У паляўнічых ёсць пытанне
Кола праблем, з якімі землякі звяртаюцца ў «ЛВ» за дапамогай, надзвычай шырокае, а іх тэматыка самая разнастайная. Мы разбіраемся ў кожнай сітуацыі, абавязкова выслухоўваем усе бакі, якія задзейнічаны ў канфлікце, і імкнёмся дапамагчы, калі гэта ў нашай кампетэнцыі. Чарговую тэму, у якой разбіралася раёнка, агучыў у тэлефоннай размове ляхавічанін Іосіф Зубік.
Лесаўгоддзі Ляхавіцкага раёна, што знаходзяцца ў зоне адказнасці Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, па тэрытарыяльным прынцыпе падзелены на ўчасткі, замацаваныя за паляўнічымі калектывамі. Іосіф Зубік узначальвае Крывошынскі паляўнічы калектыў. Не так даўно аматараў палявання з гэтай суполкі папярэдзілі, што ў хуткім часе на замацаванай за імі лесатэрыторыі будуць зменены ўмовы палявання. У прыватнасці, уводзіцца новае дзяленне па зонах палявання, давядзецца набываць дадатковую пуцёўку, каб паляваць на аленяў, казуляў, дзікоў. Іосіф Зубік абураўся, што паляванне для мясцовых паляўнічых стане даражэйшым:
– Лічу, што такая пазіцыя ў корані няправільная, і яна прынясе толькі матэрыяльныя страты паляўнічым. Цяпер пуцёўка на зімовы сезон каштуе 50 рублёў для аднаго паляўнічага. Пры новых умовах за дзень палявання давядзецца заплаціць 10 рублёў. Калі ў нас забяруць лес, застанецца толькі поле і балота – асяроддзе, дзе водзяцца ў асноўным зайцы, і тое толькі летам. Восенню жывёла ідзе ў бок Выганаўскага возера. Такім чынам, паляваць большасць часу па ранейшых правілах не будзе дзе. Гэта, лічы, канец паспяховаму любімаму занятку. А для чаго мы такі доўгі час плацілі ўзносы? Акрамя таго, самастойна без усялякай дапамогі выконвалі розныя біятэхналагічныя мерапрыемствы: падкормлівалі жывёл, наводзілі парадак у лесе і г. д. А летась нашы паляўнічыя злавілі браканьера, які забіў казулю…
Каб хоць якім чынам паўплываць на сітуацыю, падрыхтавалі ліст, пад якім падпісаліся 34 чалавекі, і не толькі з Крывошынскага паляўнічага калектыву. Галоўная мэта звароту – адмяніць незаконнае, па меркаванні паляўнічых, рашэнне БТПР і вярнуць усё ў ранейшае рэчышча.
Менавіта калектыўны зварот стаў адным з пытанняў, што разглядаліся падчас работы раённай канферэнцыі БТПР, якую нядаўна склікалі ў Ляхавічах. У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх паляўнічых участкаў раёна, а таксама намеснік старшыні рэспубліканскага савета РГА БТПР Дзмітрый Статкевіч і старшыня Брэсцкай абласной арганізацыйнай структуры РГА БТПР Уладзімір Юргель.
На пытанне паляўнічых, ці ёсць альтэрнатыва ўвядзенню новых правілаў, з боку рэспубліканскіх і абласных кіраўнікоў БТПР прагучаў адназначна адмоўны адказ.
– Зараз па ўсёй краіне праводзіцца аптымізацыя прыродных угоддзяў, якія наша структура арандуе для вядзення паляўнічай гаспадаркі. Рэспубліканскі савет БТПР прыводзіць у адпаведнасць з заканадаўствам дакументацыю па тэрытарыяльным дзяленні паляўнічых участкаў на зоны. Гэта лагічна, што той, хто палюе на зайца, заплаціць менш, чым той, хто выйшаў на капытных. Мы не закрываем для паляўнічых азначаныя ўчасткі лесу ў Ляхавіцкім раёне. Проста неабходна будзе купляць пуцёўкі, як гэтага патрабуюць Правілы палявання і як робяць у іншых рэгіёнах, – акрэсліў афіцыйную пазіцыю Уладзімір Юргель.
Члены Крывошынскага калектыву паляўнічых прапанавалі сваё выйсце: на ранейшых умовах перадаць ім тэрыторыю каля Тухавічаў, дзе калісьці вяліся торфараспрацоўкі. Адказ таксама быў адмоўны.
Спрэчкі ў той дзень не сціхалі доўга. Па градусе напалу атмасфера ў невялікай зале, дзе праходзіла канферэнцыя, набліжалася да крытычнай адзнакі. Аднак, да згоды і разумення бакі так і не прыйшлі. Кожны застаўся пры сваім меркаванні.
Так што, гісторыя, напэўна, будзе мець працяг.
Раённая арганізацыя БТПР сёння – гэта 188 паляўнічых і 55 рыбаловаў, якія плацяць узносы і маюць членскія білеты.
Галіна КАНЬКО.