«Кіруюць» дзяўчынкі. У другі месяц года сярод дзяўчынак на Ляхавіччыне ў топе імёны Аляксандра і Анастасія

У другі месяц года сярод дзяўчынак у топе імёны  Аляксандра і Анастасія. Бацькі таксама давалі сваім дочкам імёны Аліта, Ніка, Кацярына, Міраслава, Валерыя і іншыя. У хлопчыкаў аказалася без паўтарэнняў – Аляксандр, Андрэй, Марык, Мікіта, Вячаслаў і іншыя.
32 гады – сярэдні ўзрост лютаўскіх татаў, а мам – 28.

Самай юнай мамачцы 18 гадоў, а самым маладым бацькам наш зямляк стаў у 22 гады.
Першынец нарадзіўся ў дзевяці сем’ях, у пяці – другое дзіця. Тры сям’і ў лютым атрымалі мнагадзетны статус, чацвёртае і пятае дзеці зарэгістраваны ў трох сем’ях.
Здаравячком месяца прызнаны хлопчык  Андрэй, які нарадзіўся вагой 4850 грамаў і ростам  56 сантыметраў. У сям’і ён пятае дзіця. Лютаўскай дзюймовачкай стала Аляксандра з вагой 1490 грамаў і ростам 44 сантыметры. Здароўя моцнага ўсім дзеткам!
У аддзеле загса склалася цудоўная традыцыя – напярэдадні Дня Канстытуцыі праводзіць Дзень адчыненых дзвярэй для школьнікаў раёна і ўсіх жадаючых. Сёлета гэта падзея запланавана на 12 сакавіка. Гасцям раскажуць пра нюансы, якія неабходна ведаць пры рэгістрацыі шлюбу. Напрыклад, якія дакументы для гэтага патрабуюцца, і якія дадатковыя платныя паслугі прадастаўляе аддзел загса райвыканкама. Жаніхам і нявестам, якія сёлета будуць рэгістраваць шлюб, пакажуць зал урачыстай рэгістрацыі. Парам, якія ў шлюбе шмат гадоў, раскажуць пра асаблівасці ўрачыстых цырымоній, прысвечаных памятным датам сумеснай біяграфіі. На ўсе пытанні, якія датычаць сямейнага заканадаўства, адкажуць спецыялісты загса.
Акрамя іншага, можна атрымаць на працягу дня кансультацыю псіхолага па праблемах сямейнага жыцця, узаемаадносінах паміж мужам і жонкай, па пытаннях выхавання дзяцей. Тэлефон для папярэдняга запісу 2-16-58.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.