Сезон закупак пачынаецца. Год толькі пачаўся, а ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» ва ўсю рыхтуецца да чарговага нарыхтоўчага сезона

Год толькі пачаўся, а ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» ва ўсю рыхтуецца да чарговага нарыхтоўчага сезона. Падлічваецца, колькі неабходна вырасціць агародніны, садавіны, зяленіва ў сваёй падсобнай гаспадарцы, а колькі закупіць, каб хапіла для далейшай перапрацоўкі на год работы. Напэўна, фермераў, тых, хто займаецца асабістай падсобнай гаспадаркай, вырошчвае агародніну і садавіну для сябе і на продаж, зацікавіць наступная інфармацыя.
У агароднінныя нарыхтоўкі аднымі з першых ідуць кабачкі, якія перапрацоўваюцца на заводзе ў розныя віды ікры. У планах закупіць 400 тон. Перавага аддаецца чыстым здаровым кабачкам жоўтага колеру, па найбольшым папярочным дыяметры да 10 сантыметраў. Абавязковая ўмова – нітратаў павінна быць не больш за  400 міліграмаў на кілаграм, сухіх рэчываў – 4-5 працэнтаў.
Таксама ў планах – набыццё 400 тон капусты белакачаннай сярэдняспелых сартоў і гібрыдаў. А вось для закладкі на доўгатэрміновае захоўванне будзе закупляцца капуста позніх сартоў і гібрыдаў. Асноўныя патрабаванні да агародніны на захоўванне – памер і якасць. Качаны павінны быць шчыльныя, белыя, чыстыя, не пашкоджаныя шкоднікамі і хваробамі. Сярэдняя маса аднаго
качана – больш за два кілаграмы.
У планах завода – набыць 300 тон агуркоў. Цікавяць сарты і гібрыды, вырашчаныя ў адкрытым грунце, прызначаныя для засолкі ці кансервавання. Пажадана, каб агуркі адпавядалі наступным параметрам: не былі даўжэй за 11 сантыметраў, найбольшы папярочны дыяметр – не больш за пяць сантыметраў.
Свежыя яблыкі – адзін са стратэгічных відаў сыравіны для нашага прадпрыемства. З іх выпускаем як непасрэдна яблычную прадукцыю, так і выкарыстоўваем гэту садавіну ў іншых плодаагароднінных кансервах. Таму ў сёлетні сезон збіраемся закупіць тысячу тон яблыкаў, з якіх  400 тон пойдзе на захоўванне, 600 тон адправіцца на перапрацоўку, у тым ліку ў яблычнае пюрэ. На што перш за ўсё неабходна звярнуць увагу патэнцыяльным прадаўцам гэтай садавіны? Прымаем яблыкі сярэдняспелых і позніх сартоў дыяметрам не менш за пяць сантыметраў без прыкмет загнівання.
Папулярны від нашых кансерваў – варэнне. З кожным годам пакупнікі набываюць яго ўсё актыўней, спажывецкі попыт павялічваецца. У планах – закупіць па дзве тоны маліны і клубніц, а таксама тры тоны журавін.
Усе цэны на сыравіну будуць фарміравацца на момант закупак.
Формы супрацоўніцтва з насельніцтвам і сялянскімі фермерскімі гаспадаркамі прадугледжваем самыя розныя і на ўзаемавыгадных умовах. У прыватнасці, разглядаем варыянты па заключэнні дагавораў на ўмовах пастаўкі кансервавым заводам насення, гербіцыдаў узамен гарантыі на пастаўку вырашчанай
СФГ прадукцыі належнай якасці.
Усіх зацікаўленых фізічных і юрыдычных асоб запрашаем да ўзаемавыгаднага паспяховага супрацоўніцтва. Неабходную інфармацыю можна атрымаць у спецыялістаў нашага прадпрыемства па тэлефонах: 2-18-70, 2-18-33.

ВАЖНА

Галоўнай умовай пры закладцы на захоўванне любой прадукцыі з’яўляецца добрая лежкасць сартоў ці гібрыдаў, а таксама адсутнасць пашкоджанняў хваробамі і шкоднікамі.
Адміністрацыя  ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод».