Заводская загартоўка. 38 гадоў Уладзімір Гунько паспяхова і надзейна шчыруе на Ляхавіцкім торфабрыкетным заводзе
38 гадоў Уладзімір Гунько паспяхова і надзейна шчыруе на торфабрыкетным заводзе. Нездарма ён стаў дэлегатам шостага Усебеларускага народнага сходу
– Канешне, ганарова і пачэсна прадстаўляць родную Ляхавіччыну на такім высокім форуме. Але гэта не толькі гонар, але і вялікая адказнасць. Цікава будзе паслухаць пра асноўныя напрамкі эканамічнага развіцця Беларусі і рэгіёнаў на бліжэйшую пяцігодку. Таксама актуальныя тэмы – развіццё малых гарадоў і сельскіх населеных пунктаў, замацаванне маладых спецыялістаў на першым працоўным месцы, стварэнне новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, выпуск інавацыйнай прадукцыі, – адзначае дырэктар ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько.
Пра чалавека лепш за ўсё гавораць яго дзеянні і ўчынкі. Узначаліць нават невялікі калектыў, а тым больш даверыць маштабнае прадпрыемства можна толькі кіраўніку, які слоў на вецер не кідае, калі і дае абяцанні, то канкрэтныя, эканамічна абгрунтаваныя, вывераныя і абавязкова рэалізоўвае іх на практыцы.
Акрамя таго, такі чалавек павінен быць граматным спецыялістам, мець аўтарытэт сярод калег, абавязкова валодаць арганізатарскімі здольнасцямі, умець бачыць перспектыву і шляхі выхаду падначаленага яму прадпрыемства на новыя, прычым рэальныя вяршыні. Менавіта такім мэтанакіраваным кіраўніком, выдатным прафесіяналам у торфаздабываючай і перапрацоўчай прамысловасці, паспяховым упраўленцам з’яўляецца наш зямляк – дырэктар ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько.
Завод для Уладзіміра Паўлавіча – другі дом. І гэта не проста словы, а рэаліі, пацверджаныя часам. Менавіта тут прайшло яго станаўленне як высакакласнага спецыяліста. Праз два гады працоўны стаж Уладзіміра Паўлавіча на ТБЗ «заважыць» 40 гадоў (дарэчы, першую торфабрыкетную прадукцыю прадпрыемства выпусціла ў Тухавічах у 1973 годзе). Малая радзіма Уладзіміра Гунько – вёска Гута, якая знаходзіцца недалёка ад Тухавічаў. Сённяшні дырэктар завода – патомны торфабрыкетчык, прайшоў шлях ад старшага дыспетчара да кіраўніка. У 1982 годзе ўчарашні студэнт уладкаваўся старшым дыспетчарам на тухавіцкі завод, дзе на вагавой працаваў яго бацька Павел Іосіфавіч. Потым без малога тры дзесяцігоддзі Гунько-малодшы быў намеснікам дырэктара ТБЗ, і вось амаль пяцігодку ўзначальвае прадпрыемства. Нягледзячы на разнастайныя складанасці, звязаныя і з умовамі надвор’я (яны істотна ўплываюць на працэс загатовак падчас палявога сезона), і з экспартам прадукцыі (то эканамічныя крызісы, то іншыя перашкоды), і са збытам на ўнутраным рынку, калектыў з году ў год паказвае добрыя вынікі, тут створаны належныя ўмовы працы, дастойная заработная плата.
У 2018 годзе дырэктар ТБЗ быў двойчы ўдастоены ганаровага звання «Чалавек года»: спачатку Брэстчыны (у галіне паліўна-энергетычнага комплексу), потым і Ляхавіцкага раёна (у намінацыі «прамысловасць, бытавое абслугоўванне, гандаль і паслугі»). Скарбонка ўзнагарод прадоўжыла папаўняцца і ў 2019 годзе. На гэты раз калектыўным прызнаннем усяго завода: ААТ як адно з лепшых прадпрыемстваў занесена на Галерэю славы Ляхавіцкага раёна.
У 2020 годзе, калі нямногія арганізацыі і прадпрыемствы вырашылі пашырацца ці пачынаць новую вытворчасць, Ляхавіцкі торфабрыкетны зрабіць такі крок не пабаяўся.
– Мінулым летам наш завод геаграфічна і вытворча павялічыўся. У нас з’явіўся філіял – торфапрадпрыемства «Калпеніца», якое знаходзіцца ў Баранавіцкім раёне. Канешне, спачатку думалі, як такое ўз’яднанне адаб’ецца на эканамічных паказчыках і, адпаведна, на заработнай плаце завадчан. Акрамя таго, мы бяром на сябе адказнасць і за тых людзей (на сёння гэта каля 80 работнікаў), якія працавалі на «Калпеніцы». Але ўсё ж вырашылі паспрабаваць. На працягу года будавалі, рамантавалі, мадэрнізавалі, аснашчалі новым тэхналагічным абсталяваннем. Фінансава істотна дапамагло Міністэрства энергетыкі Беларусі, якое з інвестыцыйных фондаў выдзеліла на мадэрнізацыю прыкладна тры мільёны рублёў, – расказвае Уладзімір Гунько.
Нягледзячы і на леташнія сюрпрызы надвор’я, за асноўны торфаздабываючы сезон (ён увогуле кароткі і абмежаваны ў асноўным перыядам з мая па верасень) тухавіцкія торфаздабытчыкі назапасілі больш за 130 тысяч тон фрэзторфу. Як адзначаюць на прадпрыемстве, такой колькасці сыравіны дастаткова, каб без збояў працаваць да наступнага сезона, створаны нават пераходзячы запас.
Не першае дзесяцігоддзе гандлёвы вектар торфабрыкетнага завода арыентаваны на замежны рынак. Значная частка тутэйшай прадукцыі ідзе на экспарт у краіны Прыбалтыкі, Германію, Славакію, Украіну і іншыя. Прычым завадчане на ўжо існуючых дамоўленасцях не спыняюцца, шукаюць новых замежных партнёраў. І абавязкова знойдуць, бо якасць тухавіцкіх брыкетаў высокая, кошт прымальны. Плюс да ўсяго яшчэ адна немалаважная акалічнасць: кошт торфу істотна ніжэйшы, чым вуглю ці газу. Усе разам працуем на імідж і Ляхавіччыны, і краіны ў цэлым.
Экспарт – важны складнік у рэалізацыі прадукцыі. Аднак, пераважная частка асноўнага тутэйшага прадукту – брыкету – разыходзіцца ў межах Беларусі. У тухавічан даўнія і цесныя сувязі ва ўсіх абласцях краіны. Паліўныя брыкеты хоць і фаварыты спажывецкага поспеху, але ўсё большую папулярнасць набывае тая ж сушонка. У ёй дужа зацікаўлены вытворцы цэменту, напрыклад,
з ААТ «Краснасельскбудматэрыялы», і з задавальненнем яе купляюць. Яшчэ адна тутэйшая навінка – брыкеты з драўнянага пілавіння. Тая ж «Калпеніца» з поспехам пастаўляе новы від прадукцыі – паліўны торф – у Стаўбцы, на тутэйшую кацельню, якая
забяспечвае цяплом увесь горад.
Адносна нядаўна на ТБЗ з’явіўся і грыбны след. Хто ведае, можа сярод шампіньёнаў, якія мы купляем, ёсць і вырашчаныя на грунце з торфу, які здабыты і перапрацаваны ў Тухавічах ці Калпеніцы.
– Талакой, агульнымі намаганнямі любая задача пад сілу. Калектыў торфабрыкетнага завода – гэта адна зладжаная, згуртаваная каманда. Працуем на адзін вынік. Ад стараннасці, прафесіяналізму, добрасумленных адносін кожнага на сваім замацаваным участку залежыць стабільнасць работы ўсяго прадпрыемства, адпаведна і ўзровень заработнай платы, сацыяльны пакет яго працаўнікоў. Завадчане, гэта разумеюць і працуюць належным чынам. Па-іншаму наш калектыў не ўмее, – адзначае Уладзімір Гунько.
Галіна КАНЬКО.