Развіваць новае, захаваць лепшае

Некалькі тыдняў застаецца да шостага Усебеларускага народнага сходу – форум пройдзе ў Мінску  11-12 лютага. Падрыхтоўка ідзе поўным ходам. Вылучаюцца дэлегаты, па-ранейшаму працуюць дыялогавыя пляцоўкі, праходзяць сустрэчы ў калектывах. Сваімі чаканнямі ад важнай грамадска-палітычнай падзеі Беларусі дзеляцца і жыхары Ляхавіцкага раёна.

Аляксандр ВАШЧУК, дырэктар ААТ «Ляхавіцкі
кансервавы завод»:

– Прама скажу, чаканні ад шостага Усебеларускага народнага сходу вельмі вялікія – гэта не проста дзяжурнае мерапрыемства. Яго ўдзельнікаў чакае канструктыўны дыялог, які вызначыць далейшы лёс Беларусі і, адназначна, сур’ёзна паўплывае на настрой людзей. Лічу Усебеларускі народны сход унікальнай дыялогавай пляцоўкай,а асноўным вынікам такога прадстаўнічага форуму – вызначэнне развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку ва ўсіх сферах. Там будуць прымаць сапраўды лёсавызначальныя рашэнні. І мяркую пра гэта па той актыўнасці, што назіраецца падчас грамадскіх абмеркаванняў, якія прадаўжаюцца і сёння, і прымаюць у іх удзел прадстаўнікі розных сацыяльных груп, узростаў, палітычных партый, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый. Многія адпраўляюць свае прапановы, у тым ліку і па электроннай пошце, праз сайты сродкаў масавай інфармацыі.
Так, сход адбудзецца ў лютым. Але і сёння зразумела, што падзея ўвойдзе ў гісторыю краіны як эпахальная. Як кіраўнік прадпрыемства, як неабыякавы грамадзянін сваёй краіны чакаю канкрэтных рашэнняў, накіраваных на тое, каб наша Беларусь была больш моцнай і прыгожай. Упэўнены, што важная роля будзе адводзіцца стварэнню неабходных умоў для паляпшэння якасці жыцця беларусаў, развіцця адукацыйнага працэсу, аховы здароўя, маладзёжнай палітыкі, стварэння новых працоўных месцаў, развіццю сельскай гаспадаркі, прамысловасці і іншым актуальным пытанням.
Сярод тэм, што плануюць абмяркоўваць дэлегаты падчас работы сходу, мяне асабліва цікавіць эканамічны зрэз. У эканоміцы неабходны пэўныя змяненні, але не радыкальныя, а эвалюцыйныя – трэба мяняць узважана, не разбураючы здабытае папярэднімі пакаленнямі. Сучаснікі чакаюць канкрэтных рашэнняў і ўказання рэальных тэрмінаў. Для мяне важна пачуць, якімі бачацца перспектывы нарошчвання экспарту, пытанні імпартазамяшчэння, развіцця нанатэхналогій у вытворчасці перапрацоўчай прадукцыі.

Святлана ЕРМАКОВІЧ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі:
– Пяць гадоў назад была сярод удзельнікаў пятага Усебеларускага народнага сходу. Для мяне гэта падзея ганаровая і адказная. Пра гэта сёння расказваю ўнуку.
Пакуль не пабывала, не ўяўляла, што гэта мерапрыемства такога маштабу – настолькі падрыхтаванае, прадуманае да дробязяў. Урачыстая і святочная атмасфера, якую забыць немагчыма. Я прадстаўляла сферу адукацыі, таму цікавілі мяне адпаведныя праблемы і тэмы. Спадабалася, што Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што трэба захаваць у адукацыі добрае, не страціць тое, што ёсць.
Таксама гаварыў, што нельга зніжаць ролю сям’і ў выхаванні дзяцей. Нельга навучыць працаваць на ўроках абслуговай і тэхнічнай працы, калі дзіця не бачыць уласны прыклад бацькоў. Нельга на занятках па асновах бяспекі жыццядзейнасці навучыць мерам бяспекі, калі бацькі не навучылі карыстацца, напрыклад, запалкамі. Ад бацькоў залежыць многае.
Асобна гучала тэма падручнікаў. Успамінаю, як гаварылі пра тое, што падручнікі павінны пісаць не акадэмікі, а самыя лепшыя настаўнікі, каб наблізіць вучэбныя кнігі да навучэнцаў. І гэта стала кіраўніцтвам да дзеяння. Выдадзена шмат новых і змястоўных падручнікаў. Наогул, у адукацыю ўкладваюцца немалыя сродкі. Робіцца многа дзеля развіцця сістэмы і стварэння ўмоў для навучання і выхавання хлопчыкаў і дзяўчынак. Лічу, што важна цаніць тое, што маем, быць удзячнымі за тое, чаго дасягнулі. Зможам многае, калі будзем адзіныя, разам. Ламаць – не будаваць, і варта задумацца, што пакінем для ўнукаў у заўтрашнім дні.