Яслі для кветак. Гэта пра цяпліцу КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкай ЖКГ», якая знаходзіцца на вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры

Яшчэ нядаўна яны толькі прарасталі з зямлі, набіраліся сіл, выпускалі першыя зялёныя парасткі, а цяпер узяліся ў рост. І кожны дзень пра іх клапоцяцца, даглядаюць: паліваюць, удабраюць, апырскваюць, сочаць за асвятленнем і тэмпературай. Такія паўсядзённыя клопаты ў кветкавых яслях – цяпліцы КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкай ЖКГ», якая знаходзіцца на вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры.

Тут шчыруюць работнікі ўчастка добраўпарадкавання камунгаса. Менавіта дзякуючы Наталлі Вітко, Вераніцы Кіршэўскай, Іне Зубік, наш горад хутка заззяе рознакаляровым дываном кветак і стане яшчэ больш прыгожым.
– Работы ў цяпліцы пачалі ў лютым, калі пасеялі кветкі. Цяпер у разгары пікіраванне раслін. Сёлета ў нас пасеяна каля 20 найменняў: цылозія, бегонія, аксаміткі, віёла, прымула, ільвіны зеў і іншыя. Зараз праводзім усе неабходныя маніпуляцыі, працэдуры ў цяпліцы. Як толькі ўстановіцца спрыяльная тэмпература паветра на вуліцы, будзем высаджваць нашых «выхаванцаў» на клумбах, а таксама ў падвясных кашпо. Канешне, да ўжо звыклых клумбаў далучацца і новыя. Распрацоўваем не толькі макеты, але і прадугледжваем новыя адрасы для кветкавага аздаблення гарадскіх вуліц. Некаторыя кветнікі, малыя архітэктурныя формы будзем літаральна поўнасцю пераафармляць. Спадзяёмся, што такія змяненні спадабаюцца і ляхавічанам, і гасцям раёна, – расказвае майстар участка добраўпарадкавання Ляхавіцкай ЖКГ Святлана Саласцеева.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.