Нюансы арэнды. У мінулы панядзелак на пытанні ляхавічан адказвала начальнік юрыдычнага аддзела райвыканкама Кацярына Заплёціна

Ляхавічане могуць звярнуцца ў грамадскую прыёмную з пытаннямі, якія іх цікавяць, праблемамі, прапановамі і ініцыятывамі па сацыяльна-эканамічным, палітычным развіцці краіны. За час работы такіх прыёмных жыхары горада і раёна змаглі атрымаць кансультацыю па самых розных пытаннях, у тым ліку па тэме ЖКХ, культуры, маладзёжнай палітыкі і іншых.

У мінулы панядзелак на пытанні ляхавічан адказвала начальнік юрыдычнага аддзела райвыканкама Кацярына Заплёціна.

– Грамадскія прыёмныя аб’ядноўваюць неабыякавых да будучыні Беларусі ляхавічан. Гэта людзі розных узростаў, прафесій. У грамадскую прыёмную яны звяртаюцца з многімі пытаннямі –і асабістымі, і тымі, што датычаць грамадскага жыцця. Людзі не толькі прыходзяць на прыём, але і тэлефануюць. Важна, што нягледзячы на пандэмію, у кожнага ёсць шанц быць пачутым, –гаворыць Кацярына Заплёціна.

На гэты раз у грамадскую прыёмную звярнулася ляхавічанка з шэрагам пытанняў у дачыненні арэнднага жылля. Жанчыну цікавіла, хто павінен рабіць касметычны рамонт у арэнднай кватэры? І калі ён зроблены за кошт арандатара, ці кампенсуюць яму выдаткі згодна з прадастаўленымі чэкамі? Ці здымаецца чалавек з чаргі пасля атрымання арэнднага жылля? І ў якіх выпадках яго можна пазбавіцца?

Як растлумачыла Кацярына Заплёціна, наймальнік арэнднага жылля абавязаны за свой кошт праводзіць бягучы рамонт жылога памяшкання, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт унутрыкватэрнага электрычнага, газавага, санітарна-тэхнічнага і іншага абсталявання (за выключэннем сістэмы цэнтральнага ацяплення, супрацьдымнай абароны і аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі), а таксама замяняць, абслугоўваць і рамантаваць індывідуальныя лічыльнікі вады, цеплавой і электраэнергіі, унутрыкватэрную электраправодку.

Атрыманне арэнднага жылля лічыцца паляпшэннем жыллёвых умоў. І пасля засялення ў арэндныя кватэры людзей з чаргі на паляпшэнне жыллёвых умоў здымаюць, але не ўсіх. Такая мера не распаўсюджваецца на тых, каму жыллё прадастаўлена на час працоўных адносін, і тых, каму не хапае квадратных метраў да нарматыву.

Выселіць з арэнднага жылля могуць па некалькіх прычынах. Па-першае, калі ў вас скончыўся тэрмін дзеяння дагавора найму арэнднага жылля, і ён не быў заключаны на новы тэрмін.

Па-другое, калі ў арандатара без важкай прычыны ёсць запазычанасць па аплаце арэнды, жыллёва-камунальных паслуг або электраэнергіі за шэсць месяцаў. Уважлівымі прычынамі ў гэтым выпадку лічацца бездапаможны стан плацельшчыка, яго цяжкая хвароба, наступства стыхійных бедстваў і іншых надзвычайных здарэнняў.

Па-трэцяе, калі арэнднае жыллё было прадастаўлена чалавеку ў сувязі з характарам працоўных адносін, а яны спынены.

Калі арандатары або члены іх сем’яў псуюць жылое памяшканне, выкарыстоўваюць яго не па прызначэнні, сістэматычна парушаюць правілы карыстання жылым памяшканнем, перашкаджаюць суседзям, а на скаргі і папярэджанні не рэагуюць – у гэтым выпадку іх таксама могуць выселіць.

Ірына КУЗЬМІЧ.