Прыйсці да адзінства меркаванняў. Мінулы чацвер даў старт чарадзе сходаў грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння ў населеных пунктах Ляхавіччыны

Мінулы чацвер даў старт чарадзе сходаў грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння  ў населеных пунктах Ляхавіччыны. Першы адрас – вёска Свяціца.
На сустрэчу такога фармату вяскоўцаў запрасіў старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз.

Усё не можа быць ідэальным, нават з улікам таго, што вырашэнне любых праблем ці спрэчных пытанняў вядзе да развіцця. Паказчык жыццяздольнасці любога грамадства – жаданне ўдасканальвацца, змяняцца, развівацца, не быць раўнадушным да спраў сваёй мясцовасці… Менавіта гэтыя характарыстыкі падыходзяць да вяскоўцаў, якія ў мінулы чацвер сталі ўдзельнікамі сходу грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння ў вёсцы Свяціцы.

Сельскі Дом культуры сабраў тых, каму неабыякавы справы сваёй малой радзімы, каму важна абмеркаваць і паставіць кропку ў многіх канфліктных і не толькі сітуацыях.
У свяцічан актыўнасці не займаць. Пасля азнаямляльна-даведачнай інфармацыі ад старшыні Крывошынскага сельвыканкама Юрыя Чаранкевіча перайшлі да дэталёвага разбору пытанняў у розных сферах.
Набалелае для вяскоўцаў пытанне працаўладкавання і выцякаючыя з гэтага негатыўныя сюжэты…
Жыхары чарговы раз узнялі «малочную» тэму, якую пракаментавала першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Анастасія Рабцэвіч. Справа ў тым, што ў вяскоўцаў узніклі пытанні са зборам малака з падвор’яў. Паколькі мясцовая гаспадарка не спраўляецца, да збору сырадою падключылася ААТ «Шлях
новы». Скарэкціраваны графік, вызначаны маршрут – у гэтым пытанне закрылася са статусам «вырашана».
Наступнае, за што хвалююцца свяціцкія жыхары, – пустуючыя гектары зямлі, якія здольны дэманстраваць добрую ўраджайнасць. І гэта не проста словы, як адзначыла Анастасія Рабцэвіч: у 70-я гады тут былі нядрэнныя паказчыкі намалотаў, уражвала і статыстыка ў мяса-малочнай галіне. Тым больш, як паказаў эксперымент, чарназём тут высакакласны. І гэта ўжо словы кіраўніка СФГ «Вопыт-КАА» Аляксея Копеца, які таксама прыехаў на мясцовы сход.
Справа ў тым, што, акрамя тэрыторый, якія паспелі асвоіць фермерскія гаспадаркі ТАА «Аўра-Агра», «Ліпнянка Агра», «Свяціца ЭКА», «АграМітКрыстал», ёсць землі, якія чакаюць дбайнага гаспадара і руплівых працаўнікоў. І гэта 1750 патэнцыяльна ўрадлівых гектараў у Свяціцы і Навасёлках, за якія ў хуткай
перспектыве возьмецца вышэйзгаданая сялянская фермерская гаспадарка. Як раней паведамляла раёнка, падчас сесіі райсавета быў узгоднены продаж КСУП «Ліпнянка» як маёмаснага комплексу. Магчымасцю ўзбуйніцца і скарысталася СФГ. І гэта рашэнне прадумана дэталёва з абодвух бакоў. Акрамя таго, што да СФГ хутка пяройдуць гэтыя землі, кіраўніцтва бярэ на сябе і запазычанасці «Ліпнянкі». Як падкрэсліў Аляксей Копец, трэба ўзяцца за работу грунтоўна і сур’ёзна, тэмп таксама трэба задаць дынамічны. Тым больш, востра стаіць пытанне стварэння новых працоўных месцаў, якія мараць заняць свяціцкія жыхары.
Давер з боку вяскоўцаў відавочны. Вопыт у кіраўніка СФГ у гэтым плане ёсць і вельмі станоўчы. Аляксею Копецу падпарадкавалася адно з нерэнтабельных прадпрыемстваў на Століншчы- не – у выніку рост паказчыкаў, добрыя ўмовы працы, павелічэнне працоўных месцаў. Не складана працягнуць, што за дабрабытам працаўнікоў развіваецца і мясцовая інфраструктура… Дарэчы, мясцовыя жыхары запэўнілі, што гатовы рупліва працаваць.
Плануецца ўвесці ў эксплуатацыю на тэрыторыі Свяціцы былы бычнік, які быў пабудаваны яшчэ ў савецкія часы, але захаваў добры стан. А яшчэ ў радах сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны павінна загучаць МТФ «Ліпск».
Аддалены ад райцэнтра населены пункт Свяціца, падкрэсліў старшыня райвыканкама, заслугоўвае большай увагі, па маштабах тут проста павінна кіпець жыццё. Такую мэту паставілі перад сабой і прысутныя кіраўнікі службаў, і самі вяскоўцы.
Напрыклад, праблемай з’яўляецца для вяскоўцаў закрыццё аддзялення ашчадбанка. Яны цікавіліся, ці магчыма ўсталяваць тут інфакіёск ці банкамат. Адказ трымаў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран. Для ўстаноўкі банкамата ёсць пэўныя патрабаванні да колькасці жыхароў у населеным пункце.Таму ўсе банкаўскія паслугі будзе прадастаўляць паштовае аддзяленне. Аднак, у вяскоўцаў было шмат прэтэнзій да работы гэтай структуры.
Пра якасць аказання медыцынскіх  паслуг у дэталях і нюансах расказала загадчыца мясцовага ФАПа Таццяна Буйкевіч. Дарэчы, на тэрыторыі Крывошынскага сельсавета медабслугоўваннем займаюцца Крывошынская і Ліпская амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, Галаўнінскі, Свяціцкі і Навасёлкаўскі фельчарска-акушэрскія пункты.
Вяскоўцы прасілі намесніка старшыні райвыканкама Святлану Юрлевіч узяць пад кантроль транспартную сітуацыю па маршруце Свяціца – Ліпск – Крывошын – Ляхавічы. Справа ў тым, што работнікі (у тым ліку жыхары Свяціцы) не паспяваюць на працу ў адкрыты нядаўна дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў у Крывошыне. Магчыма, варта разгледзець змяненні ў раскладзе аўтобусаў або ў працоўным графіку арганізацыі. Таксама прагучала і тое, што вяскоўцам нязручна дабірацца, напрыклад, у райбальніцу і вяртацца дамоў з райцэнтра з-за раскладу руху прыгараднага транспарту: яны не паспяваюць трапіць на прыём да ўрача ці здаць аналізы. Як адзначыў намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Міхаіл Куляшоў, медыцынскія паслугі якасна аказваюць у медустановах на тэрыторыі сельсавета. Напрыклад, можна здаць аналізы, зрабіць кардыяграму. Пры неабходнасці іншых абследаванняў пацыент накіроўваецца ў дыягнастычныя кабінеты райбальніцы.
Транспартнае пытанне застаецца на кантролі ўлады.
Гучалі заўвагі і прапановы ў адрас работы ДРБУ-200. Дакладней, жыхароў хвалюе стан дарог у вёсцы. Бясспрэчна, увагі патрабуе вуліца Партызанская, як і тэрыторыя перад СДК. Мікалай Мароз адзначыў, што да канкрэтнага разгляду гэтага пытання вернуцца вясной і яшчэ раз прааналізуюць сітуацыю, выпрацуюць рашэнне. Але ж гаварыць пра тое, што ўлада не надае ўвагі стану дарог у вёсках і аграгарадках, нельга.
У 2020 годзе быў выкананы ямачны рамонт дарогі Падсаколле – Ліпск – Залужжа – Свяціца і вуліцы Маладзёжнай у Свяціцы.
Крымінагенная сітуацыя – тэма для гэтага населенага пункта актуальная і, на жаль, не ў статусе ўзорнай. Начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Віталій Дабрачынскі прывёў лічбы, што за  мінулы год на тэрыторыі сельсавета было ўчынена 35 правапарушэнняў і злачынстваў. Пачасціліся крадзяжы, злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій. Дапоўніла тэму намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Ляхавіцкага райвыканкама Наталля Мацкевіч, якая нагадала бацькам пра неабходнасць сачыць за сваімі дзецьмі, цікавіцца іх справамі, слухаць іх – дэфіцыт увагі  пасля праяўляецца ў павелічэнні колькасці правапарушэнняў, што ўчынілі падлеткі.
Жыллёва-камунальная гаспадарка ахоплівае, напэўна, самы вялікі спектр жыццёва важных момантаў. Вяскоўцы ўдакладнілі пытанні наконт вывазу смецця і яго графіка (дарэчы, апублікаваны ў раёнцы за 6 студзеня 2021 года), рамонту агароджы вакол могілак.
Безумоўна, многае будзе выпраўлена, узята пад кантроль, аднак не варта забываць пра асабістую адказнасць і тое, што многае можна вырашыць уласнымі намаганнямі, тым больш, калі гэта ўсё для прыгажосці і ўтульнасці роднага куточка.
– Дзякуй кожнаму, хто ўвечары знайшоў час прысутнічаць і актыўнічаць падчас сустрэчы. Толькі разам, толькі з’яднаўшыся, з жаданнем слухаць і чуць адзін аднаго можна прыйсці да кампраміснага рашэння, якое стане станоўчым рухавіком, – падкрэсліў кіраўнік раёна Мікалай Мароз.
Карысць такіх сустрэч адчулі і прадстаўнікі мясцовай улады, і вяскоўцы. Сёння мясцовыя праблемы і пытанні будуць гучаць падчас работы сходу ў Ліпску.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.