«Ферменны» стыль прафсаюза. У Ляхавіцкім раёне працягваецца фірменная акцыя прафсаюза работнікаў АПК «Наш жывёлавод»

Праекту, ініцыяванаму Беларускім прафсаюзам работнікаў АПК у фармаце рэспубліканскай акцыі, ужо трэці сезон. Праводзіцца яна штогадова са снежня па сакавік – у найбольш напружаныя, самыя няпростыя для жывёлаводаў месяцы стойлавага ўтрымання жывёлы.

«Цэнтр» прыцягнення «экстра» надояў
Пры ўсёй павазе да рознага кшталту машын-аўтаматаў трэба прызнаць, што не яны галоўны складнік вытворчага поспеху. Аснову фарміруе чалавек-працаўнік, адказны выканаўца і граматны спецыяліст. Прыклад МТФ «Цэнтр» ААТ «Нача» таму доказ. Ферма трымаецца не на самых сучасных тэхналогіях: прывязнае ўтрыманне жывёлы, даенне пры дапамозе даільных апаратаў і іншае адпаведнае. Тым не менш, ад кожнай з 584 кароў у мінулым годзе тут было атрымана больш за 6,6 тысячы кілаграмаў малака. Прадукцыя фермы на 99,5 працэнта адпавядае максімальна высокаму гатунку – экстра.
Узначальвае «Цэнтр» Людміла Чарапавіцкая. Калектыў немалы – на ферме працуюць больш за чатыры дзясяткі жывёлаводаў: спецыялісты, даглядчыкі, аператары машыннага даення. Лепшай з апошніх па выніках 2020-га стала Наталля Дараневіч, якая ад кожнай са сваіх кароў у сярэднім надаіла 7118 кілаграмаў малака.
З «Цэнтра» і стартаваў ляхавіцкі этап рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод». Першы  намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Анастасія Рабцэвіч  (а ўпраўленне з’яўляецца адным з сацыяльных партнёраў прафсаюза) і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура прыехалі на ферму з прафсаюзнай узнагародай і падарункамі.
У «Начы» прафсаюз ужо чакалі – кіраўніцтва гаспадаркі, работнікі МТФ, галоўны ветэрынарны ўрач Галіна Базыльчык. Для Галіны Іванаўны асабісты падарунак – у форме цёплых слоў і Падзякі раённай арганізацыі прафсаюза АПК за шматгадовую добрасумленную працу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у жывёлагадоўлі і вялікі асабісты ўклад у развіццё сельгасвытворчасці. Падарункі, падрыхтаваныя прафсаюзам для калектыву фермы, адрозніваліся ўтылітарызмам – гарантавалі бытавую карысць. А гэта адзін са складнікаў настрою і працаздольнасці.

Вялікая значнасць «Малога Падлесся»
Гэта і населены пункт, і назва  фермы па дарошчванні цялушак ААТ «Шлях новы».
У апошні час жывёлагадоўчы аб’ект прыбавіў у прадукцыйнасці. Ферма працуе на ўзнаўленне дойных статкаў гаспадаркі. А значыць, на развіццё жывёлагадоўлі і прадпрыемства ў цэлым, на яго сёння і перспектыву.
У рамках «Нашага жывёлавода» ў поле прафсаюзнага зроку трапіла Галіна Мацуль – галоўны па ферме і, безумоўна, адна з першых
творцаў яе цяперашняй стабільнасці. Падзяку раённай прафарганізацыі работнікаў АПК, якую спецыяліст заслужана атрымала, можна і трэба ўспрымаць як дзякуй за працу ўсяму калектыву. Ён, дарэчы, прафсаюзную акцыю сустрэў у мажорным настроі. Старшыня прафсаюзнай пярвічкі «Шляху новага» Валянціна Курловіч у размове з «ЛВ» адзначыла працавітасць Галіны Іванаўны і калектыву фермы ў цэлым. Адным з фактараў поспеху была названа дысцыпліна – тэхналагічная і агульная.

Комплекс  паўнацэннасці
Мінулы год МТК «Чашчы» ААТ «Жарабковічы» завяршыў з паказчыкам прадукцыйнасці 7142 кілаграмы экстра малака на сярэднюю карову. І гэта плюс 805 у суадносінах з папярэднім годам. А зараз кожная з больш як шасці соцень «чашчынскіх» кароў што-дзень прыбаўляе ва ўдойнасці пару кілаграмаў у параўнанні з леташнім.
– Выйшлі на 23 кілаграмы ад каровы ў суткі, – гаворыць кіраўнік комплексу Ігар Бубенчык. Прычыны плюса Ігар Іванавіч тлумачыць
проста: – Нічога новага. Тэхналогія ва ўсім і ад кожнага.
У нас добрая пастаноўка селекцыйнай работы. Заатэхнік-селекцыянер Ірына Грэсь і яе муж Аляксандр, які займае пасады ветурача-гінеколага і тэхніка-асемянатара, працуюць у тандэме і дэманструюць поспех. Адзначу раслінаводаў, інжынерную службу, механізатарскі «корпус» гаспадаркі. Корманарыхтоўкі яны правялі на належным узроўні, чым гарантавалі нашым рагулям багацце кармавога стала. Хацелася б таксама адзначыць увесь свой калектыў, кожнага з 28 жывёлаводаў. Асаблівы ўклад ветурача-артапеда Юрыя Пшыгодскага, ветурача Алы Глобаж, аператараў машыннага даення Іны Пановай і Марыны Марчык.
Ігар Бубенчык таксама адзначаны Падзякай раённай арганізацыі профільнага прафсаюза ў рамках акцыі «Наш жывёлавод».
Акцыя, дарэчы, ужо атрымала працяг па шэрагу іншых адрасоў.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.