Падрыхтоўка на ўсе сто. Простыя, але эфектыўныя рэцэпты падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання ад ляхавіцкіх выкладчыкаў і псіхолага
Падрыхтоўка да здачы экзаменаў і ЦТ – напружаны і адказны этап у жыцці кожнага выпускніка. У гэты перыяд школьнікам часта катастрафічна не хапае часу, яны стамляюцца, недасыпаюць… Добра, калі накіраваць і падказаць, скласці план заняткаў можа рэпетытар. А што рабіць, калі вырашыў рыхтавацца самастойна? Настаўнікі школ Ляхавіччыны далі практычныя парады выпускнікам, як максімальна прадукцыйна падрыхтавацца да іспытаў.
Беларуская мова
Беларускую мову многія лічаць адной з самых мілагучных моў у свеце. Беларусы і госці нашай краіны не перастаюць захапляцца яе прыгажосцю і напеўнасцю. А парады, як падрыхтавацца да экзамену па гэтым прадмеце, дае настаўнік беларускай мовы і літаратуры Наталля СІДОР.
– Падрыхтавацца да здачы тэсціравання па мове самастойна рэальна, аднак трэба для гэтага прыкласці максімум намаганняў, не ленавацца і займацца штодня, – гаворыць Наталля Мікалаеўна.
Для добрага выніку пачынаць актыўна рыхтавацца да тэсціравання лепш не пазней чым за год. Выдатнымі памочнікамі ў гэтай справе будуць школьныя падручнікі і дапаможнікі (рэкамендую звярнуць увагу на дадатковую літаратуру аўтарства Святланы Цыбульскай і Валянціны Сіўковіч), а таксама тэсты за мінулыя гады.
Яшчэ адзін карысны памочнік – канспект, напісаны ўласнаручна. Завядзіце сабе сшытак, у якім будзеце занатоўваць (сцісла, схематычна, у выглядзе алгарытму разважання, табліцы) усю патрэбную інфармацыю.
Гэта не значыць, што трэба перапісваць кнігі. Звяртайцеся да некалькіх крыніц, чытайце, аналізуйце. Для лепшага запамінання ярка выдзяляйце інфармацыю. Карыстайцеся маркерамі, каляровымі ручкамі і стыкерамі: гэта добрая падказка для зрокавай памяці.
Падрыхтоўка да іспыту – гэта не толькі 1-2 гадзіны ў дзень, якія выдзяляюцца непасрэдна на тэорыю і практыку. Старайцеся рэгулярна чытаць кнігі ці артыкулы ў газетах на беларускай мове – гэта карысна не толькі ў падрыхтоўцы да ЦТ, але і развівае кругагляд.
Не бойцеся падыходзіць з пытаннямі да выкладчыкаў, упэўнена, ніхто не адмовіць у дапамозе. А яшчэ ў школах ёсць факультатывы па прадметах, але заняткі будуць выніковымі, толькі калі наведваць іх і займацца рэгулярна.
Матэматыка
Падрыхтоўка да ЦТ па матэматыцы – працэс доўгі, які патрабуе стараннасці і ўважлівасці. Нездарма ж яе называюць царыцай навук. Як змясціць у галаве тэарэмы, законы і формулы,над якімі карпела не адно пакаленне вялікіх навукоўцаў? Сакрэты падрыхтоўкі да ЦТ па гэтым прадмеце раскрывае настаўнік матэматыкі Святлана ЦАРЫК.
– Пачынаць рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання па матэматыцы раю за два гады да іспыту. Гэтага часу дастаткова, каб паўтарыць і прапрацаваць усе тэмы, – ад-значае Святлана Аляксееўна.
Не варта вырываць тэмы з кантэксту. Лепш пачаць з азоў школьнай праграмы. Нават простыя тэмы, якія вы праходзілі ўжо і добра ведаеце, лепш паўтарыць і праверыць тэстам. Калі яны сапраўды настолькі простыя, як вы іх сабе ўяўляеце, то пройдзеце яго хутка, да таго ж, будзеце ўпэўненыя, што нічога не прапусцілі.
Вядзіце для сябе канспект: выпісвайце туды складаныя формулы і правілы. Запісваючы і перыядычна пераглядаючы, вы будзеце іх лягчэй запамінаць. Аднак, вызубрыць формулы – не значыць валодаць матэрыялам да канца. Вялікую ролю адыгрывае ўменне імі карыстацца.
А яно прыходзіць толькі падчас пастаяннай практыкі.
Будуйце сваю падрыхтоўку па плане: старанна разбірайце тэо-рыю, а затым адпрацоўвайце на практыцы. У гэтым вам дапамогуць тэсты за мінулыя гады, анлайн-тэсціраванне.
І не забывайцеся пра школьныя падручнікі, у іх ёсць заданні з павышанай складанасцю і паўторам мінулых тэм.
А яшчэ абавязкова наведайце рэпетыцыйнае тэсціраванне. Па-першае, будзеце адчуваць сябе больш упэўнена, вам пакажуць, як запаўняць бланк, як праходзіць самаздача ЦТ. Па-другое, гэта дапаможа вызначыць слабыя бакі і больш старанна іх прапрацаваць.
А яшчэ – «адчуць» час, зразумець, на што варта затрачваць больш часу, на што менш.
Пры падрыхтоўцы старайцеся больш вылічэнняў праводзіць у галаве, а таксама шукаць найбольш хуткае і рацыянальнае рашэнне любой задачы. Гэта дазволіць сэканоміць час і патраціць яго на больш складанае заданне.
Праверыць свае веды ў першым этапе рэпетыцыйнага тэсціравання, якое стартавала на Ляхавіччыне 8 лістапада, прыйшлі 186 чалавек. У другім этапе, што будзе працягвацца да 7 лютага, праверылі свае веды ўжо 94 чалавекі.
Парады псіхолага
Як найбольш эфектыўна падрыхтавацца да кантрольных выпрабаванняў і не нашкодзіць свайму псіхічнаму і фізічнаму здароўю – у практычных парадах педагога-псіхолага Алены ЛАБАНАВАЙ.
– У першую чаргу, вельмі важна стварыць пазітыўны настрой, які будзе стымуляваць падрыхтоўку да тэсціравання. Будзьце ўпэўнены ў сабе.
Загадзя плануйце свой час так, каб у гадзіны заняткаў нішто не адцягвала ўвагу (візіты сяброў, тэлефонныя званкі і г. д.). Перад заняткамі праветрыце пакой, выключыце тэлевізар.
Падрыхтуйце сваё працоўнае месца, каб займацца было зручна, усё неабходнае было пад рукой: падручнікі, сшыткі, табліцы і іншае.
Псіхолагі, якія вывучаюць уплыў колеру на чалавека, рэкамендуюць увесці ў інтэр’ер каляровыя «плямы»: жоўтыя, аранжавыя, фіялетавыя, паколькі яны павышаюць інтэлектуальную актыўнасць.
Прадумайце парадак пад-рыхтоўкі да тэсціравання. Складзіце план, у якім пастарайцеся вызначыць аб’ём матэрыялу для штодзённых заняткаў. Пры планаванні трэба ўлічваць індывідуальныя асаблівасці, вызначыць, хто вы – «сава» або «жаваранак», у залежнасці ад гэтага максімальна загрузіць ранішнія або вячэрнія гадзіны. Але не рэкамендуецца займацца поз-на ўвечары: такая праца менш эфектыўная, матэрыял не засвоіцца.
Падрыхтоўка да тэсціравання патрабуе шмат часу, але яна не павінна займаць абсалютна ўвесь дзень. Увага і канцэнтрацыя слабеюць, калі доўга займацца аднастайнай работай. Абавязкова чаргуйце працу і адпачынак. Напрыклад, 40 мінут заняткаў, 10 мінут адпачынку.
Пасля 2-3 гадзін работы трэба рабіць вялікі перапынак на 30-40 мінут. У гэты час займіцеся спортам, пагуляйце на свежым паветры, проста адпачніце. Вядома, што чаргаванне разумовай і фізічнай нагрузкі – выдатная прафілактыка стомленасці.
Для актыўнай работы мозга патрабуецца шмат вадкасці, таму карысна піць простую або мінеральную ваду, зялёны чай.
Выконвайце рэжым сну і адпачынку. Пры ўзмоцненых разумовых нагрузках варта павялічыць час сну на гадзіну.
Замежная мова
Плюсы вывучэння замежных моў бясспрэчныя: можна чытаць літаратурныя творы ў арыгінале, быць у курсе апошніх навін і падзей, глядзець кінафільмы без субтытраў, а таксама разумець тэксты песень, не падглядаючы ў інтэрнэт. Акрамя гэтага, можна істотна пашырыць кругагляд. Таму многія выпускнікі адным з прадметаў па ЦТ выбіраюць замежную мову. А як рыхтавацца да тэсціравання па англійскай мове, расказала настаўнік Алена МАКСІМЧЫК.
– Пачынаць рыхтавацца да здачы ЦТ па англійскай мове можна ўжо з восьмага класа. Падрыхтавацца і самастойна рэальна, але толькі калі школьнік уседлівы, цярплівы і схільны да вывучэння замежных моў, – упэўнена Алена Эдуардаўна.
Да школьных падручнікаў раю яшчэ навучальныя дапа-можнікі Алены Карнеўскай «Английский язык. На пути к успеху», Таццяны Мітрошынай «Полный курс подготовки к ЦТ», Алы Тачылінай «Тренажёр по английскому языку», Ларысы Зямецкай «Полный курс подготовки к централизованному тестированию».
На жаль, для падрыхтоўкі да здачы англійскай мовы няма ідэальнага падручніка, дзе сабраны ўсе тэмы, таму збіраць інфармацыю трэба з некалькіх крыніц. Раю весці канспект.
Навучэнцам варта звяртаць увагу на выключэнні, якія сустракаюцца ў правілах, устойлівыя фразы і выразы, ужыванне артыкляў і прыназоўнікаў.
Немалую ролю адыгрывае і валоданне замежнай лексікай. Таму трэба чытаць кнігі ў арыгінале, глядзець фільмы і серыялы на замежных мовах, можна і з субтытрамі, слухаць навіны на англійскай мове. Зараз многа сайтаў, якія прапаноўваюць анлайн прайсці курсы ці паслухаць лекцыі па англійскай мове.
Больш практыкі! Рашайце больш тэстаў папярэдніх гадоў і абавязкова схадзіце на рэпетыцыйнае тэсціраванне.
Біялогія
Што аб’ядноўвае пчол і зайцоў, людзей і рыб, бактэрый і грыбоў? Навука пра жывое – біялогія. Парады пра тое, як самастойна падрыхтавацца да здачы тэсціравання па гэтым прадмеце, дае Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь настаўнік біялогіі Галіна БУНЕЛЬ.
– Падрыхтоўка да ЦТ па біялогіі – працаёмкі працэс, які забірае шмат часу і сіл, таму пачынаць рыхтавацца трэба як мага раней. Заняткі павінны быць сістэматычнымі і штодзённымі, – падкрэслівае Галіна Сігізмундаўна.
Адной з галоўных праблем пры падрыхтоўцы з’яўляецца мноства назваў і тэрмінаў, якія не так проста вывучыць. Адзін з варыянтаў, як іх запомніць, – выпісваць усе цяжказапамінальныя назвы і рабіць спецыяльныя карткі з малюнкамі або апісаннем, якія можна развесіць дома ці насіць з сабой, перыядычна праглядаючы іх. Складайце табліцы і схемы, малюйце малюнкі. Так лягчэй запомніць будову раслін, чалавечых органаў або бактэрый.
Прачытанае – гэта толькі тэорыя. Вучыцеся выкарыстоўваць атрыманыя веды, рашаючы тэсты і задачы па біялогіі. Наведайце пробнае тэсціраванне, рашайце заданні анлайн, скарыстайцеся зборнікамі тэстаў за мінулыя гады. Атрымліваць інфармацыю трэба мінімум з трох крыніц. Вывучыце школьныя кнігі па біялогіі, таксама ў канцы зборнікаў тэстаў ёсць спіс дапаможнікаў, якія будуць карысныя пры падрыхтоўцы да ЦТ.
Каб падрыхтавацца да тэсціравання, трэба вывучыць вялікую колькасць матэрыялаў. А рабіць гэта лепш пад кіраўніцтвам дасведчанага выкладчыка, які валодае неабходнымі ведамі, арыентуецца ў навучальных дапаможніках і ўмее сістэматызаваць навучальны працэс. Наведвайце факультатывы ў школе, не бойцеся падыходзіць і пытацца ў настаўніка тое, што не зразумела.
Ірына КУЗЬМІЧ.