Пра права спажывецкае. Прамая тэлефонная лінія «ЛВ», на якой працавала галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Ляхавіцкага райвыканкама

Прадалі пратэрмінаваную прадукцыю, абразілі на рынку, няякасна абслужылі ў кафэ, «спалілі» хімічнай завіўкай валасы, пасля рамонту пральная машынка зламалася на другі ж дзень. На жаль, такія сітуацыі здараюцца. Таму кожны пакупнік, атрымальнік паслуг павінен ведаць, дзе ён можа абараніць свае правы і інтарэсы. У нашым раёне ўпаўнаважаным органам па абароне правоў спажыўцоў з’яўляецца аддзел эканомікі райвыканкама. Спецыялісты аддзела кантралююць выканане правілаў гандлёвага, бытавога і іншых відаў абслугоўвання насельніцтва на тэрыторыі раёна, разглядаюць звароты, заявы і скаргі грамадзян па даных пытаннях, кансультуюць.
15 сакавіка ў календары пазначаны як Дзень спажыўца ў нашай краіне і Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў. Якія правы мае пакупнік ці спажывец? А якія прадавец і той, хто аказвае паслугі?
Адказ на гэтыя і іншыя пытанні чытачы раёнкі змаглі пачуць падчас прамой тэлефоннай лініі «ЛВ», на якой працавала галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Дзіяна РАМАНАВА.

– Наколькі часта звяртаюцца жыхары раёна за дапамогай у абароне сваіх спажывецкіх інтарэсаў?
Пытанне ад «ЛВ».

– Летась у аддзел эканомікі паступіла 14 такога кшталту пісьмовых зваротаў і некалькі дзясяткаў тэлефонных. Датычыліся яны шматлікіх тэм і праблем: няякаснай устаноўкі вокнаў; вырабу мэблі; незахавання тэрмінаў выканання работ; продажу няякасных тавараў праз сацыяльныя сеткі і гандлёвыя інтэрнэт-пляцоўкі; немагчымасці вяртання тавараў, набытых падчас прэзентацый; навязвання спажыўцам пашыранай гарантыі пры набыцці, напрыклад, складанай бытавой тэхнікі.
Амаль палову складаюць звароты, звязаныя з набыццём тавараў на інтэрнэт-пляцоўках і праз сацыяльныя сеткі. Напэўна, многія карыстальнікі «Аднакласнікаў» сустракалі прапанову купіць адзенне, касметыку, абутак і г. д. Некаторыя заказвалі, што спадабалася. Пры гэтым мала хто звяртае ўвагу, што на старонцы віртуальнага пастаўшчыка адсутнічае інфармацыя пра прадаўца, месца знаходжання гандлёвага аб’екта ці гіперспасылкі на зарэгістраваны ў гандлёвым рэестры інтэрнэт-магазін. Такая няўважлівасць можа дорага каштаваць… Ёсць магчымасць, што прыйдзе аплачаны тавар, які не адпавядае заяўленым параметрам. А разабрацца з нядбайным прадаўцом цяжка, бо зваротны адрас на пасылцы не заўсёды прадаўца, можа быць і пасрэдніка-адпраўшчыка… Апошнім часам у розных сацыяльных сетках можна ўбачыць рэкламу па продажы запатрабаваных у пандэмію прыбораў для вымярэння ўзроўню кіслароду – пульсаксіметраў. Многія пакупнікі трапляюць на вудачку нядобрасумленных прадаўцоў. Звярталіся за дапамогай і ў аддзел эканомікі райвыканкама. Так, жанчына купіла пульсаксіметр за 45 рублёў, аказаўся сапсаваны. Вярнуць не змаглі, прадавец прапаў. Аналагічныя сітуацыі датычыліся набыцця электрычных зубных шчотак, фітнес-бранзалетаў і іншай прадукцыі. Заказваць праз інтэрнэт лепш у правераных інтэрнэт-магазінах, якія маюць канкрэтны адрас.
Увогуле, калі гаварыць пра аб’екты, на якія часцей за ўсё паступаюць скаргі, то гэта магазіны прыватнай формы ўласнасці.

– На рынку ў павільёне купіла сукенку, дома, калі прымярала, рэч перастала падабацца. Праз дзень пайшла да прадаў-
ца, хацела вярнуць тавар назад, а прадавец адмовілася браць.
Таццяна Іванаўна, г. Ляхавічы.

– Адназначна, прадавец паступіла няправільна. Згодна з Законам аб абароне правоў спажыўцоў, пакупнік мае права вярнуць набытую рэч і атрымаць назад свае грошы на працягу 14 дзён пасля пакупкі, нават калі тавар без браку. Прычына можа быць любая: рэч не падыходзіць па колеры, перастала падабацца і г. д. Абавязковая ўмова – тавар павінен быць непашкоджаным з этыкеткай, добра, калі застаўся чэк. А патрабаванне пакупніка аб вяртанні заплачанай за тавар сумы павінна быць неадкладна задаволена прадаўцом не пазней за сем дзён, пры неабходнасці экспертызы – 14 дзён.
У выпадку, калі прадавец ці выканаўца паслугі адмаўляецца задаволіць законнае патрабаванне спажыўца добраахвотна, можна звяртацца ў суд з іскам аб абароне правоў спажыўцоў па месцы жыхарства істца ці па месцы знаходжання адказчыка.
У мінулым годзе і ў нашым раёне адна з такіх спраў вырашылася ў судовым парадку. Ляхавічанка ў жніўні заказала ў баранавіцкай фірме модульную кухню, якую павінны былі прывезці праз 45 дзён. Аформілі дагавор, у якім прапісаны і тэрміны, і сума. Жанчына заплаціла аванс. Аднак, праз указаны час кухню так і не прывезлі. Потым перасталі адказваць на тэлефонныя званкі заказчыцы… Жанчына напісала зварот у кнігу заўваг і прапаноў, але адказ не атрымала. Тады яна звярнулася ў наш аддзел, мы дапамаглі скласці іск аб абароне правоў спажыўца і з ім звярнуліся ў суд. Дарэчы, у такім выпадку дзяржпошліна за іскавую заяву не бярэцца. Суд, які праходзіў у Мінску (па месцы рэгістрацыі юрасобы), разгледзеў справу і поўнасцю задаволіў іск заяўніцы. Ёй, нарэшце, са спазненнем у чатыры  месяцы даставілі кухню, вярнулі грошы за карыстанне яе авансам, выплацілі няўстойку за пратэрмінаваную дастаўку тавару і выплацілі 500 рублёў у якасці кампенсацыі за нанясенне маральнай шкоды.
Хачу адзначыць, да суда лепш не даводзіць, гэта не выгадна кожнаму з бакоў, бо трацяцца не толькі грошы, але і час, нервы, псуецца настрой.

Даўно трымаю павільён на рынку. Маю і пастаянных пакупнікоў. Некаторым прывожу тавар па папярэднім заказе. Ніколі не чула ніякіх скаргаў ні на тавар, ні на абслугоўванне. А нядаўна адна пакупніца мяне абразіла, маўляў, вельмі дорага каштуе куртка… Куды я магу паскардзіцца?  Таццяна, г. Ляхавічы.
– Сапраўды, іншы раз і пакупнікі вядуць сябе не лепшым чынам – абражаюць, палохаюць   зневажаюць. А трэба ўсяго толькі граматна, дакладна і карэктна выказаць сваю нязгоду, зварот ці прапанову. Давайце будзем узаемаветлівымі.
Што датычыць вашага пытання, то згодна з артыкуламі 152, 153 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, грамадзянін, якога зняважылі, можа звярнуцца ў суд з заявай аб абароне гонару і годнасці. Ёсць сэнс патрабаваць у данай  іскавай заяве грашовую кампенсацыю маральнай шкоды. Таго, хто зневажаў, могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці згодна з артыкулам 10.2 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Для гэтага неабходна звярнуцца з заявай у РАУС па месцы жыхарства.

– Ці абавязкова ў магазінах павінны ўказваць не толькі цану  непасрэдна тавару, але і за кілаграм ці літр?
Віктар Паўлавіч,  Ляхавіцкі раён.

– Адпаведна пункта 44 Правілаў продажу асобных відаў
тавараў, у магазінах, павільёнах, аўталаўках, інтэрнэт-магазінах пры ўказанні цаны харчовых прадуктаў, маса ці аб’ём якіх складае менш ці больш за кілаграм ці літр, прадавец абавязаны ўказваць на цэнніках, у іншых крыніцах інфармацыі кошт тавару і цану за кілаграм і літр.
Цана кілаграма ці літра не ўказваецца на цэнніках алкагольных і слабаалкагольных напіткаў, яек, соусаў, а таксама
прадуктаў вагой (аб’ёмам) менш за 50 грамаў (мілілітраў), напрыклад, зяленіва ці прыпраў. Больш таго, з 2 красавіка сёлета ўступаюць у сілу змяненні Правілаў продажу. Згодна з імі памер шрыфту ў інфармацыі пра кошт прадуктаў за кілаграм ці літр павінен быць не менш за палову шрыфту, што выкарыстоўваецца для ўказання цаны за адзінку такога тавару. Нагадаю, невыкананне патрабаванняў заканадаўства па афармленні цэннікаў з’яўляецца парушэннем правілаў гандлю і прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць: штраф у памеры да дзесяці базавых велічынь (частка 1 артыкула 13.11 КоАП). Аналагічнае парушэнне, учыненае паўторна на працягу года, будзе «каштаваць» даражэй –
штраф ад 10 да 30 БВ.

Хто ў нашым раёне кантралюе цэны, і ці праводзіцца нейкі аналіз іх росту?
Кацярына Пятроўна, Ляхавіцкі раён.

– Кантроль за ростам цэн на  спажывецкія тавары ажыццяўляе райвыканкам у рамках кампетэнцыі. Падчас штотыднёвых маніторынгаў гандлёвай сеткі раёна спецыялісты аддзела эканомікі адсочваюць цэны на асноўныя групы тавараў. Калі выяўляюцца факты неабгрунтаванага павелічэння цаны тавараў, інфармацыя накіроўваецца ў аблвыканкам. КоАП прадугледжвае адказнасць за парушэнне ўстаноўленага парадку фарміравання і прымянення цэн ці тарыфаў як для суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, так і для службовай асобы. Для маніторынгу і аператыўнага рэагавання на значнае павышэнне цэн і тарыфаў на тавары і паслугі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю адкрыла тэлефонную лінію. Пазваніць можна па нумары 8-017-200-92-02 і паведаміць пра значны рост цэн. Такія званкі не рэгіструюцца ў якасці зваротаў грамадзян, таму адказы на іх спецыялісты ведамства не адпраўляюць.
Напрыканцы мінулага года спецыялісты аддзела эканомікі маніторылі цэны ў магазінах розных формаў уласнасці. Быў заўважаны значны рост цэн на папулярныя перад навагоднімі святамі цытрусавыя.

Збіраліся невялікай кампаніяй адзначыць дзень нараджэння ў
кафэ. Зрабілі заказ, унеслі аванс. Замест васьмі чалавек прыйшлі пяць. Калі разлічваліся, адміністратар выставіў рахунак за восем чалавек. Ці правільна паступілі ў кафэ?
Мікіта, г. Ляхавічы.

– Адміністратар паступіў правільна толькі ў тым выпадку, калі ўвесь заказ на восем порцый быў выкананы –  выстаўлены на стол ці перададзены кліенту. У адмоўным выпадку выстаўляецца рахунак па факце прадастаўленых страў. Так што вы маглі не плаціць за ўвесь заказ.

Дзіяна Аляксандраўна, дапамажыце разабрацца ў сітуацыі. Нядаўна ў адным з магазінаў выбірала рыбныя прэсервы і вымазала верхняе адзенне ў разліты алей. Звярнулася з прэтэнзіяй да прадаўца, якая адказала, што вінаватыя пакупнікі, якія пашкоджваюць упакоўку.
Святлана Аляксееўна, Ляхавіцкі раён.

– Адказнасць за выкладку тавару нясе персанал магазіна. Калі ўпакоўка пашкоджана, то тавар неабходна зняць з продажу альбо памяняць упакоўку. Таму я б параіла напісаць зварот у кнігу заўваг і прапаноў, калі не ўдалося вырашыць праблему. Наймальнік абавязаны правесці разбіральніцтва і пакараць вінаватага. Дарэчы, ведаю выпадак, калі пакупнік, апрануты ў норкавае футра, вымазаў яго таксама ў разліты ў магазіне алей. Магазіну давялося аплачваць хімчыстку
футра, што абышлося гандлёваму цэнтру ў немалую суму.

– Пакупнік, незадаволены таварам ці дзеяннямі прадаўца, патрабуе кнігу заўваг і прапаноў, каб у пісьмовай форме пазначыць свае прэтэнзіі. Але не заўсёды ён яе атрымлівае. Які далейшы алгарытм дзеянняў пакупніка ці кліента?
Пытанне ад «ЛВ».

– Па першым патрабаванні пакупніка прадавец абавязаны прадаставіць яму кнігу заўваг і прапаноў, якая павінна знаходзіцца ў кожным гандлёвым аб’екце, у тым ліку на кожным гандлёвым месцы на рынку, аб’екце грамадскага харчавання. Прадавец не мае права патрабаваць у пакупніка дакумент, які сведчыць асобу. Пакупнік не павінен тлумачыць прычыну, па якой у яго ўзнікла неабходнасць унесці запіс у даную кнігу. Запісы, якія ўносяцца пакупніком у кнігу заўваг і прапаноў, разглядаюцца адміністрацыяй не пазней за 15 дзён, а звароты, што патрабуюць дадатковага вывучэння і праверкі, – не пазней за месяц. Пакупніку накіроўваецца адказ.
Калі кліенту ці пакупніку адмаўляюць у выдачы кнігі заўваг і прапаноў, ён мае права звярнуцца са скаргай у РАУС. Прадаўцу пагражае штраф у памеры да дзесяці базавых велічынь. Нядаўна да такой адказнасці была прыцягнута адзін з прадаўцоў магазіна ў нашым райцэнтры, якая сістэматычна адмаўляла пакупнікам у выдачы кнігі заўваг і прапаноў.
Звярну ўвагу, што за кансультацыяй і дапамогай па пытаннях абароны правоў спажыўцоў вы можаце звярнуцца ў райвыканкам у аддзел эканомікі, у галоўнае ўпраўленне гандлю і паслуг Брэсцкага аблвыканкама, а таксама ў грамадскія аб’яднанні спажыўцоў, якія
бясплатна даюць кансультацыю па пытаннях абароны правоў спажыўцоў.

На прамой лініі працавала  Галіна КАНЬКО.

У ТЭМУ

Сёлета Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў праводзіцца пад дэвізам «Барацьба з забруджваннем пластыкавымі матэрыяламі». Гэта сапраўды глабальная праблема, якая патрабуе скаардынаваных мер і рашэнняў ва ўсіх краінах. Разумны падыход да выкарыстання, утылізацыі і перапрацоўкі пластыкавых матэрыялаў накіраваны на захаванне прыродных рэсурсаў і спрыяльнага экалагічнага асяроддзя.
У Беларусі на дзяржаўным узроўні прымаюцца меры, накіраваныя на паэтапнае зніжэнне выкарыстання палімернай упакоўкі з яе заменай на экалагічна бяспечную, у тым ліку са шкла
і паперы.
З 1 студзеня 2021 года ў нашай краіне ўстаноўлена забарона на выкарыстанне і продаж на аб’ектах грамадскага харчавання аднаразовага пластыкавага посуду – пластыкавыя нажы,
відэльцы, лыжкі, палачкі для размешвання напіткаў, кружкі, кантэйнеры, каробкі, ланч-боксы, бутэлькі, за выключэннем упакоўкі для кулінарных паўфабрыкатаў і кандытарскіх вырабаў.