Дружба з адукацыйным і культурным ухілам. Старшыня Ляхавіцкага райвыканкама са школьнікамі Жарабковіцкай СШ абмеркавалі актуальныя тэмы падчас ШАГа

Далучыць школьнікаў да абмеркавання актуальных тэм – адна з задач «ШАГа»
Кожны трэці чацвер ва ўстановах адукацыі працуе «Школа Актыўнага Грамадзяніна». На гэты раз адзіны дзень інфармавання прысвячаўся даце, якую хутка будзем адзначаць, – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.
У Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча выхаваўчы ўрок прайшоў з удзелам старшыні райвыканкама Мікалая Мароза і начальніка аддзела па адукацыі Святланы Якубоўскай.


Тэма размовы – «Беларусь і Расія: гісторыя станаўлення і развіцця Саюзнай дзяржавы». Школьнікі ўважліва слухалі вядучых, якія расказалі пра палітыка-эканамічнае і адукацыйна-культурнае сяброўства двух славянскіх народаў, развіццё саюзных адносін.
Важнейшыя пытанні развіцця Саюзнай дзяржавы вырашаюцца на шматлікіх форумах, сустрэчах, у тым ліку з удзелам першых асоб Беларусі і Расіі. Адна з перагаворных пляцовак, на якой прадстаўнікі дзелавых колаў могуць дамовіцца пра спосабы супрацоўніцтва і заключыць кантракт, – форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. На «Славянскім базары» ў Віцебску з 1998 года асобны дзень прысвечаны Саюзнай дзяржаве. Заснавана спецыяльная прэмія Саюзнай дзяржавы, якая прысуджаецца за творы літаратуры і мастацтва, што ўносяць вялікі ўклад ва ўмацаванне братэрства, сяброўства і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі-ўдзельнікамі. Гэтыя і іншыя аспекты беларуска-расійскага ўзаемадзеяння яшчэ раз прыгадалі старшакласнікі.


Пра тое, што заўтрашні дзень Саюзнай дзяржавы ў руках моладзі і для моладзі, гаварыў кіраўнік раёна. Маладым будаваць будучыню. Падмурак для гэтага –традыцыі, каштоўнасці, назапашаныя мінулым пакаленнем. Юнакам і дзяўчатам неабходна вучыцца, акрамя іншага, правільна выстройваць адносіны з іншымі людзьмі і краінамі. Як будзем жыць далей – залежыць ад кожнага. Гістарычна склалася, што два славянскія народы крочаць разам і маюць шмат агульнага, і адносіны гэтыя будуць працягвацца і далей. Моладзь дзвюх дзяржаў мае магчымасць удзельнічаць у разнастайных саюзных мерапрыемствах – алімпіядах, спартакіядах, фестывалях, злётах, склаліся традыцыі арганізацыі студэнцкіх атрадаў і г. д. Актуальнасць маладзёжнага складніка беларуска-расійскіх інтэграцыйных працэсаў не выклікае ніякіх сумненняў.
Беларусь – невялікая, але незалежная дзяржава, і нам ёсць чым ганарыцца. Наша тэхніка – МАЗы, БЕЛАЗы, трактары – вядома і за мяжой. Славіцца краіна і сваёй сельгаспрадукцыяй, працавітымі людзьмі, нагадаў старшыня райвыканкама. Мікалай Мароз расказаў рабятам пра час сваёй вучобы, прафесійны шлях і этапы кар’еры. Вучняў цікавіла, якія спецыялісты патрабуюцца ў раёне.
– Граматныя і кваліфікаваныя кадры, якія жадаюць працаваць, патрабуюцца заўсёды. Вам, школьнікам, важна вызначыцца са
сваімі інтарэсамі, выбраць прафесію па душы, у якой зможаце рэалізавацца і прынесці карысць грамадству, – падкрэсліў старшыня райвыканкама і заклікаў займацца спортам і весці здаровы лад жыцця, бо здароўе – аснова якаснага жыцця.
Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана
Якубоўская адзначыла, што веды і ўменні моладзі запатрабаваны ў розных сферах. Галоўнае – старанна вучыцца, ставіць мэту і ісці да яе.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.