Сямейны голас. У рэспубліканскім адкрытым дыялогу «Мнагадзетная сям’я: прыярытэт дзяржпалітыкі»удзел прыняла і сям’я ляхавічан
У рэспубліканскім адкрытым дыялогу «Мнагадзетная сям’я: прыярытэт дзяржпалітыкі», што прайшоў у Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе, удзел прыняла і сям’я ляхавічан Кацярыны і Дзмітрыя Краўчэняў. Нашы землякі апынуліся ў ліку 20 сямейных пар, удастоеных быць саўдзельнікамі падвядзення вынікаў праведзеных у краіне дыялогавых пляцовак, дзе на сувязі былі бацькі, якія выхоўваюць трое і больш дзяцей. Свае прапановы і меркаванні яны выказвалі напярэдадні шостага Усебеларускага народнага сходу.
Мэты рэспубліканскага дыялогу, ініцыяванага Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, – абмеркаванне мер дзяржпадтрымкі сем’яў і выпрацоўка прапаноў па іх далейшым развіцці, захаванне традыцый, сямейных каштоўнасцяў.
Слова – Кацярыне Краўчэня, мнагадзетнай маці, выхавальніку дзіцячага дома сямейнага тыпу:
– Тое, што сустрэча з мнагадзетнымі сем’ямі прайшла ў такім фармаце, з удзелам намесніка Прэм’ер-міністра Ігара Петрышэнкі, міністра па працы і сацыяльнай абароне Ірыны Касцевіч, іншых адказных асоб, гаворыць пра вялікую ўвагу дзяржавы да сям’і.
Намеснік Прэм’ер-міністра адзначыў, што дзяржава ніколі не эканоміла і не будзе эканоміць на сям’і.
Ведаю не па словах, наколькі адчувальная дзяржаўная ўвага да мнага-дзетных. А яшчэ Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што ў гэтай пяцігодцы Урад працягне работу над вырашэннем важных для сем’яў пытанняў. Лейтматывам мерапрыемства стала пытанне Ігара Петрышэнкі: як зрабіць, каб вялікіх сем’яў у краіне станавілася як мага больш? Бацька чатырох дзяцей з суседніх Баранавічаў лічыць, што падтрымка дзяржавай сям’і, у якой нараджаецца другое дзіця, будзе гэтаму садзейнічаць.
Падчас сустрэчы ўзнімалася шмат сямейных тэм. Гаварылі пра ролю бацькі і маці ў выхаванні дзяцей, пашырэнне магчымасцяў выкарыстання сямейнага капіталу, укараненне ў навучанне і выхаванне ў школе праграмы «Асновы праваслаўнай культуры» ці «Асновы сямейнага выхавання» і г. д. Выказана такое пажаданне, каб быў уведзены студэнцкі праязны для юнакоў і дзяўчат з мнагадзетных сем’яў. Раней такая форма падтрымкі існавала, чаму б зараз не аднавіць, цікавіліся ўдзельнікі сустрэчы.
Ірына Касцевіч адзначыла: прапаганда здаровай, шчаслівай і ўладкаванай сям’і стала адным з прыярытэтаў бягучай пяцігодкі, што прапісана ў праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
На прапанову ўвесці дзяржаўную ўзнагароду бацькам за выхаванне дзяцей таты і мамы адказалі адмоўна: самая вялікая адзнака для іх, каб дзеці выраслі дастойнымі людзьмі. Выхаванне сыноў-дачок – прамы абавязак бацькоў, і пра ўзнагароды гаварыць недарэчна.
Адкрыты дыялог, яго атмасфера вельмі спадабаліся. Пачула шмат цікавых пазіцый, меркаванняў і ідэй. Вельмі прыемна, што голас сем’яў улічваецца пры вызначэнні шляху развіцця краіны.
На памяць пра сустрэчу засталіся і цудоўныя ўражанні ад экскурсіі па залах Нясвіжскага палаца.
Запісала Наталля ПЕРАПЕЧКА.