У Ляхавіцкім аграрным каледжы ставілі літаратурна-тэатралізаваную імпрэзу
Напярэдадні Дня роднай мовы ў Ляхавіцкім аграрным каледжы ставілі літаратурна-тэатралізаваную імпрэзу «Пасярод жыццёвай прозы», якую прысвяцілі творчасці Генадзія Бураўкіна. Сёлета яму споўнілася б 85 гадоў.
Цудоўныя вершы пра каханне гучалі ў выкананні юнакоў і дзяўчат, кранаючы сэрца шчырымі пачуццямі. Кожны вершаваны радок каляджане праігрывалі пад розныя песні на словы Генадзія Бураўкіна. Былі таксама і пантаміма, і танец. Прадстаўленне зачароўвала сваёй адзінасцю і лірычнасцю. У імпрэзе прынялі ўдзел больш за 25 чалавек.
Дзейства адбылося сумесна з Падлескай сельскай бібліятэкай, якая традыцыйна прызнаецца ў сваіх пачуццях да роднай мовы. Сцэнарый падрыхтавала выкладчык каледжа Таісія Шпак. Харэаграфічнымі пастаноўкамі займалася педагог Ліна Бравенка, дэкарацыі афармляла Людміла Бецька, гукааператар — Міхаіл Кліменка. Атмасфера панавала узнёслая і паэтычная. Агульнымі намаганнямі атрымалася літаратурнае свята, якое вучыць моладзь любіць нашу мову і размаўляць на ёй.
Ларыса ГЛЕБ, бібліятэкар Падлескай СБ.