Рамантычная нядзеля. Як у Ляхавічах адзначылі Дзень закаханых

У гэтую нядзелю ва ўсім свеце адзначаецца адно з самых рамантычных святаў – Дзень закаханых або Дзень святога Валянціна. Традыцыйна 14 лютага закаханыя дораць адзін аднаму падарункі, адпраўляюць паштоўкі ў выглядзе сэрцаў – валянцінкі – з прызнаннямі ў самых светлых пачуццях.

Як расказалі ў Ляхавіцкім аграрным каледжы, напярэдадні 14 лютага ў іх «працаваў» сапраўдны Купідон, які разнёс «Пошту кахання»: збіраў валянцінкі ў юнакоў і дзяўчат, і дастаўляў іх адрасатам.

У СШ №1 у акцыі «Пошта Валянціна» змаглі прыняць удзел усе жадаючыя. Дастаткова было пакінуць сваю валянцінку з прызнаннем у паштовай скрыні, устаноўленай у школе.

У гімназіі таксама падрыхтаваліся да акцыі «Пошта святога Валянціна». Валанцёры зрабілі святочныя валянцінкі, падрыхтавалі куток з паштовай скрыняй, куды кожны мог апусціць сваё прызнанне, а напярэдадні свята паштальёны святога Валянціна іх даставілі.

А вось у СШ № 2, акрамя прызнання канкрэтнаму чалавеку, прызнацца ў любві можна было і сваёй Радзіме. Акцыя «Я люблю Беларусь» праходзіць тут не першы раз: навучэнцы маглі напісаць на дошцы, якую ўсталявалі ў фае школы, цёплыя словы пра нашу краіну.

Як надоўга пакінуць памяць пра самае рамантычнае свята? Вядома ж, зрабіць фота! А для гэтага ёсць і прыдатная лакацыя: крэатыўныя супрацоўнікі ляхавіцкай купалаўкі зрабілі тэматычную фотазону. А калі вы не ведаеце, які падарунак падарыць сваёй палавінцы, то там жа можна вырабіць паштоўку па індывідуальным заказе.

Дарэчы, 14 лютага – гэта яшчэ і сусветнае свята кнігадарэння. У гэты дзень у цэнтральнай і дзіцячай бібліятэках будзе праходзіць акцыя «Дарыце кнігі з любоўю». Кожны жадаючы можа падарыць бібліятэцы кнігу і атрымаць за гэта падарунак. Адна ўмова – кніга павінна быць выдадзена не раней за 2016 год.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота pixnio.com