Флагман трымаў справаздачу.У СВК «Ляхавіцкі» падвялі вынікі працы за 2020 год і паставілі задачы на 2021

Словы флагман і СВК «Ляхавіцкі» даўно сталі сінонімамі. На гэта сельгаспрадпрыемства раўняюцца, з яго бяруць прыклад, а тутэйшыя працаўнікі па-ранейшаму плённа шчыруюць, сеюць і ўбіраюць хлеб, назапашваюць кармы і дояць малако, рамантуюць тэхніку і будуюцца, добраўпарадкуюць аграгарадок і вёскі – жыццё ідзе сваёй чаргой. Працуюць, каб зарабіць добра, каб гаспадарка развівалася. А што гэта так, пацвярджаюць вытворчыя паказчыкі. Кіраўніцтва і спецыялісты гаспадаркі, жывёлаводы і раслінаводы, механізатары і будаўнікі сабраліся разам у Русінавіцкім СДК на справаздачны сход, каб падвесці вынікі мінулага года, ацаніць дзейнасць кожнага падраздзялення і ўчастка, удакладніць задачы на сёння і акрэсліць перспектывы на заўтра.

За што можна паставіць плюс, а дзе, наадварот, змінусавалі, якія рэсурсы выкарысталі, а якія так і засталіся ў рэзерве, што паспрыяла паляпшэнню паказчыкаў, а што аказалася слабым звяном. На гэтым у сваім дакладзе падрабязна спыніўся старшыня «Ляхавіцкага» Іван Вітко.

Дарэчы, на працягу ўсяго сходу ў зале панавала зацікаўленая атмасфера, відавочна, тутэйшым людзям неабыякавы лёс гаспадаркі, яны разумеюць: калі здабыткі будуць высокімі, адпаведна, будзе паляпшацца і іх узровень жыцця. З чаго і пачаў сваё выступленне кіраўнік СВК.

Раслінаводчы расклад

Першым на парадку дня разглядаўся стан спраў у раслінаводстве.

Пасяўныя плошчы гаспадаркі – 3618 гектараў, дамінуюць кармавыя культуры – 47,3 працэнта, далей збожжавыя і зернебабовыя – 36,9 працэнта, азімы рапс – 13,8 працэнта, бульба – 1,7 працэнта і іншае.

І калі валавы збор збожжа без кукурузы зменшыўся на 1373 тоны ў параўнанні са жнівом-2019 за кошт змяншэння пасяўных плошчаў (тады арандавалі 700 гектараў тальмінавіцкіх земляў), ураджайнасць, наадварот, павялічылася на тры цэнтнеры і склала 48,2 цэнтнера з гектара. Лепшы вынік паказала брыгада «Рачканы» – 53,9 цэнтнера на круг. Валавы збор рапсу прырос летась на 294 тоны ў параўнанні з 2019 годам.

На змяншэнне ўраджайнасці бульбы свой адмоўны ўплыў аказала надвор’е, дакладней, адсутнасць дажджоў.

Кукуруза на зялёную масу па-сапраўднаму парадавала раслінаводаў «Ляхавіцкага»: валавы збор на 5843 тоны перавысіў ураджай-2019.

Вышэйшая за іншых ураджайнасць аказалася ў «Русінавічах» – 433 цэнтнеры з гектара (па гаспадарцы ў сярэднім – 396,5).

У цэлым па нарыхтоўцы кармоў на ўмоўную галаву жывёлы змінусавалі, тым не менш атрымалі важкі запас – 25,4 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.

Поўнасцю выкананы даведзены СВК дзяржзаказ па ўсёй раслінаводчай прадукцыі.

Важкі жывёлагадоўчы ўклад

Наступны акцэнт у справаздачы старшыні тычыўся жывёлагадоўлі. Вызначальная большасць пазіцый па гэтай галіне з клічнікамі.

Летась надоена 8684 тоны малака, плюс 132 тоны да пазіцыі ў 2019 годзе. Дарэчы, на бягучы год пастаўлена задача дасягнуць па вале 8950 тон. На 18 кілаграмаў малака больш – у сярэднім 8799 кілаграмаў – дала кожная рагуля (у 2021 годзе чакаецца адпаведна 9000 кілаграмаў).

Плюс дасягнуты і ў вытворчасці мяса, і ў атрыманні цялят, і ў сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы.

Для многіх сельгаспрадпрыемстваў наступны паказчык лічыўся б супервыдатным: летась гатункам экстра рэалізавана 97 працэнтаў надоенага малака – мінус 2,8 працэнта да аналагічнага пазалеташняга паказчыка. Але ў «Ляхавіцкім» гэта стала прадметам для сур’ёзнай размовы. Кіраўнік гаспадаркі быў катэгарычны: мінуса нельга дапускаць. Асноўнай прычынай спаду была названа зношанасць МТФ «Русінавічы», дзе дапушчана змяншэнне валавога надою, надою на адну карову, пагоршыўся паказчык па гатунковасці. Іван Вітко агучыў такі расклад: з-за вышэйзгаданых зніжэнняў штодзённа «Русінавічы» губляюць каля 1500 рублёў. Зразумела, наколькі буйная лічба атрымаецца па выніках года. На парадку дня – будаўніцтва новага малочнага комплексу. А пакуль, па словах старшыні, кіраўніцтву МТФ неабходна больш увагі надаваць паляпшэнню рацыёну жывёлы.

Важны факт: рэнтабельнымі па выніках 2020 года сталі ўсе асноўныя віды дзейнасці і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі. Таксама павялічыўся і чысты прыбытак па СВК.

Слова пра механізацыю, будаўніцтва

Іван Вітко, ацэньваючы работу падраздзялення механізацыі, быў лаканічны: калі і ёсць нюансы, то яны нязначныя. У цэлым работы па абслугоўванні раслінаводства і жывёлагадоўлі вядуцца своечасова і якасна.

Эканамічна выгадным аказаўся перавод некаторых аб’ектаў, у прыватнасці зернесушылак, на газ, у сувязі з чым расход паліва зменшыўся на 156 тон, эканомія склала каля 90 тысяч рублёў.

Шэраг аб’ектаў, напрыклад, узвядзенне новых сянажных траншэй у Русінавічах, рэканструкцыя бычніка на ферме «Мыслабаж», рамонт будынка для ўтрымання сухастою (МТФ «Русінавічы») і зернесушылак, пракладка газаправода да КЗС «Русінавічы», капітальны рамонт гаражоў і прахадной на мехдвары, вагавай у Русінавічах – на рахунку мясцовай будаўнічай брыгады. Канешне ж, узгадалася і значнае: пачата будаўніцтва МТФ на 720 галоў у аграгарадку Русінавічы. Нямала будаўнічых работ запланавана і на сёлета.

І пра галоўнае

Аснова асноў – чалавек з яго клопатамі і здабыткамі. Менавіта дзякуючы яму, вясковаму працаўніку, гаспадарка мае такія важкія паказчыкі.

І задача кіраўніцтва – стварыць такія ўмовы, каб каэфіцыент карыснага дзеяння работніка быў максімальна высокім, а аддача – поўнай. Ад зацікаўленасці і працавітасці кожнага члена сельгаскааператыва (сёння тут працуюць 256 чалавек) будзе залежаць агульны дабрабыт. З кожным годам расце зарплата. Летась сярэднямесячная склала 1091 рубель, што на 170 рублёў больш, чым у 2019 годзе.

Падчас сходу былі названы прозвішчы лепшых працаўнікоў, якія атрымалі граматы і грашовыя прэміі.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.