«Вечарніца» ў Самары. Самадзейны калектыў з Ляхавіцкага раёна заваяваў адразу два дыплома лаўрэатаў I ступені

1673 удзельнікі з Кітая, Балгарыі, Польшчы, Турцыі, Казахстана, Расіі і Беларусі і 741 нумар – такім прадстаўнічым быў IV Міжнародны фестываль-конкурс дзіцячай, юнацкай і дарослай творчасці. На ім адразу ў двух конкурсах – «Навагодняя зорка» і «Цуды на Каляды» – вызначыўся самадзейны калектыў з Навасёлкаўскага СДК. Народны клуб аматараў песні, гумару і гульні «Вечарніца» ў намінацыі «народны вакал» у кожным творчым іспыце ўдастоены дыплома .
Конкурс праходзіў у Самары з 21 па 27 студзеня ў анлайн-фармаце. Нашы землякі адправілі на суд журы відэа выступлення – песню «А дзе нарадзіліся». Да звання пераможцы атрымалі і сертыфікат на ўдзел у вялікім фінале праекта «Творчы рух 2020-2021» IV Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай, юнацкай і дарослай творчасці «Залатыя пырскі мора», які адбудзецца ў чэрвені ў Сочы. Кіраўнік клуба Таццяна Пішч удастоена падзякі арганізатараў конкурсу за крэатыўны і неардынарны падыход да справы, за прафесіяналізм і падрыхтоўку на высокім узроўні ўдзельнікаў конкурсу.
Нашу «Вечарніцу» добра ведаюць і па-за межамі раёна. Таленавітыя ўдзельнікі калектыву ўмеюць з першых акордаў завалодаць увагай гледачоў. Энергічныя і крэатыўныя, яны, здаецца, не ведаюць стомленасці. Для іх сцэна – і элеватар, і поле, і ферма.
Дарэчы, творчая біяграфія калектыву пачалася тры дзесяцігоддзі назад. У рэпертуары клуба народныя песні, гумарыстычныя замалёўкі, фельетоны, гумарэскі, творы самадзейных аўтараў і кампазітараў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.