Быць да людзей блізка. Па выніках рэспубліканскага агляду якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва за 2020 год сярод лепшых фельчарска-акушэрскіх пунктаў краіны – Жарабковіцкі

«ЛВ» паведамляў ужо, што па выніках рэспубліканскага агляду якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва за 2020 год  сярод лепшых фельчарска-акушэрскіх пунктаў краіны – Жарабковіцкі.  Ён адзначаны дыпломам III ступені Міністэрства аховы здароўя.

Факты і лічбы
– Тое, што Жарабковіцкі ФАП атрымаў такую высокую ацэнку Міністэрства аховы здароўя, лічу заслугай калектыву – працавітага, адказнага і вельмі ўважлівага да пацыентаў. Для сельскіх жыхароў фельчарска-акушэрскі пункт – тая ж паліклініка, толькі ў міні-фармаце і ў крокавай даступнасці, – падкрэслівае галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч.
У спісе крытэрыяў, па якіх ацэньваецца праца сельскіх ФАПаў, 19 пунктаў – увайсці ў  лік лепшых не проста. Улічваецца колькасць наведванняў  ФАПа пацыентамі і фельчарам на даму, ахоп насельніцтва рэнтгенафлюараграфічным даследаваннем, радыус абслугоўвання і іншыя паказчыкі.
Жарабковіцкі ФАП абслугоўвае больш за 900 чалавек з аграгарадка Жарабковічы, вёсак Зарытава і Гулічы. З гэтай колькасці 187 – дзеці да 18 гадоў, шэсць малышоў да года плюс чатыры цяжарныя жанчыны, пералічвае сваіх падапечных фельчар Святлана Сакалоўская. Амаль
26 гадоў яна на медыцынскім пасту і ўсіх землякоў ведае асабіста, прычым па імені і імені па бацьку, памятае год нараджэння, ды і наогул сямейную біяграфію. Тых, хто зараз у статусе маладых
мам, яна некалі забірала з раддома. Так сказаць, пайшло другое пакаленне.


Свой медык
У Жарабковіцкай акрузе яна свая – нарадзілася і вырасла ў Зарытаве. Спагадлівая і нераўнадушная, выбрала прафесію, каб дапамагаць людзям. Паўтара года пасля заканчэння Баранавіцкага медвучылішча набіралася вопыту ў Начаўскай амбулаторыі, а пасля вярнулася на малую радзіму. Святлана Сакалоўская – медык на ўсе рукі: вопытны, высокакваліфікаваны і да людзей з душой. Умее пераканаць, што лячэнне не трэба адкладваць на заўтра, а рабіць гэта своечасова. Землякі саліднага ўзросту называюць фельчара паважліва Іванаўна, а моладзь – Святлана Іванаўна. У многім дзякуючы сваёй прафесіі вымушана была і навучыцца вадзіць аўто, каб дапамога была хуткай. За дзень ад хворага да хворага, з дома ў дом сваіх пацыентаў накруціць не адзін кіламетр.

Міні-паліклініка
Мясцовыя жыхары ідуць на ФАП па розных прычынах:
у кагосьці падскочыў артэрыяльны ціск, павысілася тэмпература, неабходна зрабіць укол, надышоў час рабіць прышчэпку, выпісаць ліст непрацаздольнасці і г. д. А ёсць і такія, хто хоча пагаварыць за жыццё, – увага да ўсіх. ФАП адчыняецца ў 8.30, а вось заканчваецца працоўны дзень у фельчара не заўсёды па графіку: трэба папрацаваць з дакументамі, праведаць адзінокіх і адзінока пражываючых, а да кагосьці завітаць з добрым словам – для пажылых часам яно лепшае лякарства.
Сярод напрамкаў дзейнасці падраздзялення – не толькі амбулаторны прыём і лячэнне хворых дома, але і аказанне хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі пры вострых захворваннях і няшчасных выпадках. Асобная ўвага – вакцынацыі насельніцтва, прафілактыцы і зніжэнню захворванняў, правядзенню дыспансерызацыі. У праграме абследавання – ЭКГ, забор крыві, запаўненне анкеты па стане здароўя і г. д. Пры неабходнасці карціну здароўя дапаўняюць дадатковыя абследаванні.
Важна, што медыкі пільна вядуць улік назначэнняў і рэкамендацый доктара, а пры выдачы накіравання ў раённую паліклініку ўказваюць дату і час прыёму.

Ацэнка кадраў
Тры разы на тыдзень з Падлескай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, да якой прыпісаны ФАП, на прыём прыязджае Святлана Юнік. Урач агульнай практыкі ў вясковых умовах – і тэрапеўт,
і кардыёлаг, і неўролаг, і іншы вузкі спецыяліст. «Старанная і ўважлівая, умее знайсці падыход да кожнага…» – на рахунку медыка такія водзывы пацыентаў. Каб правільна ставіць дыягназ і назначаць лячэнне, пастаянна павышае і ўдасканальвае прафесійны ўзровень. Вялікае значэнне ў гэтым маюць і парады калег. Малады спецыяліст адзначае, што ёй пашанцавала з калектывам – дружны і вопытны. На прыёме звычайна дзве Святланы – фельчар і ўрач – выдатна дапаўняюць адзін аднаго.
У камандзе і медсястра Аліна Іовіч. Хоць і працуе першы год, але з абавязкамі спраўляецца прафесійна. Для ўрача і фельчара яна першы памочнік.
За чысціню і парадак на ФАПе больш за два дзесяцігоддзі адказвае санітарка Валянціна Лук’янчык. А яшчэ і майстарскі ўпрыгожвае тэрыторыю вакол установы, і летам тая выдзяляецца кветкавым афармленнем.

І лепшы ФАП, і пункт аптэчны
У ФАПе ўтульна і цёпла. У фае крэслы, на сцяне карысныя медыцынскія па-рады і рэкамендацыі. Кабінеты акушэркі, прыёму, персаналу і працэдурны – на здаровы настрой працуе і абстаноўка фельчарска-акушэрскага пункта. Тут можна набыць, дарэчы, і медыкаменты. Аптэчны пункт даволі запатрабаваны: у сярэднім абарот за месяц складае 1500 – 1700 рублёў. За дзень за меддапамогай у падраздзяленне звяртаюцца да 30 чалавек. На колькасць пацыентаў паўплываў і каранавірус. Выпрацаваны на гэты выпадак алгарытм тут выконваюць бездакорна: своечасова выявіць і накіраваць на абследаванне. Мазок ПЦР робяць на месцы і адпраўляюць у Баранавічы.
– На Ляхавіччыне 16 ФАПаў і восем амбулаторый урача агульнай практыкі. Прыемна, што сярод лепшых медустаноў рэспублікі гучаць нашы адрасы, – не хавае гонару за сваіх падначаленых намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Міхаіл Куляшоў.
…Калі карэспандэнты «ЛВ» прыехалі, каб напісаць пра работу ФАПа, пачулі ад пацыентаў словы ўдзячнасці і прызнання мясцовым медыкам. Калі іх абагульніць, атрымаецца нешта накшталт «прафесіяналы сваёй справы і людзі добрыя».

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.