Беларусь. Пашпарт. Мы. У дзяржаўнае свята юныя беларусы атрымліваюць свой галоўны дакумент

Наш агульны дом – Беларусь. Тут утульна людзям розных канфесій і нацыянальнасцяў, тут берагуць мір і бяспеку. Напярэдадні Дня Канстытуцыі ва ўсіх абласных гарадах і раённых цэнтрах, ва ўстановах адукацыі праходзіць Усебеларуская акцыя «Мы – грамадзяне Рэспублікі  Беларусь!».

Важная і важкая традыцыя, калі юныя беларусы ў адно з галоўных святаў краіны атрымліваюць свой галоўны  дакумент – пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь ва ўрачыстай абстаноўцы з рук аўтарытэтных людзей. У гэтым і пераемнасць пакаленняў, і выхаванне патрыятызму. А яшчэ разуменне, што разам з правамі і магчымасцямі, прапісанымі ў Канстытуцыі, у кожнага грамадзяніна маюцца абавязкі і адказнасць за сябе, бацькоў і Айчыну.


У Дзень Канстытуцыі ў ГДК поўная  зала – навучэнцы школ раёна і
аграрнага каледжа, педагогі. Урачыстая цырымонія ўручэння пашпартоў маладым грамадзянам Рэспублікі Беларусь аб’яўляецца адкрытай. Гучыць гімн Рэспублікі Беларусь. На сцэне старшыня райвыканкама Мікалай Мароз уручае 14-гадовым юнакам і дзяўчатам пашпарты.  Віншаванні са знамянальнай падзеяй і пажаданні ад кіраўніка  раёна – поспехаў і стараннасці, быць сапраўднымі патрыётамі Айчыны.
Разам з пашпартам юныя ляхавічане атрымалі памятны падарунак ад райвыканкама – экзэмпляр Канстытуцыі краіны.
Першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ Яўгеній Сініла ўручыў дваццаці школьнікам членскія білеты грамадскага аб’яднання. Адзначыў, што акцыя «Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь!», прысвечаная Дню Канстытуцыі, ініцыявана 17 гадоў назад менавіта Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і атрымала агульнанацыянальны статус.
Урачыстасць у святочны дзень надавалі нумары мастацкай самадзейнасці ў выкананні навучэнцаў школ раёна, выхаванцаў Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў і самадзейных калектываў ГДК.
Галоўны атрыбут грамадзяніна атрымалі з рук старшыні райвыканкама восем юных ляхавічан. Слова некаторым з іх.

Дзіяна ЗУБІК, васьмікласніца СШ №1:
– 15 сакавіка стала для мяне хвалюючым і важным. Вельмі прыемна атрымаць пашпарт з рук кіраўніка раёна, які пажадаў мне поспехаў і дасягнення пастаўленай мэты. Разумею, што на нас, школьнікаў, ускладаюцца абавязкі. І адзін з іх – добра вучыцца і любіць сваю Радзіму.

Цімур ГАЛУШКА, сямікласнік Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча:
– Не ўяўляў, што ўручэнне пашпарта пройдзе ў такой урачыстай атмасферы. Спадабалася літаральна ўсё. Асабліва ўразіла, што я быў адзін з тых, каго выклікалі на сцэну. Канстытуцыю, якую мне падарыў старшыня райвыканкама, абавязкова перачытаю, і не адзін раз, каб Асноўны Закон краіны ведаць і выконваць.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.