Снегу многа бывае. Снегапады і ўзмацненне ветру істотна дабавілі клопатаў Ляхавіцкаму раёну электрасетак

Снежна-ветранае надвор’е, наліпанне снегу на паветраныя лініі электраперадач сталі прычынай адключэнняў і перабояў з падачай электрычнасці амаль у 50 населеных пунктах Ляхавіччыны. Найбольш істотныя праблемы датычыліся Крывошына, Ліпска, Зубелевічаў, Вострава, Альхоўцаў, Шчэрбава, Русінавічаў, Тальмінавічаў. У райцэнтры адключэнні былі адзінкавыя і непрацяглыя. Стыхія пазбавіла электрычнасці некаторыя малочнатаварныя фермы і комплексы ў ААТ «Шлях новы», «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», ЗТАА «БелДан», КСУП «Ліпнянка».
Адразу пачалі прымаць неабходныя меры па аднаўленні энергазабеспячэння спажыўцоў у тых аграгарадках і вёсках, якія найбольш пацярпелі ад стыхіі. Ва ўзмоцненым рэжыме наша арганізацыя дзейнічае з раніцы  26 студзеня. Павялічана колькасць аварыйна-аднаўленчых брыгад з пяці да сямі, зараз у іх уваходзяць 28 работнікаў электрасетак. Акрамя таго, у дапамогу ляхавіцкім калегам прыехала брыгада з Мінскіх электрасетак, дакладней, з Маладзечна. 27 студзеня брыгады працавалі да дзвюх гадзін ночы, а ў 6.30 ужо былі зноў на аб’ектах. Такі рэжым работы дазволіў на раніцу серады аднавіць падачу электраэнергіі ў 30 населеных пунктах, – расказаў начальнік раёна электрасетак Віктар Станкевіч.
Змагаюцца энергетыкі з дрэвамі, якія ўпалі на паветраныя лініі электраперадач. Так, толькі паміж Ліпскам і Крывошынам за аўторак – сераду ўбрана 20 такіх дрэў. Як паведамілі ў РЭС, па стане на раніцу 28 студзеня падача святла адноўлена ва ўсіх населеных пунктах, якія пацярпелі ад стыхіі. А да вечара таго ж дня ліквідаваны і лакальныя адключэнні.
А вось на работу газавікоў снегапады асабліва не паўплывалі – брыгады працавалі ў штатным рэжыме. Чаго не скажаш пра моцныя маразы, што ўстроілі сапраўднае выпрабаванне для службы. Начальнік Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння Руслан Капанько патлумачыў, што значная мінусавая тэмпература паветра стала прычынай няспраўнасцей у рабоце многіх газавых катлоў, якімі ацяпляюцца прыватныя дамы, павялічылася колькасць зваротаў за дапамогай у раён газазабеспячэння і выездаў аварыйных брыгад.
Як адзначыла намеснік галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Раіса Сянько, пацярпелых канкрэтна ад снегападаў за першыя тры дні гэтага тыдня ў райбальніцы не адзначалася, а ў нядзелю звярнуліся два чалавекі з галалёднымі траўмамі. Тым часам у паліклініку пачалі звяртацца землякі, якія сталі ахвярай ранейшых маразоў. Чалавек атрымаў халадовую траўму, але асабліва не прыдаваў гэтаму значэння, лячыўся самастойна без кваліфікаванай дапамогі. А ў медустанову звярнуўся толькі тады, калі стан здароўя пагоршыўся.
– На шчасце для пацыентаў, такія абыякавыя адносіны да ўласнага здароўя на гэты раз не закончыліся кепска – шпіталізацыя не спатрэбілася, як і хірургічнае ўмяшанне. Аднак, не варта рызыкаваць сваім здароўем, а то і жыццём, і нават пры падазрэнні на траўму ці абмаражэнне звяртайцеся за медыцынскай дапамогай, – падкрэсліла Раіса Сянько.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.