Цяпло, вада і поліпрапіленавыя трубы. Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі сёння адзначаюць ляхавіцкія камунальнікі

Брыгада ўчастка аварыйна-тэхнічнай службы.

Сапраўды, камунгас – у кватэрах-дамах кожнага з нас. Ацяпленне, водазабеспячэнне, збор цвёрдых бытавых адходаў, аказанне бытавых і не толькі паслуг… Зона адказнасці арганізацыі надзвычай шырокая і перасякаецца з жыццёвымі інтарэсамі ўсіх нас. Сёння, у якасці віншавальнай  паштоўкі, напярэдадні прафесійнага свята камунальнікаў – расказ пра адно з падраздзяленняў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».

Майстры ўчастка АТС Юрый Жыжа
і Дзяніс Сакуць.
Слесар Уладзімір Бярнацкі і газаэлектразваршчык Андрэй Якушык.

Не работа – служба
Яна лічыцца адной з лепшых і, безумоўна, самай аператыўнай з ліку структур і падраздзяленняў многагаліновага прадпрыемства. Фармат работы – 24 на 7. Нават у законныя часы адпачынку сон чулы – у чаканні тэлефоннага званка і каманды «Збор». Гэта азначае, што недзе «прарвала трубу», «забіла каналізацыю», «адключылася ацяпленне», і патрэбна тэрміновае ўмяшанне.
– Бягучы ацяпляльны сезон прайшоў, можна сказаць, штатна і для нас параўнальна спакой-на, нягледзячы на суровасць і працягласць мінулай зімы. Лічу, сказалася, у тым ліку грунтоўная падрыхтоўка аб’ектаў ЖКГ да ацяпляльнага сезона, – гаворыць майстар аварыйна-тэхнічнай службы камунгаса Юрый Жыжа. Але і на завяршальным этапе ацяпляльнага сезона ў «аварыйшчыкаў» ЖКГ знаходзіцца шмат клопатаў.
– Іншым часам даводзіцца жыць на рабоце, – вобразна і не надта перабольшваючы сітуацыю расказвае калега Юрыя Дзяніс Сакуць.
Яны працуюць хоць поруч і ў дапаўненне адзін аднаму,
усё ж у кожнага свая змена, дзень і час, свая дзяжурная брыгада ў складзе квартэта слесараў-сантэхнікаў, газаэлектразваршчыка і вадзіцеля.
– Наш вадзіцель аўтамабіля валодае дадатковым «бонусам» –
ён яшчэ і на 30 працэнтаў слесар. Мае адпаведную падрыхтоўку, кваліфікацыю і прыкладна трэцюю частку стаўкі слесара-сантэхніка. Так што па прыбыцці на «заяўку» не сядзіць – дапамагае справіцца
з сітуацыяй. Асабліва калі выпадак складаны, тэрміновы, неабходна выканаць істотны аб’ём работ, –тлумачыць Дзяніс Сакуць.
Склад АТС камунгаса будзе не поўным, калі не ўзгадаць аварыйна-дыспетчарскую службу. У адрозненне ад дзяжурных брыгад, якіх на прадпрыемстве дзве, і дзяжураць яны па два дні запар з васьмі да дваццаці гадзін, дыспетчары кругласутачна знаходзяцца на службе.
У рэжыме анлайн трымаюць руку на пульсе функцыянавання камунальных сістэм горада і раёна. Ацяпленне, гарачае і халоднае водазабеспячэнне, водаадвядзенне – пра выпадкі ўзнікнення любой пазаштатнай сітуацыі ў адной з гэтых сістэм першымі даведваюцца яны – дыспетчары камунгаса. Аварыйныя брыгады дзейнічаюць па іх жа арыенціроўцы – што, дзе, як. Калі дом, кватэра неда-
атрымалі цяпла-вады, узніклі праблемы з каналізацыяй – гэты адрас становіцца іх маршрутам, лакацыяй іх, на даны момант, работы. І яна, несумненна, будзе выканана, а хуткую камунальную дапамогу вы знойдзеце ў асобе аварыйна-тэхнічнай службы.

Дыспетчар Аляксандр Собаль.
Слесар Сяргей Навумік.

Другі бок медаля
Але ж у ролі не толькі хуткай камунальнай дапамогі выступае АТС. Калі на іх гарызонце штыль, у моманты адсутнасці аварыйных выклікаў АТС гатова выканаць практычна любыя профільныя – сантэхнічныя – работы. Іх «след» лёгка знайсці ў шэрагу свежаадрамантаваных шматпавярховікаў у райцэнтры. У адным параўнальна нядаўна ўзведзеным у Ляхавічах двух-
павярховым жылым доме ўвесь комплекс сантэхнічных работ выкананы спецыялістамі ЖКГ, у тым ліку – работнікамі аварыйна-тэхнічнай службы: міні-кацельня, цёплая падлога, некалькі санвузлоў, разводка поліпрапіленавых труб пад гарачую і халодную ваду і іншае ў гэтым рэчышчы. Пастаянна працуюць з насельніцтвам для яго ж – насельніцтва – камфорту. Выконваюць заказы жыхароў горада і самых аддаленых вёсак раёна на самыя розныя сантэхработы. Напрыклад, па ўстаноўцы лічыльнікаў расходу вады, замене сантэхарматуры, што тычыцца сістэм ацяплення, водаадвядзення і іншыя. Пры гэтым, прайс камунгаса «сярдзітым» ніколькі не выглядае.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

З узнагародай!

За шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, асабісты ўклад у развіццё прадпрыемства, актыўную жыццёвую пазіцыю  і ў сувязі з прафесійным святам – Днём работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі – шэраг работнікаў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» адзначаны ўзнагародамі:
Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў –майстар участка «Жылфонд» Пётр ШУГАЕЎ;
Падзячным пісьмом раённага выканаўчага камітэта – інжынер-праграміст Андрэй ДОЛМАТ, аператар кацельні ўчастка «Кацельная гаспадарка» Міхаіл КАВАЛЬЧЫК, токар участка «Аўтатранспарт» Васілій КІШКЕВІЧ;
Падзячным пісьмом раённага Савета дэпутатаў –
майстар участка «Водаправодная гаспадарка» Сяргей ЖМЫРКО, вадзіцель аўтамабіля МАЗ  участка «Саначыстка» Дзмітрый ПАПКО.