Парадак павінен быць ва ўсім. Грамадскія прыёмныя, што працуюць у Ляхавіцкім райвыканкаме двойчы на тыдзень, па-ранейшаму самая аператыўная форма сувязі з насельніцтвам
Грамадскія прыёмныя, што працуюць у райвыканкаме двойчы на тыдзень, па-ранейшаму самая аператыўная форма сувязі з насельніцтвам. У сераду на пытанні адказваў выконваючы абавязкі начальніка РАНС Юрый Буйкевіч. Магчымасцю высветліць для сябе некаторыя нюансы жыццёвых абставін скарысталася ляхавічанка Валянціна, якая пражывае ў шматкватэрніку. У яе двое дзяцей, і яна вымушана пакідаць каляску на лесвіцы. Але ёй зроблена заўвага, што на гэта яна не мае права.
Юрый Буйкевіч адзначыў, што згодна правілаў пажарнай бяспекі, зацверджаных пастановай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі ад 25 сакавіка 2020 года, устаноўлены патрабаванні пры эксплуатацыі жылых дамоў. Згодна ім, для забеспячэння бяспечнай эвакуацыі шматкватэрных дамоў (за выключэннем кватэр) у вестыбюлях, калідорах, галерэях, на лесвічных маршах і пляцоўках нельга загрувашчваць праходы, выхады, дзверы, устанаўліваць мэблю і іншую маёмасць, якая памяншае мінімальную эвакуацыйную шырыню і вышыню, устаноўленую праектнай дакументацыяй. Пра адсутнасці адпаведных дакументаў, шырыня эвакуацыйных выхадаў павінна складаць не менш за 0,8 метра, выхадаў на лесвічныя клеткі – не менш за 0,9 метра. Вышыня – не менш за 1,95 метра (у падземных паверхах з памяшканнямі без пастаянных працоўных месцаў – не менш за 1,8 метра), а вышыня шляхоў эвакуацыі – не менш за 2 метры. Акрамя таго, забараняецца лесвічныя клеткі абгароджваць , ставіць там перагародкі і дзверы. За парушэнне правілаў пажарнай бяспекі прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да 30 БВ.
У выпадку, калі знаходжанне каляскі ці веласіпеда не памяншае шырыню эвакуацыйных шляхоў, да іх захоўвання прэтэнзій не будзе.