Сямейны дакумент на шчасце. Першы месяц 2021 года на Ляхавіччыне адзначаны нараджэннямі 15 малышоў

Першы месяц 2021 года на Ляхавіччыне адзначаны нараджэннямі 15 малышоў, з якіх сем – гараджане. Дзіцячы «рахунак» адкрыла дзяўчынка Эліна, паведаміла «ЛВ» начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік. Першынец зарэгістраваны ў чатырох сем’ях, другое і трэцяе –  таксама ў чатырох, у дзвюх чацвёртае. У адной сям’і нарадзілася шостае дзіця.

Сярод студзеньскіх малышоў вызначыліся Ульяна, вага якой пры нараджэнні склала  4320 грамаў і рост 56 сантыметраў, і Глеб з вагой 2075 грамаў і ростам 45 сантыметраў, які стаў самым маленькім нованароджаным першага месяца года. Дзяўчынак у другі зімовы месяц нарадзілася дзесяць (шэсць у вёсцы), пяць хлопчыкаў (два ў вёсцы). Вераніка, Ксенія, Юлія, Юліяна – такія і іншыя імёны давалі дзяўчынкам у першы месяц года. Хлопчыкаў назвалі Цімафеем, Уладзіславам, Кірылам і г. д.
Пяць пар зарэгістравалі адносіны ў аддзеле загса, па адной – у Ганчароўскім, Начаўскім, Навасёлкаўскім сельвыканкамах. Сярэдні ўзрост студзеньскіх жаніхоў склаў 34 гады, нявест – 33. Самаму маладому  жаніху 26 гадоў, а нявесце было на пяць гадоў менш. Марш Мендэльсона гучаў і для 42-гадовага маладога, і для 48-гадовай прадстаўніцы прыгожага полу.

Вынікі 2020 года
Са 176 народжаных у 2020 годзе на Ляхавіччыне 91 дзіця зарэгістравана ў аддзеле загса райвыканкама. Сярод іх адна двойня. У сельвыканкамах найбольш пасведчанняў аб нараджэнні выдалі Конькаўскі –17, Жарабковіцкі і Навасёлкаўскі –  па 16.
Сярэдні ўзрост бацькі ў мінулым годзе склаў 30 гадоў, маці – 28. Статус самага маладога таты Ляхавіччыны 2020 года атрымаў 20-гадовы зямляк, мамы – 17-гадовая зямлячка. Бацькам станавіліся і ў 51 год, а мамай у 42.
Упершыню сталі бацькамі 52 сямейныя пары, другое дзіця зарэгістравана ў  64 сем’ях. 42 сям’і атрымалі статус мнагадзетных, чацвёртае дзіця з’явілася ў дзесяці сем’ях, пятае – у чатырох, шостае – у дзвюх, па адной сям’і пабагацела на сёмае і восьмае дзіця.
Самыя папулярныя дзявочыя імёны мінулага года – Сафія, Ксенія, Паліна, Аляксандра. Сярод рэдкіх – Тэона, Сабрына, Алівія, Мішэль, Каталея. Мацвей, Багдан, Арсеній, Дзмітрый – так найчасцей называлі нашых хлопчыкаў. Сярод рэдкіх імёнаў – Аўраахам, Барыслаў, Міхей, Марцін.
Першы сямейны дакумент у высакосны год атрымалі 95 пар, з якіх 77 – у Ляхавічах. Сярэдні ўзрост жаніха – 32 гады, нявесце 30.
Мінімальны ўзрост маладой –17 гадоў, жаніх на два гады старэйшы. Марш Мендэльсона гучаў і для 87- і 80-гадовых вяскоўцаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.