Маладзёжная гарантыя будучыні. Прашу слова!
Лічаныя дні да адной з галоўных падзей 2021-га, якая вызначыць парадак жыцця беларусаў на бліжэйшыя гады. У кожнага свае чаканні, пажаданні, меркаванні ад Усебеларускага народнага сходу, але ж галоўнае – тое, што ён павінен аб’яднаць усе пакаленні, даць адказы на пытанні, якія сёння востра стаяць перад грамадствам.
– Усебеларускі народны сход стаў для беларусаў ужо традыцыяй, падчас якой вырашаецца будучы лёс краіны, будуецца шлях, па якім нам ісці, жыць, працаваць, ствараць. Лічу, што павінны быць пачуты, абмеркаваны ўсе ідэі, прапановы, пажаданні людзей розных прафесій і ўзростаў.
І тыя, што датычаць грамадска-палітычнага ўкладу краіны, і сацыяльнай накіраванасці, і эканамічнага боку, і іншыя.
Мяне, як і многіх равеснікаў, цікавяць накірункі маладзёжнай палітыкі, сацыяльныя гарантыі і падтрымка гэтай катэгорыі грамадзян. Замацаванне моладзі на першых працоўных месцах – адно з важных пытанняў для развіцця рэгіёнаў. Зразумела, сёння моладзь больш амбіцыйная, патрабавальная, смелая, жадае атрымаць усё і адразу, і гэта нядрэнна, паколькі многае гатова аддаць узамен. Таму пытанні атрымання ўласнага жылля ці магчымасці будаўніцтва, гарантыі і льготы, у тым ліку крэдытаванне, магчымасці прафесійнага росту і самаўдасканалення павінны прагучаць і абмеркавацца. Але і моладзі трэба сказаць сваё слова руплівай працай на карысць сваіх рэгіёнаў.
Пра тое, што маладзёжнай палітыцы ўдзяляецца і будзе надавацца больш увагі, гаворыць і той факт, што сярод дэлегатаў шмат актывістаў БРСМ, Маладзёжнага парламента, маладых працаўнікоў з розных арганізацый і прадпрыемстваў.
Маргарыта КУХТА,
член Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь.