Акцэнт на ўласныя рэсурсы. Прашу слова!
Асноўныя палажэнні праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021 – 2025 гады актыўна абмяркоўваюць тыя, каму давядзецца на месцах працаваць над яе рэалізацыяй.
Сваімі думкамі, разважаннямі, бачаннем перспектыў дзеляцца і нашы землякі.
Калі знаёміўся з асноўнымі палажэннямі праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку, у першую чаргу, праецыраваў іх на Крыво-шынскі сельсавет. І, канешне, аналізавалася зробленае за апошні час і выбудоўваліся планы на перспектыву.
Асноўны накірунак паляпшэння якасці жыцця насельніцтва згодна з Праграмай тычыцца галоўнага – сацыяльнай бяспекі і дабрабыту грамадзян. Будзе ўзмоцнена адраснасць сацыяльнай дапамогі. Плануецца, у тым ліку, адкрыццё новых і рэканструкцыя, капітальны рамонт дзеючых сацыяльных аб’ектаў. Значнай падзеяй у гэтым напрамку для Ляхавіцкага раёна ды і Брэстчыны стала адкрыццё ў мінулым годзе Крывошынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, разлічанага на адначасовае пражыванне 110 чалавек. Пры гэтым закранаецца не толькі сацыяльны аспект, але і тэма занятасці насельніцтва. Працаваць тут пры поўнай загрузцы змогуць каля 80 чалавек, у асноўным жыхары вёсак, якія будуць забяспечаны работай на бліжэйшыя дзесяцігоддзі.
У праекце Праграмы прадугледжана развіццё рэгіёнаў на аснове стварэння новых вытворчасцей і працоўных месцаў.
У тэму будзе і адкрыццё новых сельгасвытворчасцей і аб’ектаў аграрнага прызначэння, іх плануе на тэрыторыі сельсавета рэалізаваць СФГ «Вопыт КАА».
Закрану яшчэ адзін момант. Хутка пасля капітальнага рамонту і мадэрнізацыі будзе адноўлена работа цэха дрэваапрацоўкі Ляхавіцкага лясгаса, вытворчыя магчымасці пашырацца. Пакуль жыхароў Крывошынскага сельсавета, якія тут працавалі, адвозяць на транспарце лясгаса на работу ў райцэнтр на такую ж вытворчасць.
Згодна з Праграмай, будзе працягнута работа па стымуляванні развіцця сямейнага прадпрымальніцтва. У сельскіх рэгіёнах акцэнт – на паглыбленае выкарыстанне мясцовых рэсурсаў. Плануецца і пашырэнне паўнамоцтваў мясцовай улады для падтрымкі стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцей. Канкрэтныя напрацоўкі ў нас ужо ёсць: развіваецца фермерства, перспектыў яшчэ больш. Так, жыхар Галаўнінцаў арганізаваў фермерскую гаспадарку «Галаўнінскае-Агра» і зоймецца вырошчваннем зернебабовых, для гэтага яму выдзелены ў карыстанне зямельныя ўгоддзі. Прычым частку з іх ён ачышчае ад кустоўя самастойна – вось і культура земляробства. Жыхарка Ліпска збіраецца на фермерскай аснове разводзіць коз і нават варыць сыры.
У Праграме вызначана неабходнасць пашырэння работы мясцовых органаў кіравання па аказанні сацыяльна-бытавой дапамогі і дадатковай падтрымкі ветэранам вайны, адзінокім пажылым грама-
дзянам. Па гэтым накірунку сельвыканкам працуе ў цесным узаемадзеянні з ТЦСАН, у абавязковым парадку штогадова абследуем умовы жыцця гэтых катэгорый грамадзян, аказваецца рознага віду дапамога. Летась яе атрымалі больш за 50 жыхароў сельсавета на суму больш за 40 тысяч рублёў. Бясспрэчна, работы будуць прадаўжацца і далей.
Актуальныя і для нашага рэгіёна палажэнні наконт раскрыцця культурнага патэнцыялу. На тэрыторыі Крывошынскага сельсавета ёсць шэраг значных аб’ектаў культурнага, краязнаўчага, экалагічнага напрамкаў. Згодна з Праграмай на 2021-2025 гады, асноўная ўвага будзе надавацца беражлівым адносінам да аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Удзячны многім землякам, якія дапамагаюць у падтрыманні парадку на вялікай тэрыторыі Рэпіхаўскага парку, які ў кастрычніку 2019 года добраўпарадкаваным, прыгожым адзначыў, лічы, свой новы дзень нараджэння. Каб усё атрымалася, стваралі ўтульнасць, ачышчалі лясныя масівы ад аварыйных дрэў, майстравалі лаўкі прадстаўнікі працоўных калектываў раёна, моладзь, школьнікі. Хочацца спадзявацца, што, у рэшце рэшт, Рэпіхаўскі парк стане запатрабаванай кропкай на турыстычным маршруце па гасцінным ляхавіцкім краі. Канешне, дзеля гэтага давядзецца папрацаваць. І, лічу, тут свае намаганні павінны прыкласці і культработнікі раёна, не застанецца ў баку сельвыканкам.
У Праграме звернута ўвага і на неабходнасць прадаўжаць работу па стварэнні нацыянальных культурных брэндаў. У тым ліку і па арганізацыі фестываляў народнай творчасці, развіцці народных промыслаў. У Крывошынскім сельсавеце для гэтага таксама ёсць умовы. Напрыклад, у тым жа Рэпіхаўскім парку чаму б не арганізаваць на пастаяннай аснове пленэры мастакоў – прырода там цудоўная і разнастайная, толькі дрэў налічваецца больш за 50 відаў, з якіх 20 – экзатычныя. А ў Свяціцы можна праводзіць фестывалі з удзелам разьбяроў па дрэве, ёсць у нас выдатны майстар Цімур Майсеенка. У Праграме ідзе размова аб удасканаленні музейнай дзейнасці. У нас таксама тут вялікі патэнцыял. Выдатнымі шматлікімі і арыгінальнымі экспанатамі напоўнены экспазіцыі музея, створанага на базе Крывошынскай СШ, і кутка «Вытокі» Ліпскага дзіцячага садка.
Юрый ЧАРАНКЕВІЧ,
старшыня Крывошынскага сельвыканкама.