З акцэнтам на заўтра. У Ляхавіцкім раёне прайшоў урачысты сход гаспадарчага актыву

2020 год, а з ім і пяцігодка адышлі ў гісторыю,  сталі яшчэ адным крокам на шляху развіцця  нашай краіны.
Шэрагам здабыткаў  і перамог азначаны гэты перыяд і на Ляхавіччыне. Зроблена і дасягнута нямала, але не ўсе праблемныя пытанні зняты з парадку дня, ёсць над чым працаваць
і далей. Якой была мінулая пяцігодка, якой павінна стаць
наступная – пра гэта ішла размова на традыцыйным сходзе гаспадарчага актыву раёна, які прайшоў у гарадскім Доме культуры ў мінулую пятніцу. Кіраўнікі органаў выканаўчай улады, мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, прадстаўнікі працоўных калектываў сабраліся, каб азірнуцца, зрабіць высновы, намеціць планы для ўпэўненага і мэтанакіраванага  руху наперад.

Лепшыя старасты Таццяна Пішч, Людміла Сідорская,
Надзея Патапчык і старшыня лепшага па выніках раённага конкурсу сельскага Савета дэпутатаў Дзмітрый Багушэвіч.

Да пачатку пасяджэння на інфармацыйных стэндах і выставах у фае ГДК можна было завочна азнаёміцца з развіццём розных сфер. Перапрацоўчая прамысловасць і сельская гаспадарка, прыватны бізнес і раённае спажывецкае таварыства, адукацыя і спорт, культура і сацыяльная абарона – кожная экспазіцыя цікавая і змястоўная. Каля стэндаў кансервавага і малочнага заводаў было асабліва шматлюдна, кожны мог паставіць сваю адзнаку прадукцыі гэтых вытворцаў – прадэгуставаць «смачныя прапановы».
Сход раённага актыву пачаўся яшчэ ў фае, паўсюдна ішло
абмеркаванне думкамі, ладзіліся дыскусіі, землякі дзяліліся планамі і задумкамі, успаміналі самыя значныя падзеі.
Вось меркаванні некаторых удзельнікаў сходу.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Ніна БУЛАТАЯ, старшыня Жарабковіцкага сельвыканкама:
– Канешне, за апошні час у плане добраўпарадкавання ў населеных пунктах сельсавета зроблена нямала.
У аграгарадку Жарабковічы ўладкаваны парк адпачынку, па вуліцы Мінскай усталявалі малыя архітэктурныя формы для кветак. Пасадзілі алею з  75 дрэў у гонар Вялікай Перамогі. Падчас суботніка ў аграгарадку Падлессе разбілі парк да юбілейнай даты – 75-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. У Падлессі асфальтавана некалькі вуліц. Шмат робіцца па зносе старых будынкаў, увядзенні ў севазварот пустуючых земляў, асабліва гэта тычыцца Яцкаўшчыны, Рамашак, Падлесся. Значная ўвага надаецца рабоце з адзінокімі і адзінока пражываючымі грамадзянамі, мнагадзетнымі і неўладкаванымі сем’ямі. Па ўсіх накірунках цесна ўзаемадзейнічаем з ААТ «Жарабковічы», навучальнымі ўстановамі, сацыяльнай службай, РАНС і РАУС. Разумеем, што для зручнасці землякоў патрэбна яшчэ нямала зрабіць. Мы да гэтага гатовы.

Ірына АНТАНОВІЧ, галоўны інжынер ААТ «Ляхавіцкі льнозавод»:
– Адназначна, мінулыя пяць гадоў для нашага прадпрыемства прайшлі са знакам плюс. Хаця і былі пэўныя праблемы, звязаныя з колькасцю і якасцю назапашанай сыравіны, але ўсё ж станоўчага куды больш. Асноўную частку прадукцыі адпраўляем, як і раней, на Аршанскі льнокамбінат, кароткае валакно ідзе на экспарт
у Кітай і краіны Прыбалтыкі. Асвоілі новыя віды прадукцыі, у прыватнасці, кастрабрыкеты. У планах – павелічэнне пасяўных плошчаў пад лён, набыццё пасяўной тэхнікі, паляпшэнне якасці сыравіны і, адпаведна, нашай прадукцыі.

Раман ГОЛЯ, трактарыст-машыніст ААТ «Нача»:
– У «Начы» створаны ўсе ўмовы, каб працаваць добра, таму стараемся не падводзіць. Сам рыхтую тэхніку да выхаду ў поле, так зручней. На жніве я за штурвалам «ягуара», у астатні час – на «ты» з любой тэхнікай. За апошнія пяць гадоў мая сям’я папоўнілася –
нарадзіліся сыны Іван і Міхаіл. Адбылася яшчэ адна значная падзея – нашай сям’і (а жонка таксама працуе ў «Начы» – ветурачом, зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску) выдзелілі дом.
Адкрываючы сход гаспадарчага актыву раёна, старшыня райвыканкама Мікалай Мароз падкрэсліў, што мінулая пяцігодка – гэта ўжо гісторыя са сваімі дасягненнямі і недапрацоўкамі, трэба рабіць высновы і рэалізоўваць пастаўленыя мэты. Наперадзе – новы віток у рашэнні задач, якія ставіць перад намі час. Справіцца з імі можна, калі кожны праявіць адказнасць, ініцыятыўнасць, будзе гаспадаром на сваім працоўным месцы, актыўным у грамадскай рабоце, паўсядзённым жыцці.
Пра зробленае і задачы на новую пяцігодку ў падпарадкаваных ім сферах гаварылі ў сваіх прамовах намеснікі старшыні райвыканкама.
Так, Андрэй Навагран глыбока і ўсебакова прааналізаваў дасягнутае за азначаны час, назваў канкрэтныя адрасы, дзе патэнцыял выкарыстаны не поўнасцю.
У прыватнасці, прагучала, што за мінулую пяцігодку 11 даведзеных раёну паказчыкаў і заданняў выкананы.
Не выкананымі засталіся паказчыкі па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і рознічным тавараабароце. Сітуацыю неабходна выпраўляць, і для гэтага ёсць магчымасці.
На 1 студзеня 2021 года ў раёне адно стратнае прадпрыемства – райаграсэрвіс, які зараз знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. Сярэдняя заработная плата ў цэлым па раёне ў параўнанні з пачаткам пяцігодкі вырасла на 81,8 працэнта. Андрэй Навагран звярнуў увагу на стан эканомікі і вытворчасці прамысловых і прыватных прадпрыемстваў (у раёне 42 малыя прадпрыемствы, якія выпускаюць 45 працэнтаў прадукцыі ад агульнараённага аб’ёму). Намеснік старшыні райвыканкама канстатаваў, што экспарт тавараў за апошнія пяць гадоў вырас у 2,1 раза, у тры разы павялічыўся выпуск экспартаарыентаванай прадукцыі.
Ляхавіцкі раён аграрны, таму сельскагаспадарчая тэма сярод галоўных. У дакладзе першага намесніка старшыні райвыканкама Анастасіі Рабцэвіч дэталёва прааналізаваны вынікі работы аграрнага сектара, акрэслены перспектывы далейшага развіцця сельскагаспадарчага комплексу раёна. Начальнік райсельгасхарчу падрабязна спынілася на вытворчых паказчыках усіх сельгаспрадпрыемстваў.

Да флагманаў АПК раёна ў асобе СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Нача» і «Жарабковічы», ЗАТ «Белпрампрыбор» калі і ёсць пытанні, то нязначныя, а вось у ААТ «Шлях новы», «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», КСУП «Ліпнянка» іх безліч, і не на ўсе ёсць адказы. Старшыня райвыканкама зазначыў: іх вырашэнне адкладваць нельга, там працуюць людзі, якія хочуць зарабіць добрую зарплату, жыць дастойна.
Што ў аграрных планах раёна? Анастасія Рабцэвіч сярод
асноўных назвала стварэнне трывалай кармавой базы, павелічэнне вытворчасці малака, будаўніцтва новых і рэканструкцыя старых МТФ, абнаўленне даільнага абсталявання і машынна-трактарнага парка і іншае. Кіраўнік раёна ўпэўнены, што вялікі рэзерв для развіцця сельскагаспадарчай галіны ў сялянскіх фермерскіх гаспадарак. Ён падкрэсліў неабходнасць знаходзіць дбайных гаспадароў і падтрымліваць іх пачынанні.
У выступленні намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Ляшчэні размова ішла пра стан спраў у будаўнічай галіне, уздымаліся дарожная тэма, пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якасці аказання паслуг, газіфікацыі сельскіх населеных пунктаў.
Расказала пра здабыткі, акрэсліла перспектывы і праблемы ў сацыяльнай сферы намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Яна канкрэтна гаварыла пра развіццё адукацыі, аховы здароўя, пра культурныя і спартыўныя дасягненні нашых землякоў, дэмаграфічную сітуацыю, узгадала і патэнцыял, які дапаможа дасягнуць поспехаў у розных накірунках. Асобна спынілася на пытаннях аказання адраснай сацыяльнай дапамогі, падтрымкі пажылых і адзінокіх людзей, прааналізавала стан правапарадку на тэрыторыі раёна, закранула асноўныя пытанні жыццезабеспячэння. Напрыканцы свайго выступлення дакладчык адзначыла, што ў Год народнага адзінства неабходна кансалідавацца ўсяму грамадству, каб наша краіна квітнела.
Уважліва слухалі прысутныя выступленні ўдзельнікаў сходу.
Своеасаблівай справаздачай аб рабоце ў Парламенце стала выступленне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людмілы Жалнерчык. Яна таксама падзялілася ўражаннямі ад удзелу ў VI Усебеларускім народным сходзе.
Дырэктар ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» Аляксандр Вашчук гаварыў пра справы і праблемы аднаго са старэйшых прадпрыемстваў раёна. Кіраўнік ААТ «Нача» Мікалай Тарлюк спыніўся не толькі на дасягненнях свайго сельгаспрадпрыемства, але і падзяліўся напрацоўкамі на бліжэйшую перспектыву.Старшыня Крывошынскага сельвыканкама Юрый Чаранкевіч расказаў пра стан спраў у аграгарадку і вёсках сельсавета, пра адкрыццё новых прадпрыемстваў, пра прыватны бізнес у сельскай мясцовасці. Як спрацавалі ляхавіцкія медыкі падчас пандэміі каранавіруса, пра медыцынскія абноўкі і кадравы патэнцыял – тэмы выступлення галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Георгія Хлябовіча. Ён як удзельнік VI Усебеларускага народнага сходу падзяліўся сваімі думкамі наконт убачанага і пачутага на ўсенародным форуме. Чым жыве жаночая арганізацыя, якія добрыя справы на рахунку прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, расказала старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Вольга Бурак.
Што неабходна для таго, каб бягучы год і наступныя сталі больш выніковымі, чым папярэднія? Як падкрэсліў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, рэцэпт аздараўлення, паляпшэння сітуацыі нескладаны: кіраўнікі арганізацый павінны наладзіць кантроль і ўлік, забяспечыць працоўную і тэхналагічную дысцыпліну, арганізаваць сваю работу і работу падначаленых, стварыць такія ўмовы, каб кожны член калектыву ішоў на работу з
добрым настроем і ўпэўненасцю ў значнасці свайго ўкладу ў агульны вынік.


Па выніках работы сходу было прынята адпаведнае рашэнне.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз і старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса ўручылі лепшым з лепшых, хто сваімі працоўнымі дасягненнямі і творчымі здабыткамі прымнажае гонар і славу Ляхавіччыны, ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы. Людміла Жалнерчык назвала лаўрэатаў раённага конкурсу сярод органаў мясцовага кіравання і самакіравання. Узнагародамі адзначаны пераможцы па выніках спаборніцтваў на лепшую арганізацыю па ахове працы. Сваіх уладальнікаў знайшлі граматы, падзячныя пісьмы ад раённага аб’яднання прафсаюзаў і раённага аграпрамысловага саюза. Ёсць яшчэ адна прыемная традыцыя для сходаў гаспадарчага актыву раёна – уручэнне перадавікам-сельгаспрадпрыемствам пераходных Ганаровых сцягоў. Па выніках мінулага года яны ўручаны: за дасягненне найвышэйшых паказчыкаў па вытворчасці збожжа і цукровых буракоў – ААТ «Жарабковічы» (дырэктар Антон Булаты); па вытворчасці рапсу і рэалізацыі малака – ЗАТ «Белпрампрыбор» (дырэктар Віталій Гаўрылаў); па вытворчасці бульбы і рэалізацыі мяса –  СВК «Ляхавіцкі» (старшыня Іван Вітко).
Завяршальным акордам сходу стала канцэртная праграма з удзелам самадзейных артыстаў Ляхавіччыны.

Грамата Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта на сходзе ўручана вядучаму інжынеру-механіку СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» Вячаславу Плескацэвічу.
Ганаровую грамату Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў атрымаў
дырэктар ААТ «Нача» Мікалай Тарлюк.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.