Санітарны авангард. Ляхавіцкі райЦГіЭ – лепшы сярод аналагічных медыцынскіх устаноў у краіне

Ляхавіцкі райЦГіЭ – лепшы сярод аналагічных медыцынскіх устаноў у краіне. Гэта пацвердзіў штогадовы рэспубліканскі агляд якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва.

– Уся справа ў калектыве, ён у нас дружны, зладжаны, правераны часам, і самае галоўнае – кожны на сваім месцы прафесіянал, выдатна спраўляецца з ускладзенымі абавязкамі. Узаемавыручка, дапамога, падтрымка – таксама пра нас. Вопытныя калегі актыўна дапамагаюць навічкам у прафесіі, моладзь прыносіць новыя веды, укараняе іх у практыку. Магу сказаць за кожнага, што мы любім сваю работу, разумеем яе важнасць, –  тлумачыць галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў.
Каб атрымаць статус узорнага, прэтэндэнту на перамогу неабходна было адпавядаць пэўным крытэрыям. Так, на Ляхавіччыне назіраецца ўстойлівае зніжэнне захворвання інфекцыйнымі хваробамі, напрыклад, за апошнія гады больш чым у два разы зменшылася колькасць хворых на туберкулёз. Па іншых інфекцыях таксама істотны мінус.
– Такі паказчык стаў магчымы, дзякуючы мэтанакіраванай рабоце па папулярызацыі сярод насельніцтва вакцынацыі. Штогод
40 працэнтаў жыхароў раёна прышчапляецца супраць грыпу. Вынік не прымусіў сябе чакаць, калі і фіксуюцца выпадкі грыпу, то яны разавыя. Прыемна адзначыць і зацікаўленасць кіраўніцтва шэрага прадпрыемстваў у захаванні здароўя сваіх работнікаў, маю на ўвазе вакцынацыю за кошт гэтых арганізацый. Выконваецца і каляндар прышчэпак сярод дзяцей і дарослых, – разважае галоўны ўрач райЦГіЭ.
У зоне адказнасці службы – і навакольнае асяроддзе. Супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, у тым ліку, манітораць якасць водаправоднай і калодзежнай вады. Адзначаюць, што ў горадзе пасля ўвядзення ў эксплуатацыю станцыі абязжалезвання яна істотна палепшылася. Што тычыцца сельскай мясцовасці, то там праблемы ёсць, але і яны будуць вырашацца будаўніцтвам такіх жа станцый. Дзякуючы шэрагу мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні афіцыйных зон адпачынку, палепшыліся мікрабіялагічныя паказчыкі вады на рэках Шчары і Ведзьме, дзе за апошнія гады практычна не ўводзілася забарона на купанне.
Істотныя зрухі да лепшага, у тым ліку і па прычыне пастаяннага кантролю і маніторынгу, рэйдаў з боку райЦГіЭ ва ўзаемадзеянні з землеўпарадкавальнай службай, райінспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, сельвыканкамамі, і ў плане добраўпарадкавання. Чысціні, парадку стала больш, а вось колькасць несанкцыянаваных сметнікаў істотна зменшылася.
Здароўе выхаванцаў дзіцячых садкоў, школьнікаў – таксама клопат спецыялістаў райЦГіЭ. Датычыцца гэта не толькі якасці, выканання нормаў у харчаванні дзяцей, але і штучнага асвятлення, адпаведнасці мэблі ўзросту, стану раздзявальняў, харчаблокаў, сталовак, спартыўных залаў.

Васілій Скараход, Леанарда Шынгель, Ларыса Кендыш


Пандэмія каранавіруса ў чарговы раз паказала прафесіяналізм і зладжанасць дзеянняў супрацоўнікаў райЦГіЭ. Яны хутка ўключыліся ў барацьбу супраць COVID-19. Пад пастаяннай увагай – выка-
нанне супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, своечасовасць дэзынфекцыі ў медыцынскіх і навучальных установах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Пасля ўвядзення масачнага рэжыму супрацоўнікі санслужбы адсочваюць яго выкананне, праводзяць эпідрасследаванне кожнага выпадку хваробы.
– Раней, каб апрацаваць спецыяльнымі сродкамі памяшканні невялікай арганізацыі, інструктару-дэзынфектару Тамары Хілюціч пры ўсім яе прафесіяналізме патрэбна было паўдня. Дзякуючы спонсарскай дапамозе СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» і ААТ «Жарабковічы», набылі сучасны апарат – генератар халоднага туману. Цяпер такую працэдуру праводзім за гадзіну, – тлумачыць Віталій Ціханаў.
РайЦГіЭ сёння – гэта 29 чалавек, з якіх трое ўрачоў і 11 прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу: памочнікі ўрачоў, фельчары, дэзынфектары, іншыя работнікі. Прайшло 33 гады, як выпускнік медінстытута Васілій Скараход прыехаў па размеркаванні ў Ляхавіцкі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. З таго часу ў яго працоўнай кніжцы гэта адзіны запіс.

Юрый Лімант, Данута Багдановіч, Марыя Данільчык.


– Канешне, за больш чым тры дзесяцігоддзі ў нашай рабоце змянілася многае. Многія інфекцыйныя хваробы, якімі раней часта хварэлі нашы землякі, накшталт адру, дыфтэрыі, увогуле не рэгіструюцца. Усё дзякуючы, у тым ліку, шырокай інфармацыйнай кампаніі па папулярызацыі прышчэпак, якая паспяхова рэалізуецца і на Ляхавіччыне. Мне падабаецца справа, якой займаюся, калектыў, дзе працую, удзячны лёсу за гэта. Меў гонар пачынаць шлях у прафесію пад кіраўніцтвам выдатнага спецыяліста Валерыя Сямёнавіча Патупалы. Шмат гадоў працую разам з адданай сваёй справе і нашаму райЦГіЭ памочнікам урача-эпідэміёлага Валянцінай Бацкалевіч, – адзначае Васілій Скараход.
Профі ў сваёй справе памочнік урача-гігіеніста Данута Багдановіч. У прафесіі яна больш за тры дзесяцігоддзі, па сумяшчальніцтве прафсаюзны лідар райЦГіЭ.
– Больш за 20 гадоў спецыялізавалася на гігіене харчавання, потым – камунальнай. Кожны напрамак важны, патрабуе дакладнасці і аб’ектыўнасці. Але я люблю работу. Шанцуе мне і на калег. Самым галоўным настаўнікам лічу Ірыну Уладзіміраўну Літвіненка, якая зараз на заслужаным адпачынку. Вопыт пераймала і ў Валянціны Лявонцьеўны Ланкуць, – расказвае Данута Багдановіч.
– Вопытныя калегі – аснова асноў нашага дружнага калектыву. Але і моладзь прыходзіць дастойная – мэтанакіраваная і ініцыятыўная, якая не баіцца прымаць рашэнні, – адзначае Віталій Ціханаў.
Ён, дарэчы, без малога два дзесяцігоддзі ўзначальвае калектыў. Змог не толькі захаваць напрацаванае яго папярэднікамі, але і выпрацаваць стратэгію, якая прывяла да поспеху. Маладое папаўненне – гэта ўрач-гігіеніст Вольга Палюховіч і фельчар-валеолаг Марыя Данільчык.
– Два гады працую тут. Лічу, мне надзвычай пашанцавала рабіць першыя крокі ў прафесіі менавіта ў такім зладжаным калектыве. Пашчасціла працаваць з Валянцінам Скарынам і Васіліем Скараходам, шмат чаму вучуся ў галоўнага ўрача Віталія Ціханава. А які каласальны вопыт атрымала за мінулы год, калі змагаліся з каранавірусам, прадаўжаем гэту барацьбу і цяпер, – адзначае Вольга Палюховіч.
«Веснікаўцам» нярэдка даводзіцца працаваць ва ўзаемадзеянні са спецыялістамі райЦГіЭ: рэйды па добраўпарадкаванні, маніторынгі па выяўленні нядбайных гаспадароў, выкананні санітарных нормаў і правілаў ва ўстановах і арганізацыях, у магазінах і сталоўках, пытанні вакцынацыі і г. д. І кожная такая сустрэча – пацвярджэнне высокага прафесіяналізму людзей у белых халатах, чыя прафесія – стаяць на варце санітарна-эпідэміялагічнага  дабрабыту землякоў.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Вольга Шчарбакова (злева) падчас маніторынгу.
Тамара Хілюціч.