І медыятар у дапамогу. «ЛВ» прапануе адказы на найбольш актуальныя пытанні, з якімі ляхавічане звяртаюцца ў загс
Акрамя ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу, выдачы пасведчанняў аб нараджэнні і смерці, супрацоўнікі аддзела загса праводзяць рэгістрацыю іншых актаў грамадзянскага стану, разбіраюцца са зваротамі грамадзян.
ЛВ» прапануе адказы на найбольш актуальныя пытанні, з якімі землякі звяртаюцца ў загс. Сітуацыі каменціравала начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік.
– Ці можна ўрачыста адзначыць юбілей сумеснага жыцця ў загсе?
– Згодна з Кодэксам аб шлюбе і сям’і, органы, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, могуць аказваць дадатковыя платныя паслугі. На сёння ўрачыстая рэгістрацыя, напрыклад, сярэбранага ці залатога вяселля каштуе 18,80 рубля. Для ўзгаднення даты і часу правядзення цырымоніі юбілярам неабходна загадзя звярнуцца ў загс. Для кожнай пары складаецца асобны сцэнарый, заснаваны на фактах біяграфіі сям’і, гісторыі знаёмства і кахання – усё, каб зрабіць мерапрыемства цёплым, душэўным і запамінальным.
– Плануем вяселле гэтым летам. Ці магчыма правесці рэгістрацыю шлюбу ў аграсядзібе?
– Рэгістраваць шлюб дазваляецца як у загсе, так і ў памяшканнях устаноў культуры, гістарычных і памятных месцах, будынках, што адносяцца да помнікаў архітэктуры і мастацтва. Кожная пара выбірае, што ёй больш падабаецца.
Супрацоўнікі аддзела загса выязджаюць для правядзення цырымоніі, калі таго пажадаюць маладыя, і ў аграсядзібы, але толькі тыя, што знаходзяцца ў межах Ляхавіцкага раёна. Дарэчы, няхай і нячаста, але ўсё ж прыклады такіх выязных рэгістрацый у нашай практыцы сустракаюцца. Кошт паслугі вызначаецца адпаведна з тарыфамі на дадатковыя платныя паслугі і складае 40,6 рубля, па індывідуальным сцэнарыі – 50 рублёў. Дадаткова аплачваюцца транспартныя расходы за праезд работніка аддзела загса да месца рэгістрацыі.
– Ці абавязкова падчас падачы заявы аб уступленні ў шлюб павінны прысутнічаць і жаніх, і нявеста?
– Жадаючыя ўзяць шлюб падаюць у загс сумесную заяву. Аднак, ёсць пэўныя выключэнні, абставіны, якія абумоўліваюць прысутнасць толькі аднаго з іх. Напрыклад, цяжкая хвароба, праходжанне абавязковай воінскай службы і іншыя. Тады заява на рэгістрацыю шлюбу, запоўненая па ўстаноўленай форме, падпісаная жаніхом і нявестай, падаецца адным з іх. Але подпіс асобы, якая не прысутнічае пры падачы заявы, павінен быць папярэдне засведчаны кіраўніком органа загса і замацаваны адпаведнай пячаткай. Акрамя таго, такі подпіс можа зацвярджацца камандзірам воінскай часці, капітанам марскога судна, начальнікам экспедыцыі, галоўным урачом установы аховы здароўя і г. д. – у залежнасці ад таго, дзе на момант падачы заявы знаходзіцца адзін з пары, якая збіраецца стаць сям’ёй. Сапраўднасць подпісу можа быць засведчана таксама натарыусам ці іншай асобай, якая згодна з заканадаўчымі актамі мае права праводзіць такія натарыяльныя дзеянні.
– Бацькі могуць звярнуцца ў загс з просьбай не праводзіць цырымонію рэгістрацыі шлюбу з-за таго, што жаніх – замежны грамадзянін?
– Такія выпадкі здараліся і ў рабоце Ляхавіцкага загса. Прычыны былі і іншыя: не падабаецца будучы зяць, ці нявестка не роўня сыну.
Калі ў жадаючых узяць шлюб ёсць усе неабходныя дакументы, яны вытрымліваюць узроставы цэнз, мы не маем права адмовіць ім у рэгістрацыі. Ніякія слёзы, угаворы і нават пагрозы з боку бацькоў ці іншых сваякоў не дапамогуць, калі толькі жаніх ці нявеста самі не перадумаюць.
– На ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу звычайна гучыць марш Мендэльсона. А можна па жаданні маладых замяніць гэту музыку на іншую кампазіцыю?
– Вядомая ва ўсім свеце мелодыя – вясельны марш Мендэльсона – упершыню прагучала для шырокай аўдыторыі ў 1858 годзе і ў нашыя дні асацыюецца з адным са шчаслівых момантаў у жыцці. Гэта своеасаблівы гімн для маладых. Пад яго акорды пачыналі сумеснае жыццё нашы прабабулі і прадзядулі, мамы і таты, мы самі і, напэўна, пачнуць нашы дзеці. Але і тут ёсць права выбару, маладыя могуць падабраць сваю мелодыю, але тады загс не нясе адказнасці ні за якасць падачы музычнай кампазіцыі, ні за яе адпаведнасць урачыстасці самой падзеі.
– Цяпер шлюб скасоўваюць і ў загсе. Як праходзіць такая працэдура?
– Сапраўды, скасаваць шлюб з 2013 года можна і ў загсе. Муж і жонка падаюць сумесную заяву на скасаванне шлюбу, яна разглядаецца на працягу месяца. Ёсць пэўныя ўмовы, пры наяўнасці якіх можна скасаваць шлюб у загсе: узаемная згода на скасаванне шлюбу, адсутнасць агульных непаўналетніх дзяцей і спрэчак аб маёмасці. Дарэчы, зараз мужу і жонцы на добраахвотнай аснове прапануецца
працэдура прымірэння з дапамогай медыятара. Непасрэдна перад ёй супрацоўнікі загса праводзяць інфармацыйную сустрэчу, падчас якой расказваюць мужу і жонцы пра функцыі медыятараў, мэты, прынцыпы і правілы правядзення медыяцыі, правы і абавязкі бакоў, парадак і прававыя наступствы заключэння медыятыўнага
пагаднення. Патлумачу, што медыятарства – гэта садзейнічанне трэцяга боку двум ці больш бакам у пошуку рашэння ў спрэчнай ці канфліктнай сітуацыі. Займацца гэтай справай можа грамадзянін, які валодае спецыяльнымі ведамі і навыкамі ў галіне медыяцыі і мае адпаведнае пасведчанне, якое выдаецца Міністэрствам юстыцыі на падставе рашэння кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях медыяцыі.
Сямейная медыяцыя – новы альтэрнатыўны, добраахвотны, канфідэнцыяльны метад урэгулявання сямейных канфліктаў, пабудаваны на аснове перамоў. Ён улічвае інтарэсы ўсіх бакоў.
– Можа параіце якія-небудзь прыгожыя даты для рэгістрацыі шлюбу ў гэтым годзе?
– Многія пары вельмі адказна падыходзяць да ўсіх працэдур, звязаных з рэгістрацыяй шлюбу, пачынаючы з выбару даты, калі адбудзецца такая важная падзея. Некаторыя значную ролю надаюць магіі лічбаў, выбіраюць, на іх думку, прыгожую і правільную дату, лічаць, што яна стане сімвалам шчаслівага сямейнага доўгажыхарства. Пералічу даты, што, напэўна, зацікавяць такіх маладых: 02.02.2021, 12.02.2021, 20.02.2021, 03.03.2021, 05.05.2021, 07.07.2021, 21.08.2021, 09.09.2021, 21.10.2021, 11.11.2021, 21.12.2021.
Але якой бы магічнай ні была дата, галоўнае – далейшае жыццё. Няма нічога важнейшага за каханне, узаемаразуменне, згоду, давер, адданасць, уменне дараваць і давяраць адзін аднаму. Калі ўсё вышэйпералічанае будзе паміж мужам і жонкай, то незалежна ад таго дня, калі яны замацавалі свой саюз, іх далейшы сумесны лёс будзе доўгім і шчаслівым.