Сход дзяржаўнай важнасці
Правесці VI Усебеларускі народны сход трэба на самым высокім узроўні. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 2 лютага на нарадзе па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення УНС.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што да правядзення УНС застаецца зусім няшмат часу. «Цікавасць да форуму вялікая, што накладае асаблівую адказнасць. Гэта важнейшая падзея ў жыцці краіны, і мы абавязаны правесці на самым высокім узроўні», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Па-першае, неабходна паглядзець, ці ўсё гатова для сустрэчы дэлегатаў. У сталіцу прыедуць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў, прадстаўнікі ўсіх груп, як прынята гаварыць, нашай грамадзянскай супольнасці, грамадскіх арганізацый, палітычных партый, працоўных калектываў, асобных рэгіёнаў. Таксама будуць запрошаны госці, – сказаў Прэзідэнт. – Людзі, якія прыбылі з рэгіёнаў, павінны адчуваць сябе як дома, яны прыехалі да сябе дамоў, у сталіцу нашай Радзімы. Таму неабходна забяспечыць бяспеку, камфортныя ўмовы работы і адпачынку ўдзельнікаў сходу, адпаведным службам неабходна ўзяць на пастаянны кантроль усе гэтыя пытанні».
Па-другое, фармат форуму трэба эфектыўна выкарыстоўваць для вырашэння найбольш актуальных пытанняў. «Тут збяруцца людзі розных узростаў, прафесій і сацыяльных статусаў. За імі – тысячы, мільёны беларускіх людзей, працоўных калектываў. Гэтых людзей выбраў народ.
Мы павінны пачуць голас кожнага, увесь спектр меркаванняў, які ёсць сёння ў рэспубліцы, па самых розных пытаннях нашага жыцця», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Па-трэцяе, Прэзідэнт заявіў аб неабходнасці напярэдадні сходу яшчэ раз больш дэталёва прапрацаваць праблемы, якія хвалююць людзей. Ён нагадаў, што раней у абласцях прайшло абмеркаванне асноўных напрамкаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і шэрага іншых пытанняў, якія людзі выказалі на дыялогавых пляцоўках. Кіраўнік дзяржавы станоўча ацаніў работу памочнікаў Прэзідэнта, упаўнаважаных па абласцях і асабліва губернатараў па арганізацыі дыялогавых пляцовак на месцах. «Сабраліся дэлегаты – будучыя ўдзельнікі Усебеларускага народнага сходу – і абмеркавалі гэтыя пытанні. Зразумела, што дзве з паловай тысячы чалавек і запрошаных, гасцей (Усебеларускага народнага сходу. –Заўвага БЕЛТА) – усе яны там не выступяць. А вось абмеркаваць на месцы гэтыя пытанні, сканцэнтраваць і вынесці на Усебеларускі народны сход ад імя рэгіёна – гэта было зроблена правільна», – перакананы Аляксандр Лукашэнка.
«Гэта непасрэдна дапамагае адчуць пульс жыцця на месцах, паглыбіцца ў сутнасць праблем і такім чынам забяспечыць максімальную ўзважанасць і абгрунтаванасць будучых рашэнняў», – сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што па выніках работы Усебеларускага народнага сходу звычайна прымаецца рэзалюцыя, у якой абагульнены канцэптуальныя палажэнні.
А больш дэталёвая прапрацоўка тых ці іншых пытанняў, іх канкрэтызацыя – у Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця. «Рэзалюцыя абазначыць асноўныя напрамкі руху Беларусі да пэўных мэт, – удакладніў ён. – Але праз канцэптуальныя пытанні рэзалюцыі чалавек павінен убачыць сябе, канкрэтныя пытанні, якія яго хвалююць».
Прэзідэнт растлумачыў сваё сцвярджэнне на канкрэтным прыкладзе: калі ў падагульняючых дакументах УНС будзе зафіксавана рашэнне аб захаванні дзяржпрадпрыемстваў, адмове ад павальнай прыватызацыі, то людзі для сябе зробяць выснову, што можна спакойна прадаўжаць працаваць, без апасенняў за будучыню сваю і сваіх дзяцей. «Здавалася б, канцэптуальнае пытанне продажу дзяржуласнасці і прадпрыемстваў. Але чалавек праз гэта зразумее – яны (прадпрыемствы. – Заўвага БЕЛТА) будуць дзяржаўнымі, і гэта гарантыя, што ён будзе там працаваць. Або наадварот, будзе прапісана, што з малатка прададуць. І што тады рабіць? – прывёў прыклад Прэзідэнт. – Людзі павінны разумець, што асноўныя рашэнні Усебеларускага народнага сходу павінны адказаць на пытанне, да чаго прывядуць гэтыя рашэнні сёння, што будзе заўтра, паслязаўтра. Гэта галоўнае, аб чым мы, перш за ўсё, павінны думаць, прымаючы тыя ці іншыя рашэнні».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што людзей у Беларусі цікавяць розныя пытанні. «У аснове ўсіх пытанняў – эканоміка. І надзённыя пытанні жыцця людзей: цэнаўтварэнне, тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, працоўныя месцы, заработная плата і гэтак далей, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. – Паступае шмат прапаноў у галіне грамадска-палітычнага развіцця. Нашы грамадзяне сёння неабыякавыя да лёсу краіны, асабліва востра адчуваюць цяперашні адказны перыяд, калі ўсе мы павінны быць разам, павінны быць адзіныя, каб захаваць незалежную беларускую дзяржаву».
Прэзідэнт расказаў аб правядзенні ў краіне маштабнага сацыялагічнага даследавання і папрасіў садзейнічання грамадзян, якія будуць прымаць у ім удзел.
«Хачу звярнуцца да людзей – беларускага народа. Мы прынялі рашэнне аб маштабным сацыялагічным даследаванні ў Беларусі. І тады было даручэнне, каб мы гэтыя сацыялагічныя даследаванні завяршылі да Усебеларускага народнага сходу і паставілі там для адказу людзям канкрэтныя пытанні, ад якіх залежыць развіццё Беларусі і якія хвалююць людзей. Гэтыя сацыялагічныя даследаванні пачаліся. Даследавалі частку гарадоў, працоўных калектываў і гэтак далей. У бліжэйшыя некалькі дзён мы апытаем лю-
дзей (мы не даследавалі фактычна вёску, малыя гарады, раённыя цэнтры) і асобныя прадпрыемствы, якія нас больш за ўсё хвалююць у гарадах», – расказаў Кіраўнік дзяржавы.
«Таму я звяртаюся да людзей: калі прыйдуць да вас прадстаўнікі нашых сацыялагічных службаў і зададуць нейкае канкрэтнае пытанне, вельмі прашу аб’ектыўна і сумленна адказаць на гэтыя пытанні. Для мяне асабіста гэта вельмі важна. Для ўсіх нас вельмі важна, каб мы маглі прыняць добрыя, вывераныя рашэнні», – заявіў
Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца ананімнасці сацдаследавання, то Прэзідэнт зрабіў на гэтым моманце асаблівы акцэнт, бо некаторыя грамадзяне не жадаюць публічна выказваць сваю пазіцыю. «Нашы гэтыя пратэстуны і іншыя пачалі персанальныя даныя публікаваць у Telegram-каналах і гэтак далей. У іх (у людзей. – Заўвага БЕЛТА) ёсць меркаванне, яны ведаюць, што рабіць, ведаюць, каму давяраць – не давяраць, але публічна выказвацца не хочуць. Таму апытанне бу-дзе персанальнае і поўная ананімнасць. Ніякіх прозвішчаў і гэтак далей», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў важнасць поўнай аб’ектыўнасці пры правядзенні сацдаследавання, вынікі якога будуць апублікаваны. «Пытанні вельмі цікавыя і вельмі на-
дзённыя, якія датычацца жыцця нашых людзей», – адзначыў беларускі лідар.
Па матэрыялах БЕЛТА.