Палачка нябачная, але небяспечная. 24 сакавіка ў календары здароўя пазначана як Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам

Нягледзячы на разнастайныя прафілактычныя мерапрыемствы, новыя метады лячэння, гэта хвароба застаецца адной з самых небяспечных і распаўсюджаных. Толькі некалькі фактаў: кожную секунду ў свеце інфіцыруецца туберкулёзам адзін чалавек. Ад прагрэсіруючых формаў хваробы штогод паміраюць каля пяці мільёнаў чалавек.
Якая сітуацыя з захворваннем на Ляхавіччыне, на што неабходна звяртаць увагу кожнаму з нас, каб не трапіць у палон да туберкулёзу, пра меры прафілактыкі хваробы, яе прычыны і сімптомы,
а таксама метады лячэння і рэабілітацыі расказваюць урач-фтызіятр УАЗ «Брэсцкі АСТД» Таццяна МАЛЯР і ўрач-эпідэміёлаг райЦГіЭ Васілій СКАРАХОД.

Таццяна МАЛЯР:
– Апошнім часам сітуацыя з захворваннем на туберкулёз у Ляхавіцкім раёне хоць і пачала стабілізавацца, аднак па-ранейшаму застаецца вышэй абласных паказчыкаў. Летась  па нашым раёне зарэгістравана 20,8 выпадкаў на тысячу насельніцтва (абласны паказчык – 14,33), у 2019 годзе – 44,4. У мінулым годзе ўпершыню такі дыягназ пастаўлены пяці жыхарам Ляхавіччыны, прычым ва ўсіх туберкулёз менавіта органаў дыхання. Дарэчы, з пяці новых выпадкаў – тры ў людзей з алкагольнай залежнасцю, адзін хворы мае дыягназ «цукровы
дыябет». Найбольш выпадкаў туберкулёзу фіксуецца сярод  сельскага насельніцтва.
Сярод выяўленых выпадкаў 60 працэнтаў прыпадае на прафілактычныя агляды. Летась у нашым раёне памёр ад туберкулёзу адзін чалавек.

Васілій СКАРАХОД:
– Туберкулёз – хвароба інфекцыйная, часцей за ўсё пакутуюць органы дыхання. Але пад яе прыцэл могуць трапіць косці, суставы, вочы, скура, ныркі і іншыя органы. Пры любой лакалізацыі працэсу ўдар прыпадае не толькі на пашкоджаны орган, але і на ўвесь арганізм. Узбуджальнікам хваробы з’яўляецца туберкулёзная мікабактэрыя, якую ўпершыню выявіў нямецкі вучоны Роберт Кох у 1882 годзе.
Механізм развіцця туберкулёзу наступны: палачкі Коха трапляюць у арганізм здаровага чалавека ад хворага ў большасці выпадкаў паветрана-кропельным шляхам – пры размове, кашлі, чханні. Людзі з туберкулёзам выдзяляюць у паветра вялікую колькасць бактэрый, якія доўгі час захоўваюцца ў памяшканні, калі яно дрэнна праветрываецца.
Таксама заражэнне адбываецца пры карыстанні агульнымі з хворым ручніком, посудам, іншымі прадметамі хатняга ўжытку.
Туберкулёзныя палачкі, трапіўшы ў арганізм, могуць доўгі час там знаходзіцца, але пры гэтым не выклікаць захворванне. Верагоднасць падхапіць хваробу складае 5 – 10 працэнтаў і залежыць, галоўным чынам, ад індывідуальнай устойлівасці арганізма.

Таццяна МАЛЯР:
– Садзейнічаць развіццю туберкулёзу можа любая сітуацыя, якая аслабляе імунітэт чалавека. Перш за ўсё такі «шанц» маюць людзі з алкагольнай, наркатычнай, тытунёвай залежнасцю, ВІЧ-інфіцыраваныя, хворыя з цукровым дыябетам. Правакатарам з’яўляецца і стрэс. Мікабактэрыі туберкулёзу разбураюць тканку лёгкіх, што прыводзіць да смерці або цяжкай інваліднасці.
Яшчэ адна небяспечная асаблівасць туберкулёзу ў тым, што ён доўгі час можа развівацца бессімптомна. У такім выпадку чалавек звяртаецца за медыцынскай дапамогай позна, і лячэнне патрабуе значна больш намаганняў і часу. Працяглы кашаль (больш за тры тыдні), які можа суправаджацца вы-дзяленнем макроты з крывёй, павышаная тэмпература цела, начная патлівасць, страта апетыту, стамляльнасць, пахудзенне пры звычайным харчаванні – асноўныя сімптомы туберкулёзу. Зразумела, што такія прыкметы могуць суправаджаць і іншыя хваробы. Таму пры іх узнікненні не адкладвайце, звярніцеся да ўрача агульнай практыкі ці ўрача-фтызіятра для правядзення больш дасканалай дыягностыкі. Калі вы заўважылі ў сябе ці сваіх блізкіх пералічаныя сімптомы, не займайцеся самалячэннем, не губляйце дарагі час. Чым раней пачата лячэнне, тым большая верагоднасць выздараўлення.

Васілій СКАРАХОД:
– Асноўным спосабам выяўлення туберкулёзу з’яўляецца флюараграфічнае абследаванне. А для пастаноўкі дыягназу «туберкулёз лёгкіх» іншых метадаў не існуе. Штогадовае флюараграфічнае абследаванне абавязкова павінны праходзіць грамадзяне, якія па родзе сваёй дзейнасці маюць высокую рызыку заражэння: работнікі ўстаноў аховы здароўя, адукацыі, гандлю, харчовых прадпрыемстваў, грамадскага харчавання, вадзіцелі аўтобусаў і іншыя.
Аснова прафілактыкі туберкулёзу ў дзяцей – вакцынацыя, яна праводзіцца нованароджаным на 3 – 5 дзень жыцця, а таксама імунадыягностыка (проба Манту, дыяскінтэст), рэнтгенаабследаванне дарослых, якія знаходзяцца ў бліжэйшым асяроддзі дзіцяці.

Таццяна МАЛЯР:
–Туберкулёз – хвароба, якая вылечваецца. Але ёсць абавязковая ўмова для выздараўлення – строгае выкананне рэжыму лячэння, а яно доўгае, ад 9 да 24 месяцаў, і абавязкова пад кантролем медыкаў. Сапраўды, супрацьтуберкулёзныя лякарствы могуць выклікаць непажаданыя рэакцыі арганізма, але такая рызыка для здароўя ў сотні разоў ніжэйшая, чым адмова ад курэння. Калі ўвогуле не звярнуцца за меддапамогай, то туберкулёз прывядзе да трагічнага фіналу – смерці хворага.
І яшчэ: важна не спыняць лячэнне, нават калі ваша самаадчуванне палепшылася, бо хвароба зноў можа вярнуцца ў больш цяжкай форме.

Васілій СКАРАХОД:
– Не забывайце пра прафілактыку. Павышайце ахоўныя сілы свайго арганізма,выконвайце правільны рэжым працы, рацыянальна і своечасова харчуйцеся. Варта адмовіцца ад шкодных звычак. Выконвайце правілы асабістай гігіены, рэгулярна праводзьце вільготнае прыбіранне і праветрывайце памяшканні.
Не рызыкуйце! Туберкулёзам можна захварэць незалежна ад узросту, статусу, матэрыяльнага становішча. Таму не ігнаруйце флюараграфічнае абследаванне і вакцынацыю. Нагадаю, любую хваробу, туберкулёз не выключэнне, лягчэй папярэдзіць, чым
лячыць.

Падрыхтавала  Галіна КАНЬКО.