На вуліцы не адзін. У панядзелак у грамадскай прыёмнай працавала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Ляхавіцкага райвыканкама

З пытаннем, якое датычыла вячэрнага знаходжання на вуліцы падлеткаў, звярнуўся жыхар раёна. У прыватнасці, мужчыну цікавіла, ці можа яго 16-гадовы сын без суправаджэння дарослых знаходзіцца вечарам на вуліцы.
Наталля Францаўна ўдакладніла, што непаўналетнія да 16 гадоў з 23 да 6 гадзін не павінны знаходзіцца на вуліцы адны. Калі такі факт зафіксаваны, то адказваць давядзецца бацькам. У Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях такія дзеянні кваліфікуюцца згодна з артыкулам 17.13 як «невыкананне абавязкаў па суправаджэнні ці забеспячэнні суправаджэння непаўналетняга ў начны час па-за жыллём» і цягнуць пакаранне ад папярэджання
да штрафу ў памеры да дзвюх базавых велічынь.
– Вашаму сыну 16, і значыць ён можа самастойна ў цёмны час сутак, як кажуць, гуляць. Але тут існуе шэраг нюансаў. Першы датычыць бяспекі падлетка. Згадзіцеся, у гадзіну ці дзве ночы ён становіцца патэнцыяльнай мішэнню для ўчынення правапарушэнняў ці злачынстваў. Ды і ці правільна гуляць паўночы, а назаўтра ісці на заняткі? Наўрад ці дзіця выспіцца і будзе ўважлівым навучэнцам.Часта бацькоўскае раўнадушша ці патаканне жаданням сваіх дзяцей вядзе да безнагляднасці. У раёне быў выпадак, калі непаўналетнія спачатку выпівалі ў гаражы,
а пасля селі за руль машыны.
А нядаўняе здарэнне ў Брэсце, калі з 11-га паверха выпаў падлетак, які ў кампаніі сяброў адзначаў дзень нараджэння, наогул пацвярджае: бацькі не павінны пакідаць сваіх сыноў-дочак без нагляду, не трэба ствараць сітуацыі, калі яны могуць пераступіць закон ці стаць ахвярай правапарушэння. Даверлівыя адносіны дапамогуць знаходзіцца ў курсе падзей, якімі жыве дзіця, – падкрэслівае Наталля Мацкевіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.