Шчырая размова пра дзяржаўнае і асабістае. Сваімі ўражаннямі пра VI Усебеларускі народны сход падзяліўся старшыня Конькаўскага сельвыканкама Дзмітрый Багушэвіч
У жыцці бываюць такія падзеі, сустрэчы, якія пакідаюць у лёсе чалавека след, натхняюць, надаюць сіл. Яны падводзяць вынікі пройдзенага ўжо шляху і адначасова становяцца арыенцірам на будучыню. Старшыня Конькаўскага сельвыканкама дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу Дзмітрый Багушэвіч лічыць свой удзел у гістарычным форуме менавіта такой падзеяй. У мінулы чацвер сваімі ўражаннямі пра сход ён падзяліўся з калектывам Ляхавіцкага аграрнага каледжа.
– Перакананы, што Усебеларускі народны сход – сапраўды лёсавызначальная падзея для краіны. Асабліва натхніла выступленне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, якое доўжылася каля чатырох гадзін. Уразіла, наколькі ў нас мудры Кіраўнік дзяржавы, як умее правільна расстаўляць акцэнты, вылучаць прыярытэты. У сваім выступленні ён падкрэсліў, што пры вырашэнні надзённых задач ніяк не абысціся без адзінства. Адзінства беларусаў – галоўная ўмова паспяховага развіцця краіны, – расказаў Дзмітрый Багушэвіч.
Дэлегат таксама параўнаў перадвыбарныя праграмы Аляксандра Лукашэнкі і яго апанентаў. Апошнія, напрыклад, прапаноўвалі правядзенне павальнай прыватызацыі, ліквідацыю слабых прадпрыемстваў, выхад з Саюзнай дзяржавы з Расіяй, уступленне ў НАТА і ЕС, увядзенне платнай аховы здароўя і адукацыі і многае іншае.
Ці пра такія змены мараць простыя людзі, задаў рытарычнае пытанне Дзмітрый Багушэвіч, і ці пойдуць такія змены на карысць краіне.
У сваім выступленні дэлегат падрабязна спыніўся на пытаннях адукацыі, аховы здароўя, эканомікі, якія абмяркоўваліся на сходзе.
Адно з важных пытанняў,якія ўздымаліся на Усебеларускім народным сходзе, – павышэнне эфектыўнасці органаў самакіравання, пра што таксама расказаў старшыня сельвыканкама Дзмітрый Багушэвіч.
Ён даў уласную ацэнку падзеям канца 2020 года і падзяліўся сваім меркаваннем пра дзяржаўную падтрымку моладзі:
– Людзей, якія падтрымліваюць палітыку нашага Прэзідэнта, некаторыя грамадзяне называюць «ябацькамі». І лічаць, што гэта павінна быць чымсьці крыўдным. Але для мяне гэта не абраза. Мая краіна, мой Прэзідэнт падтрымалі мяне, калі я апынуўся ў складанай сітуацыі. Некалькі гадоў назад цяжка захварэў, атрымаў групу інваліднасці. Але нават у такім становішчы ў сваёй краіне я застаўся запатрабаваным, змог працаваць, забяспечваць сям’ю, далей атрымліваць адукацыю, мне аказвалася кваліфікаваная медыцынская дапамога. Гэта надзвычай важна. І няхай нам, патрыётам, часам прыдумваюць розныя назвы, хачу сказаць толькі адно – сваей краіне не здраджу. І людзей з такой жыццёвай пазіцыяй абсалютная большасць.
Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.