Дарога праз сумёты. Як ляхавіцкія дарожнікі і камунальнікі вядуць барацьбу са снежнай стыхіяй
Здаецца, сёлета зіма вырашыла разгуляцца, як ніколі. З аўторка ў Беларусі гаспадарыў цыклон «Ларс», які прынёс з сабой вецер і снегапады.
У барацьбу са снежнай стыхіяй уступілі ляхавіцкія дарожнікі і камунальнікі. Падчас снегападу і пасля яго чысцілі гарадскія вуліцы пяць адзінак тэхнікі Ляхавіцкай ЖКГ, расчышчаць сумёты выйшлі 11 чалавек. Каб гараджане раніцай маглі дабрацца да школ, садкоў, аўтобусных прыпынкаў, паліклінікі, на рабочыя месцы, камунальнікі пачыналі працаваць з трох-чатырох гадзін раніцы.
Не абышлося і без форс-мажорных сітуацый. У раёне з-за наліпання снегу і адключэння электраэнергіі было абясточана шэсць кацельняў. Як паведамілі ў камунгасе, на працягу дня чатыры былі запушчаны, яшчэ дзве некаторы час працавалі ад аўтаномнай крыніцы энергіі.
Таксама ў шасці кропках Ляхавіцкага раёна з-за адсутнасці электрычнасці былі праб-лемы з падачай вады. Іх аператыўна ліквідавалі.
Практычна бесперапынна расчышчалі дарогі і работнікі ДРБУ-200. Іх працоўная змена ў аўторак закончылася ў дзве гадзіны ночы, а ўжо ў чатыры гадзіны раніцы работа зноў закіпела. На дарогах раёна працавалі і 14 адзінак тэхнікі. Шнэкаротар «разбіраўся» з гурбамі на абочынах.
– Усё ўскладнялася тым, што двое сутак снегапад практычна не спыняўся, і на месцы расчышчаных дарог у лічаныя гадзіны зноў з’яўляліся снежныя сумёты. У першую чаргу расчышчаліся галоўныя дарогі, шляхі для праезду аўтамабіляў хуткай дапамогі, школьных аўтобусаў і іншага транспарту. Цяпер жа вядзецца расчыстка ўсіх вуліц у аграгарадках і вёсках, – гаворыць кіраўнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога.
Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.