоў шляхам долевага ўдзелу ці арганізацыямі забудоўшчыкаў, створанымі па ініцыятыве адпаведных дзяржаўных ці мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.