І званне, і прызванне. 19 студзеня сваё прафесійнае свята адзначаюць выратавальнікі

Адна секунда ў надзвычайнай сітуацыі каштуе куды больш, чым у паўсядзённай руціне. За гэтую нязначную, на першы погляд, адзінку вымярэння часу можа адбыцца шчаслівае выратаванне, ці наадварот – непапраўнае гора. Пра важнасць кожнай секунды добра ведаюць выратавальнікі, таму што іх праца звязана з жорсткім таймінгам.

У Ляхавіцкім раёне за жыцці людзей змагаюцца супрацоўнікі РАНС: гэта і байцы пажарных разлікаў, якія пастаянна ўдасканальваюць сваё майстэрства, і вадзіцелі пажарных машын, якія ў любых умовах надвор’я, па любой дарозе павінны даехаць да месца, дзе патрэбна аператыўная дапамога, і інспектары, і кіраўніцтва.

Выратавальнікі могуць «прыручыць» не толькі такую стыхію, як агонь, яны выязджаюць і да тых, каму патрэбна дапамога і на вадзе, і на зямлі.

Праз агонь…

Агонь не шкадуе нічога на сваім шляху. Полымя ператварае будынкі ў попел, а на месцы тарфянікаў пакідае выпаленую пустыню. Ад пажару не застрахаваны ніхто – і калі так здараецца, надзея застаецца толькі на пажарных. Выратавальнікі добра ведаюць, як справіцца з полымем.
Але для таго, каб змагацца са стыхіяй, сапраўднаму выратавальніку трэба валодаць шэрагам якасцяў. У юнакоў, якія мараць асвоіць гэту прафесію, павінны быць выдатнае здароўе і высокая вынослівасць. Толькі абмундзіраванне пажарнага з кіслародным балонам важыць каля 30 кілаграмаў. А ў ім трэба яшчэ хутка перамяшчацца, пры неабходнасці падымацца па лесвіцах на верхнія паверхі і дахі будынкаў.

Хуткасць рэакцый таксама іграе не апошнюю ролю. Калі паступае сігнал трывогі, дзяжурныя байцы павінны за лічаныя секунды на-дзець абмундзіраванне, сесці ў машыну і выехаць на дапамогу. Вельмі важна для выратавальніка ўменне працаваць у камандзе і дысцыплінаванасць. Дапамога –камандная работа.

За мінулы год ляхавіцкія выратавальнікі 278 разоў выязджалі па выкліках на ліквідацыю ўзгаранняў і спрацоўку супрацьпажарнай сігналізацыі. З іх 35 разоў прыходзілася  «сустрэцца» з пажарамі.

Зараз на варце  бяспекі раёна дзесяць спецыяльных аўтамабіляў: пяць з іх «на службе», яшчэ столькі ж у рэзерве. У штаце Ляхавіцкага РАНС – 60 чалавек.

Вадзіцель ПАВЧ № 1 Мікалай Страмавус і старшы вадзіцель Аляксей Петух.

Ляхавіцкія выратавальнікі нясуць варту кругласутачна, нават у водпуску ці ў свой выхадны дзень. Так, у ліпені мінулага года ў кіламетры ад вёскі Свісткоўшчына ў полі загарэўся грузавы аўтамабіль. Патушыць узгаранне ўдалося дзякуючы хуткай рэакцыі і зладжаным дзеянням вадзіцеля ПАВЧ №1 Аляксандра Чабатарэнкі, які ў свой выхадны ў гэты час праязджаў міма, і яго калегі, вадзіцеля ПАВЧ № 1 Аляксея Петуха, які працаваў на ўборцы на гэтым жа полі.

– Работа выратавальніка ненарміраваная. Гэта адважныя, смелыя, моцныя целам і духам людзі. Якая б надзвычайная сітуацыя не адбылася, дакладна ведаю –выратавальнікі зробяць абсалютна ўсё, што ад іх залежыць. І гэта не проста прыгожыя словы, – гаворыць выконваючы абавязкі начальніка РАНС Дзмітрый Берташ.

Іх тэрыторыя – суша і акваторыя

Нумары 101 і 112 ляхавічане набіраюць не толькі, калі здараецца пажар. Ліквідаваць гняздо джаланосных насякомых, аказаць дапамогу ў пошуку грыбніка, які заблукаў у лесе, выцягнуць аўтамабіль, які «засеў» на размытай дажджом дарозе, адкрыць зачыненыя дзверы… Ляхавіцкія выратавальнікі неадкладна адпраўляюцца на выклік.

Сітуацыі бываюць розныя. Летам, начальнік каравула ПАВЧ № 1 Валянцін Сарайкін удзельнічаў у незвычайнай выратавальнай аперацыі. У РАНС атрымалі паведамленне: на рацэ Шчары каля вёскі Задвор’е па плечы ў вадзе стаіць мужчына і не можа самастойна выбрацца. Мужчыну аператыўна вызвалілі з балотнага палону.

Вада – яшчэ адна стыхія, якая падуладная выратавальнікам.

На базе ПАВЧ № 1 існуе спецыяльная група выратавання на вадзе (ГВВ). Гэтыя супрацоўнікі РАНС прайшлі спецыяльную падрыхтоўку ў Рэспубліканскім атрадзе спецыяльнага прызначэння. Там яны ў тэорыі і на практыцы вывучалі, як паводзіць сябе ў розных надзвычайных сітуацыях на вадзе, як дзейнічаць, калі чалавек праваліўся пад лёд, што рабіць, калі ў патанулым аўтамабілі ёсць людзі, як аказваць першую дапамогу ў такіх выпадках і шмат іншага.

Карэспандэнт «ЛВ» не на словах ведае пра працу групы выратавання на вадзе. Так сказаць, стаў сведкай вучэбнага моманту. Паводле легенды, на рацэ Ведзьме чалавек праваліўся пад лёд. Такое паведамленне прыйшло на нумар 101. Пакуль дыспетчар удакладняў дэталі, на дапамогу пацярпеламу ўжо выязджаюць. Каманда прыязджае ў лічаныя хвіліны. На гэты раз выратоўвае ўмоўнага пацярпелага камандзір ПАВЧ №1 Ляхавіцкага РАНС старшы сяржант Ігар Русакевіч.
У спецыяльным касцюме, які захоўвае цяпло і не прапускае ваду, ён на выратавальнай дошцыдабіраецца да пацярпелага і разам з ім каманда выцягвае яго на бераг. На ўсю выратавальную аперацыю патрабавалася каля пяці мінут.

Калі дапамога патрэбна на вадзе, на выклік выязджае спецыяльная група выратавання. І хоць у гэты раз сітуацыя вучэбная, камандзір ПАВЧ № 1
Ігар Русакевіч, старшы пажарны Сяргей Рылко і астатняя каманда аператыўна прыбылі на месца.

Ігар Русакевіч у групу выратавальнікаў на вадзе трапіў чатыры гады назад. З дзяцінства любіць плаваць, таму і звязаў частку сваёй работы менавіта з воднай стыхіяй. Летась Ігар абараняў гонар Ляхавіцкага РАНС на абласных спаборніцтвах сярод ГВВ. І заняў там ганаровае трэцяе месца.

Камандзір групы выратавальнікаў на вадзе Мікалай Бунь.

– На выратавальнай дошцы размешчаны шэраг прыстасаванняў: вясло, два шылы, якімі выратавальнік можа адштурхоўвацца ад лёду, багор, страховачная прылада для пацярпелага. Верхняя частка дошкі аснашчана ручкамі, каб яе было лягчэй штурхаць па лёдзе і
снезе, – расказвае камандзір групы выратавальнікаў на вадзе Мікалай Бунь.

Выратавальнікі Раман Бяліцкі і Аляксандр Піво
спяшаюцца на дапамогу.


Трэніроўкі на вадзе праводзяцца цэлы год. Для летняга сезона ёсць спецыяльныя касцюмы з трубкай і маскай. Для большай бяспекі кожнага выратавальніка падстрахоўваюць вяроўкай.

Дапамога на вадзе можа спатрэбіцца і насельнікам мясцовай фаўны.

Напачатку снежня ў РАНС паступіла паведамленне, што на лёдзе лебедзь апынуўся ў бядотным становішчы. На дапамогу крылатаму выехалі выратавальнікі. Пры аглядзе птушкі было ўстаноўлена, што яна крылом заблыталася ў рыбалоўнай снасці. Праламаўшы вакол лебедзя лёд, яго вярнулі на бераг і перадалі работнікам ветэрынарнай станцыі.

Кожны раз, калі ў горадзе раздаецца сірэна, і чырвоная машына мчыцца па выкліку, замірае сэрца. Камусьці тэрмінова неабходна дапамога. І яны абавязкова яе атрымаюць.

– Калі размова ідзе пра прафесію выратавальніка, заўсёды ахоплівае пачуццё вялікай павагі і бясконцай падзякі. Гэтыя людзі заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, рызыкуючы часам сваім жыццём. Усё роўна, з чым даводзіцца сутыкацца: агонь ці вада, моцная спякота або жудасны холад – яны прафесійна выконваюць пастаўленую задачу. Хочацца пажадаць сваім калегам, нашым ветэранам больш светлых і радасных момантаў у жыцці, менш цяжкіх выпадкаў і няпростых сітуацый, – віншуе Дзмітрый Берташ.

З узнагародай!
Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў за значны ўклад у папярэджанне і ліквідацыю пажараў і надзвычайных сітуацый на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна, добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, дасягненне высокіх вынікаў у аператыўна-службовай дзейнасці і ў сувязі са святкаваннем Дня выратавальніка Рэспублікі Беларусь узнагароджаны старшы прапаршчык унутранай службы камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 13 Ляхавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй ЖАГУНЬ.

Падзячнае пісьмо раённага Савета дэпутатаў за значны ўклад у папярэджанне і ліквідацыю пажараў і надзвычайных сітуацый на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна, добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, дасягненне высокіх вынікаў у аператыўна-службовай дзейнасці і ў сувязі са святкаваннем Дня выратавальніка Рэспублікі Беларусь накіравана прапаршчыку ўнутранай службы камандзіру аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 13 Ляхавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Юрыю МАЛЕВІЧУ.

Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў накіравалі віншаванні з прафесійным святам – Днём выратавальніка калектыву і ветэранам райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.