“Вытокі дарог”. Бібліятэкары Ляхавіцкай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы літаратурную гадзіну прысвяцілі нашаму земляку Алесю Бадаку
«Вытокі дарог» – так бібліятэкары раённай бібліятэка імя Янкі Купалы назвалі літаратурную гадзіну, якую прысвяцілі нашаму земляку Алесю Бадаку. 28 лютага ўраджэнец вёскі Туркі адзначыў 55-годдзе. Напярэдадні юбілейнай даты ў купалаўцы гучалі вершы на беларускай мове, песні на яго словы. Алесь Бадак – фігура ў літаратурным свеце вядомая і аўтарытэтная – дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура”, пісьменнік, паэт-песеннік, публіцыст, крытык, аўтар больш як дзесяці паэтычных кніг, шматлікіх крытычных артыкулаў і рэцэнзій, а таксама тэкстаў песень. “Падаюць зоры”, “Школьны баль”, “Будзем жыць, як набяжыць” і іншыя песні палюбіліся і сталі, без перабольшвання, шлягерамі. Напрыклад словы песні “Добрыя людзі” ў выкананні ВІА “Сябры” таксама аўтарства Алеся Бадака.
У той дзень у літаратурнай гасцёўні беларуская мова лілася прыгожа, узнёсла і пранікнёна. Сустрэча падарыла шмат прыемных момантаў і гонар – пачынаў журналісцкую дзейнасць Алесь Бадак у нашай раёнцы. Сёння ён, па словах вядучых мерапрыемства, працуе над новай кнігай і прытрымліваецца прынцыпу: “Лепш не спяшацца, чым потым шкадаваць, што ідэя прыйшла занадта позна…”.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.