Падлессе ў чаканні газу і «Дажынак». Правядзенне раённага свята «Дажынкі» і падвядзенне ў аграгарадок Падлессе прыроднага газу сярод іншых абмяркоўваліся на чарговым сходзе па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння

Правядзенне раённага свята «Дажынкі» і падвядзенне
ў аграгарадок Падлессе прыроднага газу сярод іншых абмяркоўваліся на чарговым сходзе па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння.

Свяціца, Ліпск, Малое Гарадзішча, Востраў і Падлессе. Маршрут, па якім сходы грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння прайшлі ўжо. Аграгарадок Падлессе, куды старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз і старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід  Калбаса, кіраўнікі шэрага аддзелаў райвыканкама і асобных прадпрыемстваў раёна прыбылі ў мінулы чацвер, быў чарговым прыпынкам. Але не апошнім: далей – усюды.

Пад знакам «Дажынак»
Падлескі сельскі Дом культуры, у якім праводзіўся сход, сустракаў удзельнікаў слядамі даволі свежых «раскопак» на ўваходзе ў памяшканне. І гэта добры знак, прыемная і важная для жыхароў аграгарадка навіна: сведчанне таго, што ў СДК праведзены пэўны этап рамонтных работ, прымеркаваных, у тым ліку, і да раённага свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Так, ушаноўваць сваіх хлебаробаў ляхавічане ў 2021 годзе будуць у Падлессі. Калі ўсё пойдзе па плане, без форс-мажору, адбудзецца гэта ў жніўні адначасова са святам вёскі.
– Калектыў ААТ «Жарабковічы» з’яўляецца актыўным удзельнікам усіх раённых мерапрыемстваў, займаючы, як правіла, прызавыя месцы. Дзякуючы дзейнасці прадпрыемства, нам выпала ганаровая місія правесці ў аграгарадку Падлессе раённае свята «Дажынкі-2021», – адзначыла ў сваім выступленні старшыня Жарабковіцкага сельскага выканаўчага камітэта Ніна  Булатая.
Акрамя СДК, ужо рамантуецца мясцовая амбулаторыя, у планах – абнавіцца-аднавіцца з будынкамі, вуліцамі, агароджамі і іншае.

Аптымістычная  дэмаграфія
У склад Жарабковіцкага сельсавета ўваходзяць 17 населеных пунктаў. Ад малых Свісткоўшчыны і Трабавіч, дзе пражываюць усяго па некалькі чалавек, да цэнтральных Жарабковіч, колькасць насельніцтва якіх складае 571 чалавек. Падлессе ў гэтым спісе займае другое месца. На сённяшні дзень аграгарадок з’яўляецца домам для
520 чалавек. У чым заключаецца дэмаграфічны аптымізм? Падлессе – адзін з двух населеных пунктаў на тэрыторыі сельсавета, дзе ў 2021 годзе колькасць пражываючых няхай нязначна, аднак павялічылася ў параўнанні з мінулым годам. Яшчэ толькі вёска Сваятычы мае падобную – у плюс – насельніцкую тэндэнцыю.

Зямля падлеская,  урадлівая
Пра ўрадлівасць тамтэйшых зямель добра вядома. Як і пра працавітасць, руплівасць, прадпрымальнасць, таленавітасць мясцовых жыхароў. Яскравым прыкладам таму можа служыць хор імя Цітовіча, які «вырас» на гэтых землях. У сельскагаспадарчым плане адзначым некалькі фермерскіх гаспадарак, што дастаткова даўно і паспяхова вядуць сваю вытворчую дзейнасць. Але калі мы гаворым Падлессе, памятаем пра ААТ «Жарабковічы» – галоўнага ў гэтай лакацыі ды і ва ўсім раёне сейбіта і жывёлавода.

Гаворым Падлессе,  памятаем пра  «Жарабковічы»
Буйнейшае, мацнейшае, класічнае, але і адмысловае – авечкагадоўля, свая ўстаноўка па вытворчасці рапсавага  алею – сельскагаспадарчае акцыянернае таварыства агульнай зямельнай плошчай амаль у
14 тысяч гектараў і колькасцю буйной рагатай жывёлы  9200 галоў.
За мінулы год валавы збор збожжавых склаў 22,16 тысячы тон пры сярэдняй ураджайнасці больш за 62 цэнтнеры. Яшчэ бульба, цукровыя буракі і рапс. Пры ўраджайнасці 36 цэнтнераў з гектара апошняга сабрана амаль 4 тысячы тон, з якіх 2,1 тысячы перапрацавана ў алей. Штодзённа на Ляхавіцкі малочны завод гаспадарка рэалізуе 44 з паловай тоны малака.
За апошнія пяць гадоў уведзены ў эксплуатацыю два сучасныя малочна-таварныя комплексы – «Чашчы» і «Зарытава». І бу-
дзе рост: на сходзе аб’яўлена  пра канчаткова прынятае рашэнне будаваць яшчэ адзін  сучасны МТК у Падлессі,  што дасць прыкладна тры  дзясяткі месцаў для працаўладкавання.

Сход
Да пачатку сходу аншлагу не назіралася.
– Народ уходжваецца – выказаў няўпэўненую здагадку адзін з яго наведвальнікаў. Як аказалася, меў рацыю: людзі падышлі. Уважліва слухалі «спікераў» за трыбунай, не саромеліся праяўляць цікавасць, дыскутавалі нават. Афіцыйны парадак дня ўтрымліваў каля дзясятка пытанняў. Агульнае, што іх аб’ядноўвала, – тое, што яны грунтаваліся вакол тэмы жыццезабеспячэння. Медыцына, адукацыя, прававыя, дарожныя, камунальныя пытанні. Вялікай і, як можна меркаваць, гарачай ва ўсіх сэнсах тэмай з’яўляецца  перспектыва забеспячэння мясцовых тэрыторый прыродным газам. Тут жа была ўнесена дакладнасць.
– Падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя.
І спадзяёмся, што ў 2021 годзе на тэрыторыю сельсавета будзе падведзены газ, – адзначыла Ніна Булатая.

Пытанне нумар восем –  адказы  на пытанні
Пытанняў з месцаў было многа і розных. Людзей цікавіла магчымасць пачысціць-уладкаваць вадаём, што знаходзіцца прыкладна на паўшляху паміж Падлессем і Шавялямі.
Тэма будучай газавай трубы гучала неаднойчы, у розных ракурсах і ад розных прамоўцаў.
Людзі цікавіліся работай фізіятэрапеўтычнага кабінета мясцовай амбулаторыі, верагоднасцю рамонту некаторых вуліц. І наадварот: за якаснае асфальтаванне вуліцы Першамайскай у аграгарадку Падлессе прагучала падзяка. Здаецца, іменна дарожная і камунальная тэмы падымаліся найбольш часта і нярэдка востра. Прагучаў «заказ» на будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі, быў зададзены шэраг іншых пытанняў. Адказы на многія з іх былі знойдзены тут жа, вырашэнню іншых паабяцана садзейнічаць, асобныя прыняты да ўвагі, пастаўлены на кантроль.
Як сказаў, падсумоўваючы дыялог старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз, сустрэча атрымалася карыснай, прагучалі вельмі цікавыя прапановы – пра возера, дзіцячую пляцоўку і іншыя. Неабходна працягваць рабіць тое добрае, што ўжо зроблена і робіцца. Ніхто не прыйдзе да нас і не навядзе парадак. Трэба ўдумліва працаваць. Усё, што зроблена, у тым ліку і ў плане падрыхтоўкі да «Дажынак», нам жа застанецца, дзецям,  унукам – будучым пакаленням.
– Хочацца перадаць слова культуры. Вас яшчэ чакае сёння канцэрт, – завяршыў кіраўнік раёна.
– Дзякуй за канструктыўную размову, – голасам аднаго з удзельнікаў сходу адказала зала.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.