Паездка з цёплай паўзай. У мінулую суботу вадзіцеляў у Ляхавіцкім раёне сустракалі з чаем і кавай супрацоўнікі АДАІ і валанцёры Чырвонага Крыжа
У мінулую суботу на аўтадарозе Р-430 Расійская Федэрацыя – Крычаў – Слуцк – Івацэвічы вадзіцеляў сустракалі з чаем і кавай супрацоўнікі АДАІ і валанцёры Чырвонага Крыжа – гэта сумесная акцыя па дапамозе ўдзельнікам дарожнага руху ва ўмовах нізкіх тэмператур.
Слупок тэрмометра ў той дзень паказваў 22 градусы марозу, і такая ўвага была вельмі дарэчы. Вадзіцелям і пешаходам, акрамя гарачага піцця, прапаноўвалі вымераць тэмпературу, сагрэцца ў валёнках ці прыкрыцца пледам. Пешаходы, якія накіроўваліся ў напрамку Ляхавічаў з боку Сіняўкі, з задавальненнем скарысталіся такой магчымасцю. І, трэба сказаць, былі вельмі здзіўлены такім дарожным сэрвісам. Акрамя таго, валанцёры Чырвонага Крыжа раздавалі буклеты па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі, давалі парады па аказанні першай дапамогі пры абмаражэнні. Супрацоўнікі АДАІ нагадвалі правілы дарожнага этыкету пры пагаршэнні ўмоў надвор’я.
– Акцыю «Добрая дарога – з добрымі справамі» Чырвоны Крыж праводзіць не ўпершыню. Традыцыя падтрымліваць тых, хто
ў моцны мароз апынуўся ў дарозе, вельмі правільная. Працягваць руку дапамогі тым, каму яна неабходна, – вызначальная рыса тава-
рыства, – адзначае старшыня раённага аб’яднання Чырвонага Крыжа Жанна Лешык. Па яе словах, калі слупок тэрмометра апускаецца ніжэй за 15 градусаў, у раёне пачынаюць дзейнічаць пункты абагрэву. Чатыры маецца на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва плюс у райбальніцы, РАНС і РАУС.
Тым, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю, Чырвоны Крыж аказвае падтрымку ў выглядзе прадуктовых і санітарна-гігіенічных набораў, цёплых рэчаў.
…У той дзень многія ўдзельнікі дарожнага руху зрабілі гарачую паўзу і прадоўжылі шлях у добрым настроі. Гэты прыпынак недалёка ад Тальмінавічаў супрацоўнікі АДАІ выбралі нездарма – на працягу некалькіх кіламетраў няма ні магазінаў, ні нейкага іншага прыдарожнага сэрвісу.
Міліцыя ў перыяд моцных маразоў прадоўжыць практыку маніторынгу аўтадарог Ляхавічы – Баранавічы, Р-430 на выпадак
надзвычайнай сітуацыі.
Аляксандр АНІКЕВІЧ,
старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ.