Рапс сабраўся на экспарт. Праграма для развіцця. ПРАШУ СЛОВА!

Праз некалькі тыдняў Усебеларускі народны сход канчаткова вызначыцца з тым, па якім шляху нашай краіне належыць развівацца ў бліжэйшую пяцігодку. Прадстаўленыя днямі асноўныя палажэнні праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады сталі прадметам актыўнага абмеркавання.
Да яго далучыліся і нашы землякі.

Леанід ВАРВАШЭВІЧ, намеснік дырэктара ААТ «Жарабковічы»:
– Адна з задач, што ставіцца перад аграрыямі краіны на пяцігодку, – павышэнне эфектыўнасці выкарыстання сыравінных зон з улікам патэнцыялу зямельных рэсурсаў. Атрымаюць развіццё перспектыўныя напрамкі, сярод якіх і традыцыйны для нашага сельгаспрадпрыемства – авечкагадоўля. На сёння атара гаспадаркі –
каля чатырох тысяч авечак і бараноў. Плануем павялічыць колькасць пагалоўя высокапрадукцыйнай племянной жывёлы –
і авечак, і кароў. У «Жарабковічах» цяпер дзевяць малочнатаварных фермаў, самая маладая – «Зарытава», якую ўвялі ў эксплуатацыю напрыканцы 2020 года. На гэты год запланавана будаўніцтва МТФ на тысячу галоў у Падлессі.
У праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны адзначана неабходнасць прадаўжэння работы па паляпшэнні выкарыстання земляў сельскагаспадарчага прызначэння. У гэтым напрамку ў «Жарабковічах» і цяпер робіцца нямала. З году ў год асаблівую ўвагу надаём своечасоваму выкананню ўсіх агратэхнічных патрабаванняў: апрацоўка глебы, унясенне ўгнаенняў, сяўба, апрацоўка ад шкоднікаў.
У раслінаводстве асноўным крытэрыем эфектыўнасці работы лічыцца рост прыбытку з адзінкі плошчы сельскагаспадарчых угоддзяў.
Сёлета плануем пашыраць рапсавыя ўладанні. Чаму робім акцэнт менавіта на гэту культуру? Адказ відавочны: маем свой завод па перапрацоўцы рапсу, трэба забяспечваць яго сыравінай. Да таго ж, калі раней прадавалі рапсавы алей толькі ў межах нашай краіны, цяпер плануем выходзіць на міжнародны ўзровень, прадаваць за мяжу, пэўныя напрацоўкі ў гэтым напрамку ўжо ёсць.
Для сельгасвытворцаў не навіна, што належная кармавая база – найпершая ўмова для паспяховага развіцця жывёлагадоўлі. Імкнёмся ствараць паўтарагадовы запас кармоў. Акцэнт – на якасць і ўмовы захоўвання. Каб дасягнуць такога выніку, трэба своечасова пасеяць, скасіць і належным чынам адправіць на захоўванне.
У Праграме ўказана і на тое, што будзе працягвацца работа па тэхнічным пераўзбраенні машынна-трактарнага парка. Тэхнікі ў «Жарабковічах» хапае, але лішнімі камбайны, трактары, аўтамабілі, дакладна, не будуць. Таму па неабходнасці і пры любой магчымасці абавязкова плануем набываць новую тэхніку.
Канешне, важна, што па-ранейшаму дзяржава будзе падтрымліваць сельскагаспадарчую галіну.