Жарабковіцкі «Бровар». На палетках ААТ «Жарабковічы» Ляхавіцкага раёна кіпіць пасяўная работа
Замест таго, каб дэманстраваць магутную дынаміку, вясна даволі павольна адваёўвае сваё месца пад сонцам. І ў літаральным, і пераносным значэннях гэтага слова: дзённыя пад 20 градусаў цяпла могуць змяніцца начным нулём, а то і ўпасці да лёгкага мінуса
Працуем комплексна
Такія тэмпературныя шалі, канешне, не нагода, каб паставіць комплекс яравых палявых работ на піт-стоп, але правакуюць стрыманасць тэмпаў, прымушаюць аграрыяў дзейнічаць выбарна, глядзець, куды сёння ўжо можна з пасяўным агрэгатам, а якім палям неабходна падсушыцца. Даводзілася назіраць пейзаж: на адным палетку кіпіць пасяўная работа, на павышаных участках агрэгат суправаджаюць шчыльныя клубы пылу. На полі, што праз дарогу, у пары дзясяткаў метраў люстэркі адкрытай вады – так, што трактару з культыватарам даводзіцца выбіраць маршрут.
Акрамя аперацыі па закрыцці вільгаці аграрыі раёна гэтымі днямі актыўна стымулююць у рост азімыя пасевы зерневых і рапсу. На этапе выхаду з зімы падкормка азотам асабліва важная. У якасці ілюстрацыі да тэмы вясенніх падкормак азімых культур звернемся да рапсу. У гаспадарках раёна пасевы алейнай культуры складаюць каля трох тысяч гектараў. Перазімаваў добра, дэманструе перспектывы росту-развіцця. Галоўным сёння з’яўляюцца своечасовасць і паўната правядзення падкормкі. Па стане на пачатак красавіка, яе атрымалі больш за палову раённых рапсавых плошчаў. Тэмп задаюць «Жарабковічы», якія «накармілі» азотам ужо каля 70 працэнтаў пасеваў сваёй алейнай культуры. Між іншым, тутэйшыя пасевы з’яўляюцца самымі шырокімі сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна –
складаюць тысячу гектараў. Статус уладальніка ўстаноўкі па вытворчасці алею дыктуе расклад.
Жарабковіцкі «Бровар»
Броварства пачынаецца ў тым ліку і на жарабковіцкіх палетках – з вырошчвання ячменю адмысловых піваварных гатункаў. «Бровар», напрыклад. Як на адным з палёў гаспадаркі, дзе поўным ходам ішла сяўба якраз-такі гэтага сорту ячменю.
Новы пад індэксам К7 «Кіравец» пад кіраваннем Дзмітрыя Туціна вёў баразну вельмі роўна, патрэбна хутка, у адным тэмпе. Пасля кароткага прыпынку, выкліканага неабходнасцю дазапраўкі агрэгата фосфарным удабрэннем, не марудзячы ні хвіліны, Дзмітрый адправіўся на чарговыя кругі. Колькі іх будзе за амаль 12-гадзінны працоўны дзень? Па словах начальніка вытворчага ўчастка «Канюхі» Уладзіміра Адаські, сёння з сяўбой 106-гектарнага поля будзе завершана. А Дзмітрыя Туціна чакае змена лакацыі, новыя палі і новыя пасяўныя кругі. Сяўба ж толькі пачынаецца.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.