Удачная лыжня. У аграгарадку Мір праходзілі абласныя спаборніцтвы па біятлоне сярод дзяцей і падлеткаў «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Школьнік з Ляхавіцкага раёна заняў першае месца

Тры дні – з 26 па 28 студзеня – у аграгарадку Мір Баранавіцкага раёна праходзілі абласныя спаборніцтвы па біятлоне сярод дзяцей і падлеткаў «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. На лыжаролерную трасу фізкультурна-спартыўнага клуба «Надзея» з’ехаліся каля трох сотняў 10-16-гадовых рабят з розных раёнаў Брэстчыны. Сярод  19 каманд была і зборная Ляхавіччыны ў складзе навучэнцаў СШ № 2, Ліпскай, Жарабковіцкай, Малагарадзішчанскай і Тухавіцкай школ.

Сёлетнія спаборніцтвы выдаліся даволі снежнымі, і юным лыжнікам давялося праявіць на маршруце вытрымку, спрытнасць і нават сілу духу. У праграме – дыстанцыі 600, 800 і 1000 метраў па тры кругі і два агнявыя рубяжы пасля кожнага. І нашы рабяты справіліся! У старэйшай узроставай групе сярод юнакоў 2005-2006 гадоў нараджэння першае месца заваяваў Міхаіл Гатоўчыц з Ліпскай СШ, бронза –  у старэйшай узроставай групе сярод юнакоў 2004 года нараджэння ў Сяргея Негарожына з Жарабковіцкай СШ. Уладзіслаў Мацвіенка з гэтай жа школы таксама паказаў добры вынік і заняў чацвёртае месца ў старэйшай групе.


Намеснік старшыні аблвыканкама Генадзій Барысюк, старшыня абласнога аддзялення Беларускай федэрацыі біятлона Сяргей Гладышаў, старшыня Баранавіцкага райвыканкама Міхаіл
Палуян шчыра віталі ўдзельнікаў спартыўнага турніру і ўручылі пераможцам дыпломы, кубкі і медалі.
Пераможцы абласнога этапу «Снежнага снайпера» ўвойдуць у склад зборнай каманды для ўдзелу ў рэспубліканскіх спаборніцтвах, што хутка адбудуцца ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы».
На спаборніцтвах нашых семярых хлопчыкаў і семярых дзяўчынак падтрымлівалі і накіроўвалі настаўнікі фізічнай культуры і здароўя з Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча Ігар Рогаўцаў і Ліпскай СШ Васілій Малевіч. Ім слова, а таксама нашым юным землякам, якія заваявалі статус пераможцаў.

Ігар РОГАЎЦАЎ:
– Нашы рабяты праявілі сябе выдатнымі лыжнікамі, хаця траса не была лёгкай. Ды яшчэ снег з дажджом у дадатак. Пад’ёмы, спускі, горкі, павароты і снег насустрач, але ніхто не сышоў з дыстанцыі, выкладваліся, як кажуць, па поўнай. Падтрымлівалі адзін аднаго, радаваліся, падказвалі, беглі побач.
А Міша Гатоўчыц, як самы падрыхтаваны з каманды, прафесіянал, нават вучыў рабят.

Васілій МАЛЕВІЧ:
– Лічу, што ўдзел у такіх маштабных спаборніцтвах – ужо вынік. Кожны з рабят – малайчына! Яны, аматары біятлона, тыя, хто не так часта стаіць на лыжах з-за маласнежных зім, трымаліся стойка, па-баявому: беглі па ўзгорках, стралялі па мішэнях з пнеўматычных вінтовак. Канешне, ганарымся нашымі навучэнцамі.

Міхаіл ГАТОЎЧЫЦ, дзевяцікласнік Ліпскай СШ:
– Вельмі рады першаму месцу, дыплому і медалю. Канешне, настройваў сябе на перамогу – без гэтага ніяк у спаборніцтвах. Хваляваўся, каб не падвесці бацькоў, свайго трэнера і настаўнікаў. Лыжы люблю, на іх з чацвёртага класа. Перамога на нядаўніх раённых спаборніцтвах па біятлоне стала натхняльнай размінкай перад сур’ёзнымі выпрабаваннямі. На рэспубліканскія спаборніцтвы мяне рыхтуюць бацька і трэнер СДЮШАР Аляксандр Кірмель.

Сяргей НЕГАРОЖЫН, адзінаццацікласнік Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча:
– Эмоцыі пасля спаборніцтва самыя пазітыўныя. Наша каманда вярнулася не з пустымі рукамі. Задаволены сваім вынікам. Буду і далей трэніравацца,тым больш і надвор’е стаіць – як раз лыжнае .

Лыжаролерная траса Баранавіцкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба «Надзея», што размешчана ў аграгарадку Мір Баранавіцкага раёна, статус спартыўна-біятлоннага комплексу са стрэльбішчам на два дзясяткі ўстановак атрымала ў сакавіку 2019 года пасля рабочай паездкі туды Прэзідэнта краіны. Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне па рэканструкцыі лыжаролернай трасы і будаўніцтве стралковага ціра. З абласнога бюджэту на будаўніцтва пайшло больш за 800 тысяч рублёў, набыта абсталяванне для падрыхтоўкі лыжных трас. Тут створаны ўмовы і для аматарскіх заняткаў спортам, і для спаборніцтваў рознага ўзроўню.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва Ліпскай і Жарабковіцкай школ.