Водпуск для самаізаляцыі. Каму ён належыць? За растлумачэннямі «ЛВ» звярнуўся да галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Ляхавіцкага раёна
Днямі ў рэдакцыю патэлефанавала ляхавічанка Валянціна Дыдышка і пацікавілася, ці прадаўжаюць падчас другой хвалі каранавіруса адпраўляць на самаізаляцыю кантактаў першага ўзроўню. Маўляў, захварэла адна з работніц, а на самаізаляцыю яе калег па кабінеце не адправілі.
За растлумачэннямі «ЛВ» звярнуўся да галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Ляхавіцкага раёна Віталія Ціханава.
– Згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 2.10.2020 го-
да № 81, распрацаваны крытэрыі, па якіх вызначаюць кантакты першага ўзроўню. У прыватнасці, імі лічацца тыя грамадзяне, хто пастаянна жыве ў адной кватэры ці доме з хворым на каранавірус. Калі размова ідзе пра школьнікаў ці студэнтаў, то іх кантактамі першага ўзроўню з’яўляюцца толькі суседзі па парце, а не ўвесь клас ці група. Такая ж гісторыя і з калегамі па працы. Калі вы ўвесь дзень знаходзіцеся ў адным кабінеце на адлегласці менш за метр без масак, то вы кантакт першага ўзроўню, калі не, то такім кантактам не з’яўляецеся. Пасля таго, як у чалавека пацвярджаецца каранавірус, у абавязковым парадку супрацоўнікі райЦГіЭ праводзяць эпідрасследаванне і вызначаюць кантакты першага ўзроўню. Да іх адносяцца члены сям’і, якія пражываюць у адной кватэры з тым, у каго дыягнаставаны COVID-19, – адзначыў Віталій Ціханаў.
Таксама ён падкрэсліў, што сёння самаізаляцыя для кантактаў
першага ўзроўню складае дзесяць дзён з моманту апошніх зносін з хворым кавідам.
Яшчэ адзін цікавы факт. Напрыклад, у сям’і з трох чалавек захварэла дзіця, значыць кантактамі першага ўзроўню будуць яго маці і бацька, якіх адправяць на самаізаляцыю. Аднак, калі праз некаторы час захварэе тая ж маці, то яе муж і дзіця зноў пойдуць на самаізаляцыю.
Увогуле, што тычыцца каранавіруснай тэмы, то за апошні год адбыліся разнастайныя карэкціроўкі і змяненні, якія тычацца і прыняцця супрацьэпідэмічных мер, і рэжыму работы ўстаноў аховы здароўя, і заканадаўства аб працы, і іншых момантаў. Адно з апошніх змяненняў датуецца 8 студзеня 2021 года, калі ўступіў у сілу Указ № 512 «Аб змяненні Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», якім унесены дапаўненні ў пункт 14 Указа № 143 «Аб падтрымцы эканомікі», што рэгулюе працоўныя адносіны.
Напрыклад, цяпер наймальнікам дазволена адпраўляць работнікаў у аплачваемы водпуск для самаізаляцыі і адпускаць на бальнічны без звароту да ўрача. Разам з тым, неабходна ведаць, што месца самаізаляцыі вызначае ўрач, гэта можа быць гасцініца, санаторый і г. д. Важна і тое, што на гэты перыяд (яго працягласць вызначаецца па ўзгадненні бакоў – наймальніка і работніка) захоўваецца зарплата не ніжэй за тарыфную стаўку. Калектыўным дагаворам можа павялічвацца памер захоўваемага заробку. Дарэчы, такі механізм самаізаляцыі тычыцца толькі здаровых работнікаў. На тых, хто хварэе COVID-19, новаўвядзенне не распаўсюджваецца.
Наймальнікі таксама маюць права адпускаць работнікаў, якія сябе дрэнна адчуваюць, на бальнічны тэрмінам да трох дзён без візіту да ўрача. Цяпер можна проста палячыцца дома і не ісці ў паліклініку за лістком непрацаздольнасці. Скарыстацца такой магчымасцю можна толькі тры дні (як запар, так і тры разы па адным дні), пакуль дзейнічае Указ. Майце на ўвазе, у такім выпадку зарплата не захоўваецца і тычыцца гэта ў першую чаргу бюджэтнікаў. У дакуменце ўказана, што захаванне сярэдняга заробку за перыяд вызвалення ад работы можа быць прадугледжана калектыўным дагаворам ці іншым лакальным актам небюджэтнай арганізацыі.
Указам абумоўлена і права наймальніка аб’яўляць прастой, выкліканы неспрыяльным уздзеяннем эпідэміялагічнай сітуацыі на дзейнасць арганізацыі без абмежавання агульнай працягласці. Раней было прапісана: абмежаванне ў шэсць месяцаў на працягу каляндарнага года.
Акрамя таго, падоўжаны дазвол на дастаўку (яго дзейнасць завершана яшчэ ў ліпені мінулага года) безрэцэптурных лякарстваў да 1.07.2021 года.
Галіна КАНЬКО.