«Шэрыя» схемы абыходзяцца дорага. Пытанню выплаты неафіцыйнай заработнай платы або, як прынята яе называць, заработнай платы «ў канвертах» удзяляецца нямала ўвагі
Пытанню выплаты неафіцыйнай заработнай платы або, як прынята яе называць, заработнай платы «ў канвертах» удзяляецца нямала ўвагі, але гэта тэма, на жаль, не губляе сваёй актуальнасці.
У адпаведнасці з артыкулам 56 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, грамадзяне Рэспублікі Беларусь абавязаны прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў.
Удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў заключаецца ў выкананні патрабаванняў заканадаўства ў галіне падаткаабкладання як самімі грамадзянамі, так і работадаўцамі, якія выступаюць у ролі падатковых агентаў і абавязаны вылічваць, утрымліваць у фізічнай асобы і пералічваць у бюджэт вылічаную суму падаходнага падатку непасрэдна з даходаў плацельшчыка пры іх фактычнай выплаце, налічваць і выплачваць на выплаты ўсіх відаў у грашовым і (ці) натуральным выражэнні абавязковыя страхавыя ўзносы, узносы на прафесійнае пенсійнае страхаванне і іншыя плацяжы ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь.
Так, работнік з налічанай зарплаты выплачвае падаходны падатак (13 працэнтаў), узносы ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь (1 працэнт). Наймальнік выступае ў ролі агента і толькі пералічвае плацяжы ў бюджэт.
Пры гэтым работадаўца робіць адлічэнні ў ФСАН на сацыяльнае і пенсійнае страхаванне ў памеры 34 працэнтаў ад афіцыйна налічанай зарплаты і ўзносы ў Белдзяржстрах на страхаванне ад няшчасных выпадкаў і прафесійных захворванняў на рабоце, па якіх стаўка можа адрознівацца ў залежнасці ад умоў працы (для большасці суб’ектаў гаспадарання – 0,6 працэнта ад зарплаты).
Разам з тым, выяўляюцца выпадкі, калі ў камерцыйных структурах і індывідуальных прадпрымальнікаў у мэтах паніжэння выдаткаў на аплату працы персаналу выкарыстоўваецца «шэрая» схема аплаты працы.
Так, падчас праверкі ТАА «А», праведзенай Камітэтам дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці, устаноўлена, што работнікі атрымлівалі па ведамасці мінімальную заработную плату, вызначаную ў працоўным дагаворы, а асноўную частку зарплаты атрымлівалі «ў канверце», мінаючы бухгалтарскую справаздачнасць. Адпаведна, яна не абкладвалася падаткамі. Адносіны работнікаў да «шэрай» зарплаты пры гэтым былі пасіўнымі.
У перыяд з кастрычніка 2018-га па ліпень 2020 года ўстаноўлена 119 фактаў выплат дванаццаці работнікам ТАА «А» заработнай платы «ў канвертах» на агульную суму 44,9 тысячы рублёў, у выніку чаго ў бюджэт не паступіла падаткаў, абавязковых узносаў на агульную суму 21,6 тысячы рублёў.
Падман дзяржавы абыходзіцца дорага: з арганізацыяй, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія выплацілі (выдалі) даходы фізічным асобам без адлюстравання ў справаздачнасці, спаганяюцца падаткі (зборы), іншыя абавязковыя плацяжы ў бюджэт і пені за несвоечасовую іх выплату. За ўхіленне ад выплаты падаткаў прадугледжана не толькі адміністрацыйная (арт. 11.54, арт. 13.7, частка 1 арт. 13.5 КоАП Рэспублікі Беларусь), але і крымінальная адказнасць.
Неафіцыйная зарплата разам з тым пазбаўляе работніка пэўных ступеняў сацыяльнай абароны. Перш за ўсё, гэта адносіцца да пенсійнага забеспячэння, паколькі асобе, якая дасягнула пенсійнага ўзросту і афармляе пенсію, яна налічваецца зыходзячы з памеру афіцыйна атрыманай зарплаты. Такая ж сітуацыя складваецца пры разліку аплаты за перыяды часовай непрацаздольнасці работніка, налічэнні сярэдняга заробку за час працоўнага водпуску. Работнік пазбаўляецца сацыяльных гарантый, звязаных са скарачэннем, навучаннем, нараджэннем дзіцяці і іншымі сітуацыямі.
Нелегальна атрыманыя грашовыя сродкі дастаткова праблематычна накіраваць на набыццё жылля, аўтамабіля, іншыя буйныя расходы, таму што такія аперацыі знаходзяцца пад кантролем падатковых органаў, якія маюць права патрабаваць ад любога грамадзяніна прадстаўлення дэкларацыі аб даходах і маёмасці для ўстанаўлення крыніцы даходаў і іх памеру.
І самае галоўнае для работніка – адсутнасць якіх-небудзь гарантый атрымання агаворанай аплаты сваёй працы. Бо схема з атрыманнем «шэрай» зарплаты бесперабойна працуе толькі ў бесканфліктнай сітуацыі.
Выплата зарплаты «ў канвертах» – гэта вынік цэлага комплексу сур’ёзных парушэнняў у дзейнасці суб’екта гаспадарання.Калі з’яўляюцца няўлічаныя грашовыя сродкі, якімі можна плаціць зарплату «ў канвертах», – гэта прыкмета таго, што працуе крыніца атрымання няўлічаных наяўных грошай, выплата якіх у выглядзе заработнай платы «ў канверце» з’яўляецца толькі апошнім звяном у ланцужку парушэнняў заканадаўства ў сферы падаткаабкладання, у выніку чаго ў бюджэт нашай краіны недапаступаюць значныя сумы грашовых сродкаў.
«Шэрая» схема дазваляе наймальнікам пазбегнуць выплаты абавязковых страхавых узносаў, а работнікам – сэканоміць на падаходным падатку. Але ці апраўдана рызыка наймальніка, які ідзе на парушэнне дзеючага заканадаўства, і работніка, які пазбаўляецца пэўнай ступені сацабароны?
КДК Брэсцкай вобласці.