Дарожная вахта. Ва ўзмоцненым рэжыме працавалі ў выхадныя супрацоўнікі АДАІ Ляхавіцкага РАУС
З 5 па 8 сакавіка Дзяржаўтаінспекцыя вобласці несла вахту на вясковых дарогах Брэстчыны. Ва ўзмоцненым рэжыме працавалі і супрацоўнікі АДАІ РАУС. На іх маршруце былі дарогі Альхоўскага, Жарабковіцкага і Крывошынскага сельсаветаў.
На дзяжурства па выяўленні злосных парушальнікаў ПДР міліцыя заступіла ў восем гадзін раніцы 5 сакавіка. На тэрыторыі Крывошынскага сельсавета складзены тры пратаколы за невыкананне ПДР вадзіцелямі, адзін з якіх аказаўся бяспраўнікам. З пяці пешаходаў-парушальнікаў адзін знаходзіўся ў нецвярозым стане.
6 сакавіка адпрацоўваліся дарогі Альхоўскага сельсавета, дзе сёлета зарэгістравана адно ДТЗ са смяротным зыходам. У час праверкі ў поле зроку міліцыянераў трапілі чатыры вадзіцелі і чатыры пешаходы, з якіх адзін быў пад градусам.
8 сакавіка напачатку шостай гадзіны вечара пад увагай АДАІ – праезныя часткі Жарабковіцкага сельсавета. Летась тут здарыліся тры ДТЗ, адзін чалавек загінуў і пяць былі траўмаваны. Падчас вахты спынены пяць вадзіцеляў, якія парушылі ПДР: тры ўдзельнічалі ў дарожным руху без допуску і два не былі прышпілены рамянямі бяспекі. Вылучыліся і тры пешаходы, з якіх адзін знаходзіўся ў нецвярозым стане.
У гэтыя выхадныя АДАІ будзе дзяжурыць на дарогах Востраўскага, Ганчароўскага і Навасёлкаўскага сельсаветаў.
Аляксандр АНІКЕВІЧ, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ.